2 лютага у Нацыянальнай акадэміі навук адбудзецца ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 30-годдзю заснавання часопіса “Роднае слова”.
У мерапрыемства прымуць удзел кіраўніцтва і супрацоўнікі Акадэміі навук, прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, культуры, інфармацыі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, беларускія вучоныя, кіраўнікі педагагічных СМІ, настаўнікі, аўтары выдання.
Часопіс пачаў выходзіць у студзені 1988 года як штомесячнае навуковае і метадычнае выданне для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Першапачатковая яго назва — "Беларуская мова і літаратура ў школе”. Праз чатыры гады ён быў перарэгістраваны як "Роднае слова" і ўключаны ў Пералік навуковых выданняў вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусі для размяшчэння там вынікаў дысертацыйных даследаванняў па філалагічных навуках, мастацтвазнаўству, культуралогіі, педагогіцы.
Сярод аўтараў і чытачоў "Роднага слова" — вядомыя вучоныя, а таксама аспіранты і дактаранты з Беларусі і замежжа (Украіны, Балгарыі, Славакіі, Кітая, Японіі), выкладчыкі ВНУ, настаўнікі гімназій, ліцэяў, школ, бібліятэкары і супрацоўнікі музейных устаноў. На сённяшні дзень наладжана супрацоўніцтва з 32 аспірантамі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы.
За тры дзясяткі гадоў выданне размясціла на сваіх старонках 10 тысяч матэрыялаў! Часопіс спрыяў і спрыяе прафесійнаму станаўленню многіх айчынных вучоных.
"Роднае слова" — тройчы лаўрэат нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара" у намінацыі “Лепшыя матэрыялы навуковай і навукова-папулярнай тэматыкі” і “Лепшы часопіс навуковай і навукова-папулярнай тэматыкі”.
З верасня 2011 года ўстановай рэалізоўваецца праект па выданні кніг пра старажытныя беларускія рады серыі “Летапіс беларускай шляхты” (аўтар А. Статкевіч-Чабаганаў), якія папоўнілі бібліятэкі розных краін свету: Расіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Славеніі, Сербіі, Славакіі, Венгрыі, Швецыі, ЗША і іншых.
Часопіс "Роднае слова" належыць ды тых перыядычных беларускамоўных выданняў гуманітарна-асветніцкага кірунка, якія дапамагаюць у станаўленні нацыянальнай самасвядомасці, далучэнні маладога пакаленне да беларускай І сусветнай духоўна-культурнай спадчыны.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chasopis-rodnae-slova
[5] https://zviazda.by/be/tags/smi
[6] https://zviazda.by/be/tags/chasopis
[7] https://zviazda.by/be/tags/navuka