Можа, анекдот, а мо і насамрэч было: сужэнцы ўдваіх вярталіся з гулянкі. «Ты праўду казала, — нарэшце згадзіўся муж, — добра, як на Новы год ды мала п'еш. Можна ўсіх праведаць, павіншаваць, на цвярозую галаву добрае кіно паглядзець... Давай і стары Новы год так адзначым?» Жонка ў адказ: «Ды пабойся бога... Глянь у мабільнік на чысло... Там люты ўжо».
І сапраўды, як ні дзіўна, люты. Але ж папярэдні конкурсны здымак (кіньце вочкам на верхні) друкаваўся [4] ў снежні («Звязда» за 12.12.2017), свет чакаў навагоддзя, рыхтаваўся да свят... Не дзіва, што якраз гэтая падрыхтоўка і ўбачылася на здымку:
Падарункі шле Пахом:
Тут зіма — суседу ў дом.
Жонцы
(дужа будзе рада!) —
Шапка з норкі
на Каляды,
Дзецям — лыжы, палкі,
санкі,
Цешчы —
сушкі-абаранкі...
Хто з Пахомам
як трымаўся,
Так Пахом
і «адкупляўся».
Што цалкам лагічна, як лічыць спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, хоць і згадвае горкае мужчынскае прызнанне: «Некалі ў дзіцячым садку намалюеш каляку-маляку, падорыш маме на 8 Сакавіка — яна і рада! З жонкай гэты нумар чамусьці не праходзіць».
З таго ж канверта і сумнаватае прызнанне: «Пышна цяпер святкуюцца і Каляды, і Новы год. Людзі робяць падарункі, вешаюць на ялінкі прыгожыя цацкі, купляюць нечуваныя прысмакі. А некалі ж, калі я хадзіла ў школу, — успамінае шаноўная аўтарка, — усё было па-іншаму. Напрыклад, пакуначкі для падарункаў мы рабілі самі: са школьных сшыткаў вырывалі двайныя лісты, тры бакі іх — склейвалі, унізе ды пасярэдзіне малявалі ёлку, цацкі, птушак — хто што ўмеў... Потым Дзед Мароз на школьным ранішніку гэтыя «торбачкі» раздаваў — ужо са жменяй прысмакаў.
Самі дзеці ўпрыгожвалі і ялінкі. Малодшыя з паперы выразалі сняжынкі, іголкай нанізвалі іх на нітку. Паслядоўнасць была такая: сняжынка, кавалачак саломкі, зноў сняжынка... Такім чынам атрымліваліся доўгія гірлянды, якія старшакласнікі вешалі на ёлку.
І ўсе касцюмы, — прыгадвае спадарыня Валянціна, — таксама былі самаробныя: бацькі ды настаўнікі дапамагалі хіба ў нечым складаным...
Усе чакалі свята.
Цяпер трохі не тыя ўжо адчуванні. І не тое чаканне. Але ж ёлку я па-ранейшаму стаўлю і Новы год сустракаю: заўжды — з надзеяй на лепшае».
Ці вам казаць, што часам гэтыя надзеі праўдзяцца, часам — не. Адкуль (і ўсё з таго ж канверта) чарговы варыянт подпісу да здымка:
Пятрусь
для каханай дзяўчыны
Гадамі карпеў
над карцінай.
Дамоў ёй прынёс і...
Кіно:
Дзяўчына за іншым
даўно.
А таму — як трэба разумець — адправіла кавалера (прычым разам з карцінай) туды, адкуль прыйшоў.
І правільна зрабіла. Бо замужам.
Магла быць яшчэ адна ўважлівая прычына, якую ўбачыў на здымку спадар Савосцік з Бабруйска:
Закаханы ў дзяўчыну,
Маляваў мастак карціну.
Толькі дзеўка
не прымае,
Бо сцяны такой не мае.
Адкуль — намёк мастаку: для каханай спачатку патрэбен дом.
Проста гэта сказаць, а вось пабудаваць... За якія, спытаеце, грошы...
Лёгкі хлеб ці мо цяжкі —
Мастакі ёсць мастакі:
Часта іхнія фінансы
Напяваюць ім рамансы —
На любыя галасы...
Так было ва ўсе часы.
...Выйсце? Ёсць!
Аўкцыён:
— Каму зімка?
За мільён?
Пытаецца пра гэта спадарыня Іна Алісевіч з Уздзеншчыны.
Другая прычына, па якой спадары-гаспадары не будуюць дамы (нават для вельмі каханых!), — звычайнае гультайства. Паводле аднаго стараватага анекдота, жонка чарговы раз пытае ў мужа: «Ну калі ты ўжо дзверы ў прыбіральні паставіш?» Ён у адказ: «А што там красці?»
Там і сапраўды... А вось у майстэрні... Злодзей, які захрас у фортцы на першым паверсе, у міліцыі не змог растлумачыць, дзе яго збілі — на вуліцы ці ў кватэры. А колькі яшчэ «не збітых», не злоўленых?! Не вам казаць:
Калі раптам пільнасць
мастака пакіне,
То прыладзяць ногі
не адной карціне!
Дарэчы, яны, тыя ногі (можна яшчэ раз глянуць на здымак) здзівілі не толькі спадарыню Іну. Карціна, якая ходзіць, уразіла і спадара Віктара Сабалеўскага з Узды, які паглядзеў на яе вачыма даішніка:
Паставы — разявіў рот,
Вонкі лезуць вочы:
Сярод дня, на пераход...
Дрэвы цугам крочаць.
Нават піва ён не піў
І не знаў знямогі,
Але ж бачыць —
не прысніў:
Гурбы маюць ногі!
Хто іх «прырабіў»? Не вам казаць, ёсць такія спецыялісты, нават «мастакі». Пра іх якраз і піша спадар Мікалай Старых з Гомеля: «У рэпертуары гурта «Крамбамбуля» была жартоўная песня «Госці» і там такія радкі (прыводжу на слых):
А з музею госці ўпотай
Знеслі пару кулямётаў.
Кажуць:
«Гэта нам карысна
У змаганні
з глабалізмам».
Конкурсны здымак, — працягвае спадар Мікалай, — натхніў мяне на працяг гэтай песні:
Ну а што было далей?
Госці зноў пайшлі
ў музей,
Пабылі там тры хвіліны,
Спрытна выкралі
карціну.
Калі ўдасца з ёй
схавацца,
Будуць з кліматам
змагацца.
Перамогуць ці не — справа дзясятая, але ж паспрабуюць, таму што трэба нешта рабіць, бо (паводле спадара Віктара Сабалеўскага):
«На лыжню б...» —
наш Янка марыць,
А зямля — без снегу,
І мароз не ўладарыць —
Можна ў тэпцях бегаць...
Пра зіму такім пейзажам
Небу нагадаем:
Можа снегу трохі ляжа?
Толькі б не ў маі!
Пра яго ж, той памятны, леташні, і радкі спадара Міколы Кісяля з Мінска:
Тут не дзіва і не цуд:
Валакуць зіму на суд,
Бо за дурняў нас трымае:
То не йдзе, а то — у маі.
На жаль, не ў памяці, што канкрэтна абяцалі тады сіноптыкі?..
А зрэшты, якая розніца, бо яны ж ніколі не памыляюцца: яны проста блытаюць дату і месца. Адкуль, як прызнае спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў:
Зноў сіноптыкі
ў праколе,
Таму й твары пахавалі:
Ні сняжыначкі на полі
(Яны гурбы абяцалі)...
Ну й цярплівы мой
народ,
Бо вось так —
не першы год.
Зменам у клімаце, у порах года прысвяцілі свае прыгожыя радкі (варыянты подпісаў да здымка) і іншыя аўтары. Спадарыня Валянціна Гудачкова:
Зіма забавілася дзесьці:
Прыйсці да нас —
не блізкі свет.
Але ж адправіла
прынесці
Тым, хто чакае,
свой партрэт.
Спадарыня Наталля Шкут з вёскі Прудок Светлагорскага раёна:
Не парушаючы
правілы руху
Ціха, па зебры,
крочыць зіма.
Хай забірае з сабой
завіруху,
Снег ды мароз...
Хай прыходзіць вясна!
І сапраўды, хай, бо мае рацыю спадарыня Ніна Галкоўская з Гродна:
Час маланкай
пралятае —
Не паспееш і міргнуць:
Толькі зімачку віталі,
А глядзі —
хаваць нясуць.
Яе, зімку?
У спадарыні Гудачковай наконт гэтага ёсць сумненні:
У раме — позняя зіма?
Ці то ранняя вясна?
Для мяне важней
не гэта:
Больш за ўсё чакаю лета!
І ці варта пісаць чаму? Хіба што прывесці радкі спадарыні Алісевіч:
Бізнес рэзка сеў на мель:
Не чакай нас,
Куршавель!
Суцяшальны прыз
для жонкі —
Віды зімняе старонкі.
Хай любуецца — яна. Што да нас, то, паводле сужэнцаў Астроўскіх з Мінска:
Мы
ў край наш улюбёны,
На ўвесь свет
такі — адзіны,
Што любы куток ягоны
Так і просіцца ў карціны!
Вось мастакі і шчыруюць, прычым не толькі ў майстэрнях. Як лічыць спадарыня Вараб'ёва з Асіповічаў:
Мала твор намаляваць, —
Трэба ж людзям
паказаць,
Аплаціць арэнду залы,
Ці паставіць —
ля вакзала...
Куды, паводле спадара Івана Сіманёнка з Пастаў, гэты шэдэўр і «крочыць»:
Мегаполісны пейзаж
Хлопцы ажывілі,
Саматужны вернісаж
Да Каляд адкрылі.
Малявалі тры гады,
Неслі — пешым ходам
Даказалі: сапраўды
Мастакі — з народам!
І былі, і ёсць, бо, на думку спадара Сабалеўскага:
Чуюць хлопцы:
«Супер!», «Брава!»...
І няхай іх дождж лупцуе
Перасоўная выстава
Пяты дзень ужо працуе!
А магла ж (як лічыць спадарыня Чыгрынава з Мінска) і... не адкрыцца, бо:
Не ўлазілі карціны
Ні ў трамваі,
ні ў машыны...
Тут як тут Валодзя
і Вася,
Што заўсёды на падхваце:
Іх тандэм не дужа танны,
Ды не знойдзеце ж
заганы:
Не паломяць, не паб'юць,
Калі толькі... не зап'юць!
Ці — паводле спадара Сабалеўскага — не пойдуць у чарговы загул:
Па любошчах сакавіцкіх
Мужыкі засумавалі:
Сталі мроіцца ды сніцца
Маладзічкі,
дзеўкі-кралі...
Не спалохаць іх
лупцоўкай,
Калатнеча — не чакае:
Ёсць ад жонак
маскіроўка
Крэатыўная такая!
Ну сапраўды: добра ж схаваліся... Могуць, як той казаў, і з лаўкі зваліцца і нічога не пабіць... Каб, паводле спадарыні Любові Чыгрынавай, забяспечыць дабрабыт сям'і:
— Кватэрка малая,
Такая ж зарплата, —
Жонка пілуе:
Жывём небагата.
А муж яе — аспід:
— Карціну куплю,
Як стане шэдэўрам,
Тады й зараблю.
Што трэба, каб стала? Ну, вядома ж, каб намаляваў і прадаў яе па-сапраўднаму таленавіты мастак, каб ён (свят-свят-свят!) памёр, каб пасля гэтага прайшлі гады, а то і дзесяцігоддзі...
Але ж не ў традыцыях рубрыкі завяршаць чарговы агляд на сумнай ноце — тым больш — калі ў пошце конкурсу ёсць іншыя: спадарыня Ніна Бурко з Бярэзіншчыны піша:
«Хто каго?» —
для нас не гулі
З рыфмаваннем
пэўных слоў, —
Для дзяцей і для бабулек
Гэта трэнінг для мазгоў,
Асалода ад чытання,
Часам смех —
ажно да слёз!
І здзіўленне, і яднанне,
І...
навек бывай, склероз!
Вы таксама хацелі б з ім развітацца (альбо не сустракацца)? Тады ўважліва глядзіце на ніжні здымак, прыдумвайце подпіс — дасціпны, кароткі (не больш за восем радкоў) — і дасылайце ў рэдакцыю. А ўжо тут цалкам магчымы... абмен: вы нам — найлепшы подпіс, мы вам — прыз у выглядзе квартальнай падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду».
Вось тут і цяпер варта нагадаць, што сярод яго пераможцаў (конкурсу хутка 18!) былі многія з сённяшніх аўтараў: у прыватнасці, спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Любоў Чыгрынава і сужэнцы Астроўскія з Мінска, Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, спадары Мікалай Старых з Гомеля, Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Віктар Сабалеўскі з Узды...
Цікавыя радкі, на думку і вялікага чытацкага, і малога рэдакцыйнага журы, прапанавалі яны і да мінулага здымка, дзе, нагадаем, былі «хлопцы ў лодцы» [4], якія замест вёслаў «грэблі» рыдлёўкамі (гл. нумар «Звязды» за 12.12.2017). Ся́брам (каб не казаць членам) абодвух журы было ў выніку над чым падумаць! А ўрэшце прызнаць найлепшымі радкі:
Не шкадуе Бог багатых,
Ім таксама шле бяду:
Грэблі грошыкі лапатай,
А цяпер грабуць ваду.
Так што віншуем пераможцу — спадарыню Веру Жук з Гродна! Ёй жа і ўсім аўтарам — шчыра дзякуем... І жадаем: «Хай мацнее год ад года звяз газеты і народа!» — людзей, якія не толькі выпісваюць «Звязду», але і пішуць — у тым ліку вершаваныя радкі да здымкаў. Чарговы — як заўжды дадаецца, на роздум.
Валянціна Доўнар
Ад яе ж заўсёдныя і шчырыя прабачэнні тым, чые радкі на гэты раз не прайшлі досыць строгага адбору, а ўжо ў наступны...
Як той казаў, хто не гуляе, той не выйграе. Ці не так?
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[4] http://zviazda.by/be/news/20171211/1513009255-kali-zhonki-uzho-dauno-vygryzli-pyachonki
[5] https://zviazda.by/be/hto-kago