Улетку 2018 года адкрыецца новы курорт на востраве паблізу Фінляндыі, на які будзе закрыты доступ мужчынам. Гэта будзе раскошнае месца для аздараўленчага адпачынку выключна ў жаночай кампаніі, паведамляе The New York Post.
Крысціна Рот, аўтар ідэі і заснавальніца курорта, расказала, што падчас свайго адпачынку заўважыла, як жанчыны рэагуюць на мужчын: усе становяцца больш напружанымі і ўспамінаюць пра касметыку. Ёй захацелася стварыць такое месца, дзе жанчыны змогуць расслабіцца па-сапраўднаму і сканцэнтравацца на сабе. Курорт пад назвай SheІsland на востраве непадалёк ад узбярэжжа Фінляндыі адкрыецца для турыстак у ліпені.
Жыхар кітайскай вёскі Суцянь выкраў 800 метраў бетоннай дарогі і перапрадаў яе, паведамляе выданне South Chіna Mornіng Post.
Паліцыя правінцыі Цзянсу высветліла, што каля зніклай дарогі бачылі грузавы аўтамабіль са смеццем, за рулём якога сядзеў адзін з мясцовых жыхароў — беспрацоўны мужчына па імені Чжу. Пры допыце ён прызнаўся ў арганізацыі крадзяжу. «У апошні час гэтай дарогай не асабліва карысталіся, вось я і падумаў, чаму б не зрыць яе...», — сказаў ён. Каб рэалізаваць свой план, зламыснік наняў экскаватар і некалькі грузавікоў. За адну ноч яны знялі дарожнае палатно шырынёй 3,5 метра. Чжу прадаў 500 тон абломкаў бетону па 10 юаняў за тону і зарабіў 5000 юаняў (звыш 1600 рублёў).
Навукоўцы прапанавалі змагацца з аблысеннем з дапамогай хімікату, які змяшчаецца ў бульбе-фры, паведаміла выданне Metro.
Група японскіх навукоўцаў змагла выгадаваць зародкі валасяных фалікулаў, выкарыстоўваючы полідыметылсілаксан. Гэта рэчыва дадаецца ў бульбу фры, каб алей, у якім яна гатуецца, не пеніўся. Яно таксама прапускае праз сябе кісларод — гэта і спатрэбілася для вырошчвання валасяных фалікул. «Масавая вытворчасць стала магчымай дзякуючы ўдаламу выбару зыходных матэрыялаў для сасуда, у якім мы вырошчвалі зародкі», — растлумачыў прафесар Дзюндзі Фукуда з універсітэта Ёкагамы. З дапамогай полідыметылсілаксана атрымалася вырасціць пяць тысяч зародкаў. Іх перасадзілі мышам, і праз некалькі дзён у тых выраслі пучкі валасоў. Фалікулы, паводле слоў Фукуда, «паўтараюць жыццёвы цыкл звычайных валасоў». Папярэднія эксперыменты даказалі, што метад спрацуе і для чалавека.
Іван Купарвас
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/naviny-zamezhzha