Пошукі Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы працягваюцца, паведамілі ў прэс-службе Гродзенскага УУС.
Жыхар вёскі Новы Двор Свіслацкага раёна Максім Мархалюк знік [1] у сярэдзіне верасня 2017 года. З тых часоў пошукі 10-гадовага дзіцяці ў Белавежскай пушчы не спыняюцца.
"У рамках крымінальнай справы праводзяцца адпаведныя мерапрыемствы, не такія маштабныя, як раней, але мы спадзяемся на вынік. Працуе спецыяльная група, куды ўваходзяць следчыя і супрацоўнікі міліцыі, - адзначае першы намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Шастайла. - Разглядаюцца дзве асноўныя версіі - няшчасны выпадак і крымінал. Праверана больш за 5 тыс. чалавек. У першую чаргу правяраліся раней судзімыя, у тым ліку тыя, хто здзяйснялі злачынствы на сексуальнай глебе, а таксама ўсе, хто знаходзіўся ў гэты час у месцы знікнення дзіцяці. Для такіх мэтаў выкарыстоўваўся паліграф".
У прэс-службе паведамілі, што версія аб дарожна-транспартным здарэнні не знайшла свайго пацверджання. Устаноўлена, што ніхто са сваякоў не замешаны ў знікненні Максіма Мархалюка.
"Некрымінальная версія працягвае быць асноўнай. Пры дапамозе спецыялістаў даследавана значная частка цяжкадаступных месцаў, напрыклад, балоты. Але тут нашы магчымасці абмежаваныя. Дабрацца да дна ў кожным вадаёме не ўяўляецца магчымым.Па выніках узаемадзеяння з праваахоўнымі органамі сумежных дзяржаў адсеялася здагадка аб магчымым вывазе дзіцяці за мяжу, - распавёў Аляксандр Шастайла. - Са змяненнем умоў надвор'я пошукавыя мерапрыемствы будуць працягнутыя ў больш актыўным ключы. Усе мы спадзяемся, што атрымаецца атрымаць інфармацыю, якая дазволіць праліць святло на знікненне Максіма Мархалюка".
БЕЛТА [2]
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/news/20170920/1505926068-pensiyanera-vynesli-z-lesu-na-rukah
[2] http://www.belta.by
[3] https://zviazda.by/be/tags/maksim-marhalyuk