Самую прыгожую дзяўчыну ў рэспубліцы абяруць сёлета адзінаццаты раз: тэлеканал АНТ, Міністэрства культуры і Нацыянальная школа прыгажосці абвясцілі пра пачатак кастынгаў на конкурс «Міс Беларусь — 2018».
Акрамя прывабнай знешнасці і стройнай фігуры, кандыдаткам ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў уключна трэба з'яўляцца грамадзянкамі Рэспублікі Беларусь, не быць замужам і не мець дзяцей, а таксама не мець на целе татуіровак і пірсінгу. Сярод іншых важных умоў — актыўная жыццёвая пазіцыя і бездакорная рэпутацыя. (Улічваючы, што «Міс Беларусь» па традыцыі прадстаўляе нашу краіну на самых прэстыжных міжнародных конкурсах, значэнне маюць нават фота ў сацыяльных сетках.)
Першы адбор прайшоў днямі ў Гомельскім цэнтры моды і прыгажосці «Хрустальная німфа». Далейшы графік кастынгаў такі: 28 студзеня — Віцебск, вул. Маякоўскага, 1 (Цэнтр культуры «Віцебск»); 1 лютага — Магілёў, вул. Першамайская, 10 (КЗ «Магілёў»); 3 лютага — Брэст, вул. Арджанікідзэ, 14 (Брэсцкая абласная філармонія); 4 лютага — Гродна, бульвар імя Ленінскага камсамола, 23 (Гродзенскі каледж мастацтваў); 10 і 11 лютага — Мінск, вул. Мельнікайтэ, 4 (Нацыянальная школа прыгажосці).
Фінал конкурсу «Міс Беларусь» адбудзецца ў маі ў сталіцы. Яго пераможца, акрамя адмысловай пераходнай кароны, атрымае буйны грашовы прыз ад арганізатараў.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/mis-belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/mis-belarus-2018