Белдзяржуніверсітэт і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы арганізуюць сеткавую форму павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў у галіне крэатыўнай адукацыі. Навучанне пройдзе на аснове вочна-дыстанцыйнага курсу "Методыка навучання праз адкрыццё: як навучаць усіх па-рознаму, але аднолькава”. Аўтарам і вядучым курса з'яўляецца рэктар БДУ, доктар педагагічных навук Андрэй КАРОЛЬ. Старт будзе дадзены 1 лютага.
Аўтарскі курс акумулюе больш чым дваццацігадовы навуковы вопыт і веды ў галіне эўрыстычнага навучання, арыентаванага на творчую самарэалізацыю і індывідуалізацыю навучання студэнтаў і школьнікаў. Традыцыйны (інфарматыўны) падыход у адукацыі скіраваны на перадачу культурна-гістарычнага вопыту чалавецтва без уліку індывідуальнасці навучэнца. Гэта, хутчэй, маналог педагога, які не ўлічвае мэты і асаблівасці вучня. Дыялагічны характар сістэмы адукацыі арыентаваны на стварэнне вучнем уласных сэнсаў, мэтаў і зместу адукацыі.
Правядзенне дадзенага курса накіравана на развіццё эўрыстычных якасцей асобы педагога, здольнага індывідуалізаваць працэс навучання школьнікаў і студэнтаў. У рамках курсу адбудуцца тры семінара: “Ці можна навучаць ўсіх па-рознаму, але аднолькава? Як распрацаваць адкрытае (эўрыстычнае) заданне”; “Як распрацаваць і правесці занятак эўрыстычнага тыпу”; “Як спраектаваць і правесці эўрыстычны інтэрнэт-занятак”.
Форма семінараў заснаваная не на традыцыйным “слуханні”. Кожны ўдзельнік праз пастаноўку ўласных мэтаў будзе распрацоўваць свой адукацыйны прадукт, напрыклад, камплекты эўрыстычных заданняў, сцэнарыі заняткаў, крытэрыі ацэньвання і г.д), засвоіць тэхналогію стварэння адкрытых заданняў, тэхналогію эўрыстычнага навучання ў рамках навучальных праграм па розных дысцыплінах, у тым ліку пры дыстанцыйным навучанні.
Новаўвядзеннем стане і сеткавая форма правядзення курсу, што дазволіць у вочна-дыстанцыйным рэжыме аб'яднаць усе ўзроўні сістэмы адукацыі: ад сярэдняй да вышэйшай школы.
Лепшыя інавацыйныя прапановы плануецца апублікаваць на міжвузаўскім інтэрнэт-партале "Метадалогія, змест і практыка адукацыі XXI стагоддзя”, які будзе запушчаны ў бліжэйшы час у БДУ, ці ў новай серыі навучальных дапаможнікаў “Крэатыўная адукацыя”. Першы курс ахопіць каля 150 педагогаў і выкладчыкаў.
У бліжэйшы час плануецца ажыццявіць новы набор на курс. Заяўкі прымаюцца на электронны адрас: innlab@bsu.by. Пачатак навучання — па меры фарміравання груп.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya