Убачыць і пачуць той час, калі жыў славуты паэт, можна было ў музейнай зале падобнай на гасціную, куды збіраліся на сустрэчы сябры творцы. Тут можна ўбачыць рэдкія рэчы, копіі рукапісаў і дакументаў, творы мастакоў. Пачуць — тыя ж самыя мелодыі, якія натхнялі паэта амаль два стагоддзі таму.
— Мы назвалі новую экспазіцыю «Шляхецкія быліцы Адама Міцкевіча» — па першапачатковай назве яго знакамітага твора, — паведаміў дырэктар музея Зміцер Яцкевіч. — Такім чынам музей распачаў святкаванне 220-годдзя з дня нараджэння паэта. На працягу гэтага года юбілейныя мерапрыемствы закрануць і сядзібу «Завоссе», дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч. Спадзяёмся, што сёлета там будзе рэкордная колькасць наведвальнікаў не толькі з Беларусі, але і з многіх краін свету.
Сабраць экспанаты для гэтай экспазіцыі было няпроста. Ёсць тут копіі рукапісу эпічнай паэмы «Пан Тадэвуш», перададзеныя з музея Міцкевіча ў Варшаве, копіі метрычнага запісу аб хрышчэнні маленькага Адама (1799 год), аб хрышчэнні маці паэта Барбары Маеўскай, запіс аб шлюбе бабулі і дзядулі. Прыкладам такіх запісаў прадстаўленыя тут рукапісныя метрычныя кнігі Ішкалдскага касцёла. Пад шклом музейнай вітрыны можна ўбачыць невялічкае люстэрка ў металічнай аправе — яно, па легендзе, належала графіні, прыгажуні Эміліі Плятэр — знаўцы беларускага фальклору, патрыётцы, удзельніцы паўстання 1830 года. Ёй Адам Міцкевіч прысвяціў свой верш «Смерць палкоўніка».
Інтэр'ер музейнай залы нагадвае шляхецкія салоны, дзе калісьці збіраліся філаматы і філарэты — удзельнікі тайнага патрыятычнага і асветніцкага руху першай чвэрці ХІХ стагоддзя. Мэбля, прадметы побыту, кнігі, зброя — усё гэта дапаўняе яскравымі штрыхамі шматмерны партрэт мінулага. Жывапіснае палатно Юрыя Піскуна «На Куццю» нагадвае пра зімовыя дні, калі нарадзіўся Адам Міцкевіч.
Паэт, этнограф, фалькларыст Кастусь Цвірка распавёў гасцям пра свае пераклады вядомых твораў Адама Міцкевіча. Ён падкрэсліў, што ўсе яго значныя паэмы, хоць і напісаны на польскай мове, але з'яўляюцца таленавітым расповедам пра гісторыю Беларусі.
Рамантычную афарбоўку шляхецкай гасцёўні надалі песні і музыка — тыя ж самыя, якія гучалі ў даўніну. Вядома, што аўтарства іх належыць Адаму Міцкевічу і кампазітару Станіславу Манюшку. Мелодыі даўніны прагучалі ў выкананні лаўрэата нацыянальнага конкурсу вакалістаў і міжнароднага конкурсу «Магутны божа» Тамары Рэмез (сапрана) і мастацтвазнаўцы Святланы Немагай (партыя фартэпіяна).
Яўген ПЯСЕЦКІ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/adam-mickevich
[5] https://zviazda.by/be/tags/zmicer-yackevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/kastus-cvirka
[7] https://zviazda.by/be/tags/vystava