Міхаіл Мясніковіч — пра Магілёўскую вобласць.
Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 80-годдзю Магілёўскай вобласці. Спікер верхняй палаты парламента ўручыў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміру Даманеўскаму Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь працаўнікам Магілёўскай вобласці за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з 80-годдзем з дня ўтварэння вобласці.
«Магілёўская вобласць сёння ўпэўнена глядзіць у будучыню. На тэрыторыі рэгіёна рэалізуюцца сур'ёзныя прамысловыя, інавацыйныя праекты. Маштабная мадэрнізацыя працягваецца на «Белшыне». Рэалізуецца праект па вытворчасці новых відаў тканін на прадпрыемстве «Магатэкс». «Магілёўхімвалакно» будуе комплекс па вытворчасці поліэфірнай прадукцыі. І пералік можна прадоўжыць. Гэта сведчыць аб тым, што ў рэгіёне магутны патэнцыял і добрыя перспектывы для развіцця», — заявіў старшыня Савета Рэспублікі.
Таксама Міхаіл Мясніковіч азнаёміўся з ходам капітальнага рамонту Палаца культуры, наведаў корпус Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, які будуецца. Будаўнічыя работы на новым корпусе адноўленыя з 1 студзеня гэтага года. Ужо цалкам закрыты яго контур і пачаліся некаторыя апрацоўчыя работы ўнутры дзевяціпавярховага будынка. А з надыходам цяпла пачнецца аздабленне фасада. Вырашаецца таксама пытанне будаўніцтва і падвядзення сюды інжынерных сетак.
Міхаіл Мясніковіч парэкамендаваў кіраўніцтву вобласці і горада звярнуць асаблівую ўвагу на гэты важны сацыяльны аб'ект, па магчымасці паскорыць тут будаўнічыя работы, каб забяспечыць увод яго ў эксплуатацыю ў намечаныя тэрміны. БРУ стане адной з пляцовак правядзення ў Магілёве ў верасні 2018 года V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Віцэ-спікер пра імплементацыю Мэт устойлівага развіцця.
Каля 25 краін пацвердзілі ўдзел у Рэгіянальным форуме нацыянальных каардынатараў па Мэтах устойлівага развіцця (МУР) у Мінску. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу АНТ заявіла намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР Мар'яна Шчоткіна.
Рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў па дасягненні Мэт устойлівага развіцця пройдзе ў Мінску 21—22 лютага гэтага года. Чакаецца, што форум наведае першы намеснік Генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед. Сярод дзяржаў, якія выказалі зацікаўленасць ва ўдзеле ў форуме, — Германія. Пытанні па дасягненні МУР і магчымасці партнёрства ў гэтай сферы абмяркоўваліся падчас нядаўняга візіту беларускай дэлегацыі на чале з Мар'янай Шчоткінай у ФРГ.
Беларусь ужо распачала работу па імплементацыі МУР на нацыянальным узроўні. Сфарміравана архітэктура кіравання працэсам па дасягненні 17 мэт Парадку-2030. Вядзецца работа па каардынацыі намаганняў дзяржаўнага сектара, бізнесу, грамадскіх аб'яднанняў, усяго насельніцтва.
Сенатар правёў асабістыя прыёмы грамадзян.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір Панцюхоў правёў асабістыя прыёмы грамадзян у Чэрыкаўскім і Чавускім раёнах.
Заяўнікі ўзнімалі пытанні аднаўляльнай энергетыкі, будаўніцтва фотаэлектрычнай станцыі, выкарыстання памяшканняў сацыяльна-дзяржаўнага жылога фонду, вулічнага асвятлення тэрыторыі ў начны час, а таксама пенсійнага забеспячэння. Парламентарыем дадзены адпаведныя тлумачэнні, асобныя пытанні ўзяты на кантроль.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki