«Ясь і Яніна»
«Беларусь 3», 12 лютага
У цэнтры старой музычнай камедыі — лётчык Ясь, які праводзіць сваю каханую Яніну ў вёску, дзе дзяўчына збіраецца навучаць верхавой яздзе. А яшчэ тут працуюць таленавітыя будатрадаўцы, якія ў вольны час даюць канцэрты ў Доме культуры. Хлопец засылае сватоў, але Яніна адмаўляе ім, бо мяркуе, што Ясь заляцаецца яшчэ да адной мясцовай дзяўчыны. Пакрыўджаны юнак з'язджае ў горад, а дзяўчына, даведаўшыся, што адбылася памылка, кідаецца наўздагон на баркасе разам са сваім баявым дзедам-мараком...
Але хараство фільма не столькі ў сюжэце, колькі ў акцёрах: Уладзімір Мулявін, Анатоль Кашапараў, Леанід Тышко, Леанід Барткевіч і Уладзіслаў Місевіч. Менавіта ў гэтай карціне «Песняры» ўпершыню выканалі песні «Ты мая надзея», «Нашы любімыя», «Развітальная» і «Касіў Ясь канюшыну» ў знакамітай сёння аранжыроўцы. А самыя пільныя гледачы ўбачаць у камедыі танцы юнага Барыса Маісеева.
«Ганна-дэтэктыў»
«Беларусь 2», з 13 лютага
У 1888 годзе вопытны сышчык з Пецярбурга Якаў Штольман прыязджае для выкрыцця серыйнага злачынцы ў невялікі правінцыйны гарадок Затонск. Падчас расследавання следчы знаёміцца з мясцовай дзівачкай Ганнай Міронавай, якая вылучаецца вострым розумам і назіральнасцю, смела карыстаецца замежнай цікавінкай — веласіпедам — і носіць штаны; а галоўнае яе захапленне — спірытызм.
Талент Ганны бачыць тое, чаго не заўважаюць іншыя, падаецца Штольману карысным для справы, і далейшую гонку за таямнічым душагубам, а таксама шэраг іншых расследаванняў героі вядуць разам... І так на працягу ажно 56 серый.
«Сэрца без замка»
«Беларусь 1», 17 лютага
Марыша — узор вернасці і сціпласці — аднойчы пазнаёмілася з музыкам Веніямінам, які пакутаваў з-за кахання без адказу, і так кінулася дапамагаць яму гаіць душэўныя раны, што сама не заўважыла, як аказалася ў грамадзянскім шлюбе, нарадзіла сына і трапіла ў дом каханага ў статусе ці то жонкі, ці то прыслужніцы.
Але праз нейкі час былая пасія мужа вярнулася з-за мяжы, узнавіла ранейшыя стасункі, і цяпер Веніямін збіраецца забраць сына і з'ехаць да яе за мяжу. Гераіня выпраўляецца за горад, каб узяць паўзу і вырашыць, як быць далей, — і нечакана менавіта ў гэты час сустракае чалавека, шчыра гатовага дапамагчы ёй справіцца з усімі цяжкасцямі...
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] https://zviazda.by/be/tags/shto-paglyadzec