Больш як два гады таму, у снежні 2015-га, будучая алімпійская чэмпіёнка гаварыла аб незадаволенасці сваім выступленнем у Сочы, расказвала пра хобі і дзялілася чаканнямі ад новага сезона. Прыводзім тэкст той размовы сёння, калі Ганнай Гуськовай па праве ганарыцца ўся Беларусь.
...Гэта, мабыць, самы эфектны і відовішчны зімовы від спорту. Ад лыжных акрабатаў, якія выконваюць піруэты ў паветры, часам немагчыма адвесці вачэй, а яны бясстрашна разганяюцца і ўзлятаюць. У Беларусі фрыстайл ужо даўно палюбіўся заўзятарам, бо нашы спартсмены рэгулярна песцяць суайчыннікаў прызавымі месцамі, а імёны беларусаў ведае ўвесь спартыўны свет. Пасля завяршэння кар'еры алімпійскай чэмпіёнкі Алы Цупер жаночая зборная не засталася без таленавітых спартсменак. Ганна Гуськова вырасла на перамогах старэйшых калег і раней не заставалася ў цені іх славы, а цяпер, здаецца, настаў яе час. Ганна ўжо паспела прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах свету, таксама станавілася неаднаразовым прызёрам этапаў Кубка Еўропы, а ўвосень гэтага года выйграла адкрыты чэмпіянат Беларусі па скачках на лыжах у ваду. Гэта дало падставу пазнаёміцца з нашай галоўнай надзеяй будучага спаборніцкага года бліжэй.
— Аня, як прайшла падрыхтоўка да сезона?
— Правялі некалькі збораў, пабывалі ў Швейцарыі, Фінляндыі, дома скакалі ў ваду. Сезон стартуе з этапаў Кубка Еўропы, потым этап Кубка свету ў Пекіне, пасля Новага года этапы ў ЗША, Іспаніі, Расіі. У сакавіку 2016-га будзе і хатні старт, тут галоўнае, каб не падвёў снег.
— Чаго чакаеш ад новага сезона?
— У першую чаргу, вядома, п'едэсталаў. Гэта мая мэта, і я вельмі да яе імкнуся, нездарма ж мы столькі трэніруемся. У гэтым сезоне буду ўскладняць сваю праграму, бо двайнымі сальта ўжо нікога не здзівіш. І хлопцы, і дзяўчаты скачуць трайныя, канкурэнцыя вельмі вялікая.
— Са спартсменамі з якіх краін давядзецца змагацца за п'едэстал?
— Сёння сярод наймацнейшых кітайцы, расіяне і мы, вядома.
— Можна сказаць, што ты расла ў чэмпіёнскай атмасферы, бо побач заўсёды былі Дашчынскі, Цупер, Казека...
— Гэта збоку здаецца, што яны нейкія нерэальныя — жыхары неба. А на самай справе, калі ты трэніруешся ў такой кампаніі, то гэтага асабліва і не заўважаеш. У нас у камандзе ўсё так выдатна: усе добрыя, усе адно аднаму дапамагаюць, вельмі згуртаваны калектыў. Вядома, заўсёды хочацца браць прыклад з нашых чэмпіёнаў. Калі яшчэ Дзіма Дашчынскі сам скакаў, пастаянна назірала за ім і адзначала нешта для сябе. Ну, а Мікалай Іванавіч — найвялікшы спецыяліст, я разумею яго ўжо з паўслова.
— Цяпер у ролі лідара ўжо ты, адчуваеш псіхалагічны ціск?
— Не, не сказала б. Разумею, што на мяне ўскладаюць надзеі, таму павінна ў два разы, у тры, а то і ў дзесяць, больш трэніравацца. У прынцыпе, уся адказнасць перайшла да нас, але я спакойна да гэтага стаўлюся.
— Ты ўжо паспела выступіць на Алімпіядзе. Якія адчуванні?
— Я не зусім задаволена тым, што паказала ў Сочы (21-е месца), але затое атрымала вопыт. Па адчуваннях гэта было, вядома, страшна, але па тэлевізары ўсё выглядае больш феерычна, здаецца, так усё прыгожа, а калі ты сам там знаходзішся, то адчуваеш сябе, як на звычайных спаборніцтвах. А можа, я проста не разумела, што была Алімпіяда, лятала, як быццам у космасе.
— Збоку не страшна назіраць за скачкамі?
— Ужо столькі гадоў трэніруешся, што глядзіш на гэта, як на звычайную справу. Іншае — скакаць самому: страшна заўсёды, нават калі прызямляешся ў ваду.
— Што тады прывяло цябе ў фрыстайл?
— Яго для мяне выбралі мае бацькі. Наогул, мама займалася мастацкай гімнастыкай, і калі б не тата, то я таксама б стала гімнасткай. А тату нешта звязвала з фрыстайлам, таму вырашылі аддаць мяне туды і ніхто не пытаўся, хачу я ці не. Рана пачала трэніравацца — у 7 гадоў, а ў 9 ужо перавярнулася ў ваду, праз год скакала на снег. Потым пачаліся зборы, паездкі і так зацягнула, я нават не думала, што можа быць штосьці, акрамя фрыстайла.
— Пры гэтым спорт не адабраў дзяцінства?
— Не, яно было ў мяне наогул шыкоўным. Цяпер дзеці могуць нам толькі пазайздросціць, замест тэлефонаў і айпадаў у нас былі пясочніцы.
— Зараз ужо бацькі не шкадуюць, што аддалі цябе ў такі траўматычны від спорту?
— Вядома, яны заўсёды нагадваюць мне пра гэта, напэўна, хвалююцца, але ўвогуле, думаю, ужо прывыклі. Гэта мая праца, і ў кожнага яна свая, бо ніякі чалавек не застрахаваны: выйшаў на працу, лядзяш на галаву зваліўся... Таксама і ў нас.
— Ці даводзілася скакаць пры экстрэмальных умовах надвор'я?
— Зімой надвор'е наогул непрадказальнае: і снег, і туман рэзка могуць з'явіцца. Я памятаю адзін раз: мы прыехалі на схіл, я выязджаю і нічога не бачу далей за сваю руку. Ну, у прынцыпе, у такіх выпадках трэніроўкі адмяняюць, але бываюць моманты, калі адмены быць не можа, напрыклад на Алімпіядзе ў Ванкуверы. Яшчэ шмат што залежыць ад ветру, ён можа быць сустрэчным або спадарожным, у залежнасці ад гэтага на схіле мы становімся вышэй або ніжэй. За гэтым назірае трэнер, ён стаіць з прыборам і аналізуе сітуацыю. Наогул, я люблю зіму, але толькі не з вельмі моцным марозам, таму што, калі скачаш, усё замярзае і ты не можаш нармальна сканцэнтравацца.
— З перамогамі нашых суайчыннікаў на Алімпійскіх гульнях фрыстайл становіцца ўсё больш папулярным у Беларусі.
— Так, раней многія не разумелі, што гэта такое, калі я гаварыла, чым займаюся. Большасць людзей думала, што гэта напрамак танцаў. Мяне такое, шчыра кажучы, раздражняла. А цяпер ужо ўсе ведаюць і адразу называюць імёны лідараў. Тым больш калі адкрыўся цэнтр фрыстайла ў Мінску, куды людзі могуць прыйсці проста адпачыць у басейне і заадно назіраць за нашымі трэніроўкамі. А наогул, калі казаць пра Беларусь, то яна заўсёды адрозніваецца сваёй чысцінёй і людзьмі. Яны ў нас больш добрыя ці што. У Амерыцы, напрыклад, людзі, на мой погляд, дзіўныя — дзіўна апранаюцца, дзіўна размаўляюць. У нас грамадства нейкае згуртаванае, падыдзеш на вуліцы, штосьці спытаеш — табе не толькі раскажуць, але і пакажуць.
— Калі б да цябе прыехаў госць з іншай краіны, што б ты яму ў першую чаргу паказала?
— Цэнтр «Фрыстайл» (смяецца). У нас жа ёсць зараз турыстычны аўтобус, які па Мінску возіць, я разам з ім бы, напэўна, села і паслухала пра Беларусь.
— На некаторых тваіх фота відаць, што ў цябе ёсць татуіроўкі...
— Так, першую я зрабіла ў 17 гадоў, ідэя прыйшла спантанна, мне проста захацелася нешта набіць, у выніку пайшла і зрабіла. Некаторыя людзі ўкладаюць у малюнкі на целе нейкі адмысловы сэнс, у мяне такога няма. Калі гэта надпіс, то так, вядома, а калі малюнак — не, ён проста табе спадабаўся. На ключыцы ў мяне напісана «імкнуцца ўгору», на правай руцэ выбіта пума, а на левай — кветка з пяром, якая яшчэ будзе працягвацца. Ніякай філасофіі я туды не ўкладвала.
— Што яшчэ хочаш набіць?
— Не ведаю, гэта ж трэба думаць, неабходны час: мне ўсё-такі з імі хадзіць усё жыццё.
— Чым любіш займацца, акрамя спорту?
— Калі ёсць вольны час, фатаграфую людзей і сябе (смяецца). Люблю хэнд-мэйд, што толькі не раблю. Люблю маляваць, але яшчэ не ўмею. А наогул, мая мара — шыць вопратку. Пакуль на гэта, на жаль, не хапае часу. З больш экстрэмальнага люблю сёрфінг.
— Таму, напэўна, аддаеш перавагу адпачынку на моры?
— Мне ўсё роўна, дзе праводзіць адпачынак, галоўнае, каб быў час і сонца.
— Якія рысы характару ты не любіш ў сабе?
— У мяне, верагодна, завышаная самаацэнка, але люблю ў сабе ўсё. Я вельмі добрая — гэта адначасова добра і дрэнна, таму што часам людзі карыстаюцца. А вось у іншых мяне найбольш расчароўвае хлусня, асабліва калі гэта адбываецца нахабна, у вочы.
— Чытаць любіш?
— Шчыра кажучы, не вельмі, апошняе, што чытала «Бягучы за ветрам» Халеда Хасейні. Цікавы раман, рэкамендую. Многае хочацца прачытаць, але не хапае часу. Квіткі з кіно збіраю, дарэчы, я не магу зразумець, як іх можна выкінуць, бо гэта такая памяць.
— Твае сябры таксама спартсмены?
— Неабавязкова, яны ў мяне зусім розныя людзі. А мая каманда фрыстайлістаў — гэта дакладна мае сябры. Мы з самага дзяцінства разам, і ўсе жывём фрыстайлам, таму заўсёды ёсць пра што пагаварыць. У сябрах галоўнае, каб яны былі сапраўднымі, у мяне толькі такія.
— Як ставішся да папулярнасці і «зорнай» хваробы?
— Я яшчэ нічога не дасягнула, каб лічыць сябе зоркай. Адразу пасля спаборніцтваў людзі пазнаюць, а так — не, таму я да гэтага стаўлюся спакойна. Калі б прыхільнікі стаялі ў мяне пад вокнамі — іншая справа. У любым выпадку, я дакладна ведаю, што «зорная» хвароба мне не пагражае, таму што ёсць людзі, якія паставяць на месца.
— Што пажадаеш заўзятарам напярэдадні новага сезона?
— Хварэйце за Беларусь, хварэйце за нас, ваша вера ўсяляе ў нас надзею. У сакавіку Раўбічы прымуць этап Кубка свету, усіх запрашаю на спаборніцтвы, падтрымайце не толькі нас, але і ўдзельнікаў з іншых краін, каб яны адчулі беларускую гасціннасць. Нашы гледачы заўсёды вельмі добра хварэюць, у мінулы раз, нягледзячы на моцны мароз, людзі ўсё роўна прыязджалі і выдатна падтрымлівалі спартсменаў.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Фота pressball.by, БЕЛТА, REUTERS, vk.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyada-2018
[4] https://zviazda.by/be/tags/ganna-guskova
[5] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni
[6] https://zviazda.by/be/tags/frystayl