Некалькі месяцаў таму адна з найпапулярнейшых сталічных вуліц Кастрычніцкая ўзбагацілася на яшчэ адно «тусовачнае» месца. Памяшканні Мінскага завода Кастрычніцкай рэвалюцыі сталі культурным інкубатарам і культурным акселератарам «Ок16», дзе ўжо сёння праводзяцца канцэрты акадэмічнай музыкі, адукацыйныя мерапрыемствы і падзея гэтых дзён — фестываль пластычнага тэатра «ПлаSтформа». Новую для сябе прастору набыў Белгазпрамбанк, вядомы сваёй карпарацыйнай калекцыяй з творамі Марка Шагала і Хаіма Суціна, фінансаваннем тэатральнага фестывалю «ТЭАРТ», стварэннем краўдфандынгавай пляцоўкі «Вулей» — адным словам, актыўнасцямі ў культурнай сферы краіны. Адкрыццё «Ок16», з аднаго боку, пацвярджае пэўныя сталічныя тэндэнцыі, з другога, новае месца выступае з унікальнай канцэпцыяй, пра якую мы распыталі ў кіраўніка праекта Георгія ЗАБОРСКАГА.
— Выкарыстанне заводскіх памяшканняў — ужо не новая практыка, і адкрыццё культурных прастор у Мінску стала пэўнай тэндэнцыяй. Значыць, калі адкрываецца новая незалежная пляцоўка, яна павінна прапанаваць нешта, што ніхто іншы пакуль не прапанаваў. Што прапануе «Ок16» з таго, чаго не стае Мінску?
— Для адказу трэба раздзяляць «Ок16» сёння і «Ок16» праз тры-чатыры гады, калі поўнасцю скончыцца рэканструкцыя. Наша ключавое адрозненне ў самой геаметрыі прасторы: вельмі высокія столі і адсутнасць калон дазваляюць пераўтварыць памяшканне ў тэатральную залу ў адрозненне ад многіх лофтаў, цудоўных у якасці галерэй і для арганізацыі хэпенінгаў, невялікіх канцэртаў і кірмашоў. Аб'ектыўна толькі ў нас прастора дазваляе гледачу бачыць сцэну з любога месца, таму мы можам стаць пляцоўкай для альтэрнатыўнага эксперыментальнага тэатра. Да таго ж «Ок16» — гэта вялікая інфраструктура: не проста зала і не проста шэраг памяшканняў, а вялікі кавалак нерухомасці, які дазваляе правесці фестываль на пяць тысяч чалавек — падзею гарадскога маштабу, культурную, адукацыйную альбо ў сферы ІT.
— Тут можа змясціцца пяць тысяч чалавек?
— У суме ва ўсіх залах. Мы адкрываем іх па адным, пакуль мы можам ахапіць пяцьсот чалавек, з першага сакавіка будзе змяшчацца ўжо каля паўтары тысячы, с першага верасня — дзве з паловай тысячы і гэтак далей. «Ок16» — не адна зала, а дваццаць памяшканняў, у якіх паралельна могуць адбывацца розныя рэчы, таму ІT-канферэнцыю можна ў перспектыве пераўтварыць у цэлы ўніверсітэт. Яшчэ адным нашым адрозненнем з'яўляюцца механізмы, якія дазваляюць кансультаваць і развіваць праекты. Напрыклад, фестываль «ПлаSтформа» прыйшоў да нас з невялікімі бюджэтам і сцэнічным актывам, але, калі праект нам цікавы, наша сістэма дазваляе знайсці дадатковыя фінансаванне, абсталяванне, акцёраў, мы можам арганізаваць лекцыі. Прычым у нас няма ўласнага мастацкага альбо тэатральнага густу ў адрозненне ад лофтаў з канкрэтнай эстэтычнай арыентацыяй, мы ўлічваем погляды розных экспертаў, нават калі яны радыкальна розныя, таму ўсё, што можна развіваць, мы будзем развіваць. Цікава таксама паэксперыментаваць — паказаць у «Ок16» нешта масавае і таго ж гледача захаваць для ўльтраканцэптуальных рэчаў, зрабіць так, каб ён іх убачыў, растлумачыць, як глядзець гэты авангард. Лофтавае поле Мінска цудоўнае, але гэта закрытыя суполкі (першапачаткова і ў Маскве, і ў Берліне так было). Калі ты належыш пэўнай субкультуры, то заходзіш у лофт і адчуваеш сябе добра, а калі ты, умоўна кажучы, пенсіянер, які любіць класічныя музеі, — табе няўтульна, на цябе ніхто не звяртае ўвагі і не тлумачыць, якія тут правілы паводзін. Мы, наадварот, імкнёмся стаць сучаснай альтэрнатыўнай культурнай пляцоўкай, але для кожнага.
— Пяць тысяч наведвальнікаў — гэта, канешне, добры план, але як вы плануеце прыцягнуць такую колькасць гасцей, улічваючы, наколькі актыўна ў нас у прынцыпе наведваюцца культурныя мерапрыемствы?
— У першую чаргу праз падрыхтоўку публікі. Мы ўпэўнены, што сучаснае мастацтва і сучасныя тэхналогіі могуць быць цікавымі масам, калі прапаноўваць спосабы іх разумець. На «ПлаSтформу» прыйдзе шмат гледачоў, якія ніколі не бачылі пластычны тэатр, але мы праводзім лекцыі, забяспечваем інтэрнэт-публікацыі, якія тлумачаць, як тут што працуе. А яшчэ праз дружалюбнасць. У сваёй першай прасторы «Месца» я на ўваходзе сустракаў кожнага наведвальніка і расказваў, што тут можна рабіць. За кошт гэтага лофт станавіўся дружалюбным той публіцы, якая б іначай там згубілася. Для мяне добрым паказчыкам з'яўляецца тое, што людзі з асяроддзя маіх бацькоў ходзяць у «Ок16» на класічныя канцэрты, то-бок гэтая прастора можа падысці для розных пакаленняў, а значыць, прыцягнуць пяць тысяч вельмі розных людзей. Трэба проста выйсці за рамкі арт-субкультуры, якая прызвычаілася хадзіць па лофтах. Гэта, дарэчы, ужо адбываецца паўсюль: на адкрыцці «ПлаSтформы» ў прасторы «Верх» я бачыў шмат людзей, якія са здзіўленнем глядзелі на рэвіталізаваны завод, але прыйшлі з адкрытай да яго цікавасцю. Недзе дваццаць працэнтаў з іх у «Фэйсбуку» напісалі жорсткія каментарыі, затое астатнія адгукнуліся станоўча.
— Растлумачце, калі ласка, азначэнні «культурны інкубатар» і «культурны акселератар», якімі вы характарызуеце «Ок16».
— Гэта тэрміны з бізнес-свету, свету стартапаў. У інкубатары вялікай колькасці маладых камандаў даецца шанц з нуля на льготных умовах стварыць, напрыклад, свой бізнес. Акселератар — месца, куды прыходзіць ужо жывы праект, каб вырасці ў якасці, памерах і эфектыўнасці. «Ок16» — і інкубатар, і акселератар культурных праектаў. Мы хочам стаць своеасаблівай пясочніцай, куды можна прыйсці са сваёй камандай і з нуля нешта стварыць, але асноўная наша мэта — дапамагчы праектам, якія ўжо існуюць, вырасці за рамкі маленькіх незалежных прастор, з аўдыторыі ў некалькі дзясяткаў чалавек да некалькіх сотняў. Наступным мы запусцім фінцех-інкубатар, то-бок інкубатар праектаў, звязаных з фінансавымі тэхналогіямі. Нам гэта цікава, таму што фінцех вельмі цесна ўзаемадзейнічае з культурай, напрыклад, на краўдфандынгавай пляцоўцы «Вулей» большасць праектаў — культурныя, толькі з дапамогай «Вулля» яны атрымліваюць сродкі для рэалізацыі. Мы разумеем, што культура мае патрэбу ў новых інструментах, а новыя інструменты маюць патрэбу ў новым рынку, да таго ж культура здольная паскараць тэхналагічнае развіццё, таму мы ўпэўнены, што бум культурных стартапаў стане новым вітком эканомікі.
— Чаму вы ў гэтым упэўнены?
— У гонку ўступаюць розныя бачанні наступнага этапа: тэхналогіі і дроны альбо культура і пошук сэнсу жыцця. Добрым прыкладам з'яўляецца так званы «фіндэсьекль» — перыяд, што ахоплівае канец ХІХ і пачатак ХХ стагоддзя і пачынаецца з ультратрадыцыйнай віктарыянскай Англіі, а заканчваецца рускім авангардам. Тэхналогіі рванулі наперад, але яшчэ мацней рванула культура, што карысталася тэхналагічным прагрэсам, але яго апярэджвала, у тым сэнсе, што асвойвала свет і рыхтавала яго да будучыні. Прыкладна за пяцьдзясят гадоў жывапіс ад рэалізму прыйшоў да абстракцыянізму, Кандзінскага і «Чорнага квадрата» Казіміра Малевіча, а калі б не было «Чорнага квадрата», уся тэхналагічная гісторыя ХХ стагоддзя была б іншай. Мы б не маглі карыстацца сімваламі на экране смартфона, калі б нехта не навучыў нас, што нерэалістычная выява можа быць каштоўнай. Калі б мы па-ранейшаму малявалі паненак у крыналінах, не было б смартфонаў: уменне ўспрымаць абстрактныя вобразы зарадзілася ў матэматыцы ды мастацтве, а вырасла пасля ва ў тым ліку лічбавую рэвалюцыю. Мы верым, што пачынаецца нешта падобнае, але ўжо са сваім парадкам дня. Даводзіцца зноў шукаць адказы на пытанні, што мы тут робім альбо як змераць поспех — аўтамабілем, магчымасцю вандраваць ці смачным флэт уайтам з раніцы? У ХХ стагоддзя была вялікая амерыканская мара: уласны дом у прыгарадзе, аўтамабіль і доступ да культурных імпрэз. Ультрапоспех — гэта пентхаус у цэнтры горада, тры аўтамабілі, адзін з якіх спартыўны, яхта і самалёт. Такі дакладны крытэрый поспеху рана ці позна прыходзіць да крызісу. Сённяшні работнік працуе, як правіла, у сферы абслугоўвання альбо ў ІT-сферы, гэта значыць, што ён увесь час камунікуе з людзьмі альбо глядзіць у манітор. Ці ўсцешыць яго дом з тэлевізарам? Нехта кажа, што новым крытэрыем з'яўляецца магчымасць вандраваць — працаваць на Балі і траціць грошы ў Нью-Ёрку. Ёсць трэці варыянт: моцныя перажыванні. Адказы на гэтыя пытанні дае толькі культура, адкрыцці ў тэатры, літаратуры, фэшн-індустрыі. І мы ў «Ок16» збіраемся іх шукаць.
— Вы плануеце арыентавацца на мерапрыемствы, якія ўпішуцца не толькі ў беларускі кантэкст, але і сусветны...
— Так, і сувязь павінна ісці ў два бакі — імпарт і экспарт. Раз на два месяцы са свету да нас пры дапамозе суполкі «Artemp» прыходзяць канцэрты сучаснай акадэмічнай музыкі з шырокай геаграфіяй музыкантаў і кампазітараў. Адбываюцца нават сусветныя прэм'еры. Гэта наш спосаб нанесці «Ок16» на карту аматараў культуры старэйшых пакаленняў і на карту замежных творцаў, таму што рэзананс ад гэтых канцэртаў у прафесійных колах свету куды большы, чым у мінскага масавага гледача. У той жа час сумесна з «Аrt соrроrаtіоn» мы ставім спектаклі, якія паказваюцца адборшчыкам і маюць магчымасць быць адабранымі на міжнародныя форумы. Больш за тое, на фестывалі «ТЭАРТ» плануецца прыбраць такія катэгорыі, як замежныя і беларускія пастаноўкі. Калі спачатку ён імкнуўся абараніць маладых, магчыма, не вельмі вопытных, аўтараў, то за два гады працы акселератара мы ўзмоцнім беларускіх пастаноўшчыкаў настолькі, што яны змогуць смела суседнічаць з Хайнэрам Гёбельсам у агульнай праграме. Калі гэта адбудзецца, беларускі тэатр актыўна пачне паказвацца ў свеце.
— Вы сказалі, што рэзананс ад канцэртаў класічнай музыкі ў «Ок16» у свеце куды большы, чым у Мінску. Як вы гэта заўважаеце?
— Па заяўках. Спачатку да нас звярталіся толькі беларусы, але ў арт-колах добра працуе сарафаннае радыё, пост у інтэрнэце менш эфектыўны, чым рэкамендацыя ў кулуарах. Гэты кулуарны працэс ідзе як адзін з вынікаў — хутка ў нас будзе сусветная прэм'ера шведскага сучаснага тэатра. Звяртаюцца і музыканты з акадэмічнага поля, маўляў, у нас ёсць цікавы твор, ва Усходняй Еўропе мы яго яшчэ не ігралі, давайце мы за свае грошы прыедзем з Нью-Ёрка і зробім канцэрт.
— З тых, хто прыйдзе да вас з надзеяй на комплексную дапамогу, каго вы выбераце, а каго адсееце?
— Па-першае, гэта павінен быць праект, які па зразумелых прычынах не падыходзіць для незалежных пляцовак меншага памеру, нам важна не выпальваць поле вакол. Па-другое, ён павінен быць дастаткова ўніверсальным у сэнсе мовы і тэматыкі. Мы не супраць лакальных беларускіх ідэй, але мы ведаем, што для іх ёсць інфраструктура, а наша задача — пераадольваць межы. Па-трэцяе, хочацца бачыць патэнцыял да сінергіі паміж рознымі напрамкамі, якія мы развіваем: нам спадабаецца тэатр, што інтэгруецца з тэхналогіяй VR, выстаўка з цікавай эканамічнай мадэллю падтрымкі мастакоў, галерэйны праект з выкарыстаннем класічнай музыкі, карацей, розныя дзіўныя ўзаемадзеянні. Але ўсё папярэдняе можа перакрыць толькі адна ўмова — прызначанасць менавіта для нашага завода з высокімі столямі, старымі сценамі і жалезнымі бэлькамі. Калі праект можа гэты антураж асэнсаваць і пераўтварыць у творчы альбо адукацыйны акт, то, канешне, ён наш, таму што першапачаткова народжаны для гэтага месца.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/georgiy-zaborski
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya