Звыш 500 студэнтаў Белдзяржуніверсітэта адзначылі заканчэнне зімовай сесіі і надыход канікулаў у спартыўна-аздараўленчым комплексе «Лагойск».
Удзельнікамі маштабнай акцыі сталі таксама кіраўнікі і выкладчыкі ўніверсітэта. Усіх (і студэнтаў, і работнікаў універсітэта) чакала лыжная эстафета.
— Заканчэнне сесіі — добрая нагода напоўніць гэтую падзею яркімі эмоцыямі і ўражаннямі, а таксама карыснымі фізічнымі нагрузкамі, — падкрэсліў рэктар БДУ Андрэй Кароль. — Вельмі радуе, што і нас, сваіх настаўнікаў, студэнты запрасілі на гэтае свята.
У спартыўнай гонцы барацьба разгарнулася паміж камандамі «Рэктарат», «Дэканат», «Работнікі» і «Студэнты». Інтрыга вырашылася на карысць студэнцкай зборнай, якая фінішавала першай. Другой завяршылі эстафету прадстаўнікі «Рэктарата»: у складзе гэтай каманды выступалі рэктар БДУ Андрэй Кароль, прарэктар па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях Вольга Чупрыс, прарэктар па эканоміцы і матэрыяльна-тэхнічным развіцці Міхаіл Чарапеннікаў і кіраўнік аддзела па рабоце з моладдзю Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы Максім Логвінаў. «Бронзу» заваявала каманда «Работнікаў».
Сюрпрызам для гасцей мерапрыемства стала сустрэча з майстрам спорту міжнароднага класа, чэмпіёнкай Еўропы, 11-разовай чэмпіёнкай свету па летнім біятлоне Вольгай Назаравай. Падчас майстар-класа спартсменка расказала пра свае перамогі, першыя медалі і спартыўную кар'еру.
У гэты дзень на пляцоўках спартыўна-аздараўленчага комплексу працавалі таксама зоны актыўнасці, дзе ўсе ахвотныя маглі праверыць свае сілы ў ціры, у барацьбе сумо, атракцыёне «вялікі футбол» і іншых. Таксама для ўдзельнікаў мерапрыемства прайшлі шматлікія розыгрышы і конкурсы.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў БДУ.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/bdu