За год беларусы «спажываюць» 1,8 млрд адзінак тары: шкляных і пластыкавых бутэлек, бляшанак. У 2020 годзе ўсё гэта можна будзе здаваць за грошы ў спецыяльныя тараматы. Так у краіне пачне дзейнічаць дэпазітная сістэма па зборы аднаразовай упакоўкі, большасць якой — шкло. Перапрацаваны шклабой можа стаць і бутэлькай, і шклаватай, і дарогай...
Рознакаляровы і несартаваны
Новая дэпазітна-залогавая сістэма ўводзіцца, каб павялічыць аб'ём нарыхтоўкі шкла з камунальных адходаў, кажуць спецыялісты. Яны мяркуюць, што збор другаснай сыравіны такім чынам узрасце на 10 %. Хоць і цяпер збор гэтай тары і шклабою наладжаны досыць добра. Асабліва пасля таго, як у 2012 годзе ў Мінску была створана спецыяльная вытворчасць для аўтаматычнай сарціроўкі змешанага шкла. Бутэлькі дазволілі здаваць нямытымі, з этыкеткамі і крышкамі, а бітае шкло — не сартаваць па колерах. Забарона на рознакаляровасць сыравіны, дарэчы, была досыць адчувальным абмежавальным бар'ерам, праз які бітае шкло ў вялікіх аб'ёмах трапляла на звалку.
— Уся ўпакоўка, якая праходзіць цяпер праз прыёмна-нарыхтоўчыя пункты і кантэйнеры, збіраецца ў асноўным у якасці другаснай сыравіны для наступнай перапрацоўкі. Заводы маюць патрэбу ў гэтай прадукцыі, — расказаў Аляксей ПІСКУН, намеснік начальніка ўпраўлення па каардынацыі дзейнасці ў сферы абарачэння з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Сёння ў прыёмныя пункты можна здаць шклабой любога колеру і выгляду. На базе арганізацыі «Белрэсурсы» створана вытворчасць па сарціроўцы шклабою. Тэхналагічны працэс дазваляе выдаліць адсюль лішнія фракцыі і смецце, а таксама разабраць сыравіну па колерах.
Каб шкло, якое трапіла на сметнік, разбурылася, спатрэбіцца больш за 1000 гадоў.
Стрымлівалі шкляны збор у Беларусі таксама нізкая цана і адсутнасць кампенсацыі нарыхтоўшчыкам за падрыхтаваную сыравіну. Сёння за кілаграм бітага шкла прыёмшчыкі плацяць ад 4 да 15 капеек у залежнасці ад рэгіёна. Даражэй там, дзе большая канкурэнцыя.
— Рэгуляваць цэны на прыёмку шклабою цяпер не актуальна, — лічыць спецыяліст. — Нарыхтоўшчыкі самі падлічваюць эканамічную мэтазгоднасць кошту, ды і канкурэнцыя ўплывае на цану. А вось кампенсацыя за збор тары нарыхтоўшчыкам аднолькавая. За сартаваны шклабой — 90 рублёў за тону, за несартаваны — 140 рублёў.
Такія змены летась узнялі аб'ёмы збору шклабою да 181,3 тысячы тон, а яшчэ ў 2012-м было ўтрая менш — 59 тысяч.
10 капеек за бутэльку ў тарамаце
Сёлета выпрацоўваецца нарматыўна-прававая база дэпазітна-залогавай сістэмы. У 2019-м зоймуцца прыцягненнем інвестараў. А ў 2020-м у краіне чакаецца з'яўленне некалькіх тысяч тараматаў для прыёмкі аднаразовай шкляной тары аб'ёмам да трох літраў, бляшанак і ПЭТ-бутэлек.
Тараматы будуць устанаўліваць у крамах буйных гандлёвых сетках. У невялікіх крамах размяшчаць такое абсталяванне немэтазгодна, таму для прыёмкі тары тут плануецца задзейнічаць работнікаў гандлёвых сетак. На рэалізацыю ідэі спатрэбіцца прыкладна 100 млн еўра.
— Справа гэта не танная. Але ж мы не імкнёмся да атрымання прыбытку. Перш за ўсё дбаем пра экалагічны складнік, — заўважыў Аляксей Піскун.
Каб чалавек быў зацікаўлены прынесці бутэльку да тарамата ці ў краму, а не выкінуць на сметнік, яе залогавы кошт, як думаюць спецыялісты, будзе 10—20 капеек за адзінку. Прадпрыемствы, якія перапрацоўваюць тарнае шкло, каб атрымаць з яго новыя бутэлькі і слоікі, знаходзяцца ў Гродне, пасёлках Касцюкоўка і Ялізава.
За год сям'я з трох чалавек «спажывае» 82 кілаграмы ўпакоўкі: бутэлек, слоікаў... У гэтай масе трапляецца прыкладна 170 бутэлек. Калі памножыць іх нават на 10 капеек залогавага кошту, атрымаецца, што за год у сямейны бюджэт можна вярнуць праз тарамат 17 рублёў. Альбо выкінуць іх разам са звычайным смеццем.
Шматабаротную шкляную тару, якую ў савецкія часы здавалі проста ў краме і пасля адпаведнай апрацоўкі зноў налівалі туды напоі, малако, кефір, цяпер амаль не ўжываюць. Хоць асобныя нарыхтоўшчыкі працягваюць займацца ёй. Тое датычыцца напояў, якія не разліваюцца ў фірмавыя ўпакоўкі. Як правіла, гэта звычайныя напіткі або слабаалкагольныя, накшталт пладовых вінаў, для якіх асноўная ўмова бутэлькі — аб'ём 0,5—0,7 літра і вінтавое рыльца.
— Ужо даўно купляць аднаразовую ўпакоўку і разліваць у яе напоі стала танней, чым намагацца вярнуць назад сваю тару праз нарыхтоўчыя пункты, — сцвярджае спецыяліст. — Гэта разумеюць вытворцы і алкагольнай, і безалкагольнай, і іншай харчовай прадукцыі. Тыпаў, відаў і памераў аднаразовай упакоўкі, а яшчэ і з фірмавымі лагатыпамі асобных прадпрыемстваў і кампаній, стала так шмат, што збор тары асобна для кожнага вытворцы страціў сэнс. Тым больш што такая справа патрабуе выдаткаў на арганізацыю прыёмкі, транспартавання, мыцця і дэзынфекцыі тары на прадпрыемстве перад паўторным ужываннем.
«Шкляны кактэйль»
У краіне найбольш запатрабаваны для перапрацоўкі бой менавіта тарнага шкла, аднак астатнія шкляныя вырабы спецыялісты таксама раяць не выкідваць проста на сметнік. Напрыклад, шкло з вокнаў хоць і не варта здаваць у агульнай масе шклабою, бо яго хімічны састаў адрозніваецца ад бутэлечнага, лепш, як і раней, выносіць на сметніцу і ставіць побач з кантэйнерамі або здаваць у прыёмныя пункты. Каштуе яно крыху менш, чым тарнае, аднак асобна прынесенае пойдзе на перапрацоўку. Бітую аконную прадукцыю выкарыстоўваюць завод у Гомелі і арганізацыя «Брэстшклосфера», дзе ліставое шкло — адзін з кампанентаў для вырабу фарбы для нанясення святлоадбівальнай дарожнай разметкі.
Шкло — адзіны матэрыял, які можна перапрацоўваць на 100 % колькі заўгодна разоў. Пры гэтым атрыманая з другаснай сыравіны прадукцыя будзе такая ж якасная, як і выплаўленая ўпершыню з масы, куды не дадаецца шклабой.
Арміраванае шкло, люстэркі, кераміка, фарфор, аўтамабільныя фары перапрацаваць немагчыма. Калі такое шкло трапіць у агульны шклабой, яго, канешне, адсартуюць, але лепш адразу кідаць яго ў агульныя камунальныя адходы.
Заводы пры пераплаўцы выкарыстоўваюць адсартаванае шкло аднаго колеру, і перш за ўсё зацікаўлены ў бескаляровым і белым шклабоі, бо ў тару гэтага колеру разліваецца больш за ўсё напояў.
Шклабой падмешваецца ў шыхту — сумесь кварцавага пяску, кальцыніраванай соды, вапняку і спецыяльных дабавак. Робіцца гэта дзеля таго, каб выкарыстоўваць у «шкляным кактэйлі» менш дарагой сыравіны, напрыклад кальцыніраванай соды. Шклабой таксама зніжае выдаткі і паскарае працэс варкі шыхты, бо яна ў такім разе плавіцца пры больш нізкай тэмпературы. Гэта ў сваю чаргу змяншае спажыванне энергіі для працэсу. Акрамя таго, шклабой, да 40 % якога можна дадаць у першапачатковую сумесь, павышае экалагічнасць працэсу варкі, таму што паніжаецца колькасць выкідаў забруджвальных рэчываў у паветра.
Перапрацоўка 1 тоны адходаў са шкла эканоміць 650 кг пяску, 150 кг кальцыніраванай соды і 200 кг вапняку. Акрамя бутэлек і слоікаў, з сыравіны, у якую дадаецца шклабой, вырабляюць самыя розныя рэчы, напрыклад шкляную вату. Каб яе хапіла для ізаляцыі аднаго дома, трэба перапрацаваць 3000 вінных бутэлек.
З перапрацаванага шкла вырабляюць таксама абразіўныя інструменты, сантэхніку з керамікі, прабіркі, выкарыстоўваюць яго пры вытворчасці запалак і будаўніцтве... аўтадарог. За мяжой адходы шкла прымяняюць для вытворчасці лакафарбавых матэрыялаў, шпалернай паперы, пластмасы, і нават думаюць ужываць здробнены шклабой у сельскай гаспадарцы для паляпшэння структуры глебы.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/butelki
[4] https://zviazda.by/be/tags/shklo