Быць беспрацоўным, мякка кажучы, непрыемна. Але калі ў вашым населеным пункце з працоўнымі месцамі зусім туга, можна паспрабаваць заняцца... бізнесам. Для гэтага сёння стварылі больш прымальныя ўмовы. Да таго ж дзяржава згодна на першым этапе нават падмагчы — бязвыплатнай субсідыяй.
А бізнес-план ёсць?
Летась 310 жыхароў Магілёўскай вобласці атрымалі субсідыі на адкрыццё сваёй справы — на 13 больш, чым пазалетась. Аднаразовая бязвыплатная грашовая дапамога выдаецца беспрацоўнаму для частковай кампенсацыі яго фінансавых выдаткаў, звязаных з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці. Закон дазваляе выкарыстоўваць субсідыю на набыццё абсталявання, інструменты, машыны і механізмы, сыравіну, матэрыялы, аплату паслуг і іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці. Памер субсідыі складае 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва. З 1 лютага 2018 года БПМ (мяняецца кожны квартал) складае 199,32 рубля. Калі памножыць на 11, атрымаецца 2192,52 рубля. У сельскага насельніцтва ёсць магчымасць атрымаць крыху болей — 15 БПМ, або амаль тры тысячы рублёў.
— На субсідыю могуць разлічваць паўналетнія беспрацоўныя, якія стаяць на ўліку ў службе занятасці і на працягу месяца не змаглі працаўладкавацца, — інструктуе намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Вольга Анатолеўна Хадускіна. — Пры гэтым яны павінны не дапускаць парушэння закона аб занятасці і прымаць удзел у аплатных работах. Каб атрымаць грошы, трэба перш за ўсё скласці і абараніць свой бізнес-план. Тыя, каму гэта цяжка зрабіць самастойна, праходзяць бясплатныя курсы «Асновы бізнес-планавання» пры Магілёўскім МДУ імя Куляшова. Пасля зацвярджэння бізнес-плана выдзяляецца субсідыя, якая пералічваецца беспрацоўнаму на адкрыты банкаўскі рахунак. Яе ўладальнік павінен будзе выкарыстаць грошы выключна па мэтавым прызначэнні і на працягу трох месяцаў даць справаздачу.
З педагога ў фларысты
Жыхарка аграгарадка Вейна Ірына Калбасава — педагог па адукацыі. Калісьці яна жыла ў іншай вобласці, працавала ў школе. Пасля пераезду паспытала шчасця ў адной з гасцініц Магілёва, але зарплата была малая. Калі ішла рэгістравацца на біржу, была ўпэўнена, што стане індывідуальным прадпрымальнікам і пачне гандляваць кветкамі — гэта ж так прыгожа, тым больш даводзілася і раней працаваць на рынку. З біржы накіравалі на двухтыднёвыя курсы па бізнес-планаванні ва ўніверсітэт імя А. Куляшова. Група набралася чалавек 20, але кожны быў настроены займацца сваім відам дзейнасці. Пад кіраўніцтвам куратара ўсе напісалі свае бізнес-планы. У райвыканкаме прэтэнзій да напісання не ўзнікла, Ірыніна заяўка на субсідыю была разгледжана ў 10-дзённы тэрмін, а на працягу месяца паступілі грошы — 15 БПМ як для жыхаркі сельскай мясцовасці. На той момант гэта складала дзесьці 2600 рублёў. Жанчына купіла стэлаж, стол, крэсла, фларыстычны набор інструментаў, тэрмінал. Ларок, касавае абсталяванне, халадзільнік яна набывала ўжо за свае грошы.
Наогул, субсідыю дазваляецца траціць толькі на тое, што прапісана ў бізнес-плане. Калі там ідзе размова пра, скажам, той жа фларыстычны нож, то іншы ўжо не прайшоў бы. Патрабуюць справаздачы за кожны рубель.
Субсідыя пакрыла асноўныя выдаткі прыкладна на 30 %. Але Ірына ўпэўнена, што ўсё зрабіла правільна. Свая справа — гэта больш надзейна і творча. Хаця, прызнаецца, працаваць трэба пастаянна — тут склаўшы рукі не пасядзіш.
Асноўныя выдаткі — арэнда гандлёвай пляцоўкі пад ларок, падатак, электрычнасць, узносы ў пенсійны фонд. За месяц набягае больш за 400 рублёў, за год — каля пяці тысяч. Плюс 12 тысяч летась пайшло на закупку кветак. Гадавая выручка пры гэтым склала 24 672 рублі, кажа Ірына.
— Месячны заробак невялікі, але работа мне падабаецца, — канстатуе яна. — Я сама сабе гаспадыня. Ніякай паператворчасці, толькі кніга касіра і журнал па ўліку расходаў і даходаў. І за субсідыю вельмі ўдзячна. Ну дзе б яшчэ я ўзяла грошы на тыя ж кветкі? А так мне іх, лічы, падарылі.
Хобі стала прафесіяй
У Бабруйскім упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлану Ланскую ахарактарызавалі як шчаслівага чалавека, які сваё хобі пераўтварыў у прафесію. «Бачылі б вы, якую прыгажосць яна робіць са скуры», — «падагрэлі» спецыялісты маю цікавасць. І ні кроплі не перабольшылі. Нават не верыцца, што яшчэ тры гады таму Святлана гэтым не толькі не займалася, але нават і не цікавілася. Цяпер яна жыве мастацтвам.
— Часам лёс дорыць нам розныя падзеі, сустрэчы, якія кардынальна мяняюць наш погляд на многія рэчы. Дзякуючы ім мы вучымся абсалютна новаму, інакш мыслім, інакш дзейнічаем, — кажа мая суразмоўніца.
Усё пачалося пасля таго, як аднойчы яна схадзіла ў Бабруйску на выстаўку сваёй знакамітай зямлячкі Таццяны Карчажкінай. Яе карціны зачаравалі, уразілі і... натхнілі.
— Скура — вельмі жывы матэрыял, — кажа Святлана. — Аднойчы датыкнуўшыся да яго, зразумела — гэта назаўжды. Упрыгажэнні, кветкі, пано — я навучылася рабіць усё, нават прадметы найвялікшай складанасці.
Пра тое, як жыла раней, яна не любіць успамінаць. «Дзе толькі не працавала», — уздыхае Святлана. Але не натхнялі ні работа, ні зарплата. Прызнаецца, што, калі пайшла ў дэкрэтны водпуск, грашовай дапамогі хапіла толькі на дзіцячую каляску, і тое «б.у.». Не змагла працаўладкавацца і пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы.
— Пасля наведвання выстаўкі я ў галаве пракручвала, наколькі рэальна гэтым займацца. Успомніла, што ў Бабруйску якраз скураны завод ёсць і прыступіла да дзеянняў, — усміхаецца яна.
Хутка, праўда, высветлілася, што справу сабе знайшла элітную. Матэрыял, фарбы, інструменты — усё гэта каштавала дорага, для работы спатрэбіліся не нейкія там адходы, а скура высокай якасці. А яшчэ не хапала ведаў. Пачала вучыцца, браць па інтэрнэце майстар-класы ў знакамітых майстроў. Грошы спатрэбіліся немаленькія. Але Святлана бачыла, што ў яе атрымліваецца, і не эканоміла.
— Зараз я адных толькі руж 25 відаў раблю, не ўлічваючы ўсяго астатняга, — прызнаецца яна. — Фарбы — японскія, скура — італьянская. Кошт, самі ўяўляеце які. Калі мне далі субсідыю, я амаль усю яе ўклала ў матэрыял.
У якасці рамесніка Святлана Ланская аформілася два гады таму. За гэты час навучылася не толькі віртуозна рабіць любыя рэчы са скуры, але і добра арыентавацца ў сваёй сферы. Даходы невялікія, бо ручная работа — гэта табе не канвеер. Тут трэба пасядзець над вырабам, «выняньчыць» яго.
— Спачатку нават прадаваць баялася, рэкламаваць, а зараз адчуваю сябе як рыба ў вадзе, — прызнаецца яна. — Вельмі ўдзячная за тую субсідыю. Яна мне дапамагла на першым этапе. Цяпер значна лягчэй. Ведаю, дзе шукаць кліентаў, як прадаваць свой тавар. Раз на раз не прыходзіцца, але зарабляю як сярэдні бабруйчанін. Хапае на тое, каб адной гадаваць дваіх дзяцей і плаціць за кватэру. Вядома, хацелася б большага. Але я добра разумею, што зараз усім няпроста. Калі людзі стануць багацейшыя і не будуць вырашаць, што ім лепш купіць — хлеб або брошку, тады і мае справы палепшацца.
Крама моднага адзення
У магіляўчанкі Аляксандры Градавай цяпер у горадзе ёсць свая ўласная крама адзення. Гэта пакуль што кавалачак месца ў буйным гандлёвым цэнтры, але яна яшчэ ў самым пачатку сваёй прыватнай працоўнай дзейнасці. Індывідуальным прадпрымальнікам Аляксандра з'яўляецца ўсяго два месяцы.
— Пасля заканчэння ўніверсітэта адпрацавала неабходны тэрмін на заводзе ў якасці інжынера, але ўжо тады зразумела, што гэта не маё, — прызнаецца дзяўчына. — Пра тое, што пры адкрыцці сваёй справы можна разлічваць на дапамогу, ведала. Таму, калі засталася без працы, адразу ж адправілася ў службу занятасці. Бізнес-план напісала сама, ніякія курсы для гэтага мне не спатрэбіліся. Праўда, некалькі разоў давялося яго перарабляць, каб нарэшце зацвердзілі. Субсідыю далі даволі хутка, але яе хапіла толькі працэнтаў на 20 ад таго, што мне было неабходна для справы. Ільвіная доля сродкаў пайшла на закупку тэрмінала — 930 рублёў. Плюс заплаціла за першы месяц арэнды. На тое, каб даць справаздачу па субсідыі, даецца тры месяцы. Але я зрабіла гэта адразу ж, як толькі закупіла тавар. Спачатку баялася ўсіх гэтых таварна-транспартных накладных і чэкаў, але калі пачала працаваць, зразумела, што не так усё страшна. Тым больш што бяру я выключна беларускі тавар, а ў вытворцаў на яго ўсе неабходныя дакументы ёсць.
Аляксандра дэманструе сімпатычныя сукенкі, джэмперы, спадніцы брэсцкіх і гродзенскіх вытворцаў. Мадэлі сучасныя, а цэны даступныя. Пакупнікоў зараз няшмат, але ў снежні, кажа прадпрымальніца-пачатковец, — іх было дастаткова.
— Стаж у мяне невялікі, але адчуванне, што не памылілася, ёсць, — прызнаецца Аляксандра. — Не ведаю, як далей будуць складвацца справы, але вяртацца на вытворчасць не збіраюся. На гэтым месцы я адчуваю сябе камфортна. Тым больш умовы для вядзення сваёй справы зараз больш чым спрыяльныя.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/pryvatny-biznes
[4] https://zviazda.by/be/tags/subsidyi
[5] https://zviazda.by/be/tags/ulasnaya-sprava
[6] https://zviazda.by/be/tags/biznes