«Так...»
Маша любіла гэтае слова: яно, кароткае — усяго тры літаркі, мела дзівосную ўласцівасць — «збіраць» у кучку ўсе яе думкі, адсякаць непатрэбнае, канцэнтравацца на самым важным.
Вось зараз, напрыклад, ёй трэба было дагатаваць абед і сабрацца на працу. На ўсё пра ўсё, як той казаў, гадзіна часу. І Маша павінна была, магла паспець: закінуць у мультыварку ўсё для супу, «наляпіць» катлетак, зрабіць лёгкі макіяж, адзецца, абуцца і выбегчы на прыпынак.
Сёння, як учора, як летась і пазалетась...
За час замужжа яна прывыкла штодня (выхадныя не ў залік) падымацца а сёмай раніцы, карміць сям'ю сняданкам ды выпраўляць з хаты, а самой потым брацца за абед — найперш для мужа, бо той, яшчэ ў войску «пасадзіўшы» страўнік, фізічна не пераносіў не тое што нейкіх ссабоек, нават абедаў у сталовай: еў толькі сваё, дамашняе, жончына. З-за чаго, дарэчы, нават працу змяніў: сышоў з больш грашовай, з завода (здароўе даражэй), уладкаваўся ў суседні ЖЭС.
Пасля гэтага (ну што казаць) Машына жыццё ўскладнілася: цяжкавата было (асабліва па першасці) кожны ранак стаяць ля пліты, выдумляць ды гатаваць нешта свежае. Але ж потым уцягнулася, прывыкла, ды што там — ёй нават прыемна было адчуваць сваю незаменнасць. «Ну вось жа, — думала час ад часу, — мужчына, дужы, разумны, не бязрукі, а на кухні — што тое дзіця: без яе зусім прапаў бы!»
Слава, здаралася, ёй гэта казаў: што прыемна — не раз і нават пры сведках...
«Так, — яшчэ раз паўтарыла Маша, — суп варыцца, катлеты ў каструлю і на па́ру. Самой можна адхінуцца на макіяж». Балазе гэта недалёка: яна папрасіла — і Слава побач з халадзільнікам спецыяльнае люстэрка павесіў, маленькую палічку прыбіў. Таму зараз ёй патрэбы не было некуды адхінацца: адным вокам, што называецца, магла сачыць за «працэсамі» на пліце, другое — фарбаваць.
Тэлефон... Зранку... Што дзіўна было, — гарадскі і зусім недарэчы. Маша кінула на палічку туш, сказала сваё: «Алё».
— Гэта кватэра Кулікоў? — пытаўся ў яе нехта незнаёмы.
— Так.
— Запішыце адрас.
— Які? І навошта? — спытала Маша, паспеўшы ўспомніць, што гэта некалі яе бацькі-вяскоўцы маглі скарыстацца аказіяй — з некім перадаць «гуманітарку»...
Мужава радня, здаралася, таксама штось перадавала з Піцера — з правадніцай цягніка.
Але ж гэта было ў мінулым стагоддзі. Цяпер, калі амаль што, у кожнага ёсць мабільнік, нешта адпраўляючы, ім бы пазванілі, папярэдзілі, сказалі той адрас самі...
— Дык вы запісваеце? — дапытваўся нехта ў Машы. — Вуліца Савецкая, дом...
Голас у слухаўцы гучаў як з бочкі (ці з ужо забытага тэлефона-аўтамата?), ён то прападаў, то зноў «выплываў». Нешта з яго запісваць (а тым больш адрас — прыблізна...) сэнсу не мела. А вось падысці да пліты — яшчэ і як.
Маша паклала слухаўку, паглядзела катлеты, выключыла суп, падфарбавала вочы. Імі, значна прыгажэйшымі, зірнула на тэлефон. Той, на шчасце, маўчаў. «Значыць, не адзін Гаўрыла ў Полацку, а Кулік у Мінску», — не паспела падумаць яна, як апарат азваўся яшчэ раз. І... усё пачалося спачатку:
— Кватэра Кулікоў?
— Кулікоў.
— Пішыце адрас...
— Чый?! — зноўку пытала Маша, павысіўшы голас.
— Вуліца Савецкая... Запісалі?
Трэба сказаць, што на гэты раз сувязь была значна лепшай (Маша, прынамсі, чула ўсё), а вось яе — не... Ці рабілі выгляд, бо жанчына як заведзеная пляскала сваё:
— Савецкая, дом 45... Кватэра... Вы запісалі?
— Я запомніла, але што там?!
— Там, вы гэта павінны ведаць (кожнае слова цяпер гучала адрывіста — як праз паўзу)... Там жыве каханка вашага мужа... Яны разам ужо тры гады...
Словы гэтыя сцебанулі наводмаш і настолькі балюча, што Маша яшчэ раз... кінула трубку.
«Так...» — зноў сказала сабе. Але гэтае слова больш не працавала: думкі разбегліся ва ўсе бакі і ў кучу збірацца нават не думалі. «Значыць, ён як усе... Як іншыя. Анічым не лепшы... Тры гады... Гэта што — ён адсюль, з дому сыходзіў туды? А яна яму свежанькі супчык, паравыя катлеткі... Каб хаця не хварэў...»
Твар яе палаў ад сораму і абразы, сэрца сціскалася ад болю, ёй — здавалася — не было чым дыхаць. «Так, — загадала сабе яшчэ раз, — трэба выключыць газ, узяць пад язык таблетку, расчыніць акно...»
Яно, іх кухоннае, выходзіла ў двор, дзе — міжволі заўважыла — стаяла... машына мужа. Але чаму, калі гадзіну таму ён паехаў на працу? І што — вярнуўся? Бо неяк звязаны з жанчынай, якая толькі што званіла, ці...
Была за ім (Маша ведала) яшчэ адна абсалютна незразумелая звычка — з'яўляцца побач, калі ёй было вельмі дрэнна. Слава жартаваў яшчэ, што адчувае гэта на адлегласці, — як той сабака...
Вось і зараз з калідора данесліся ягоныя хуткія крокі, забразгалі ключы, адчыніліся дзверы. Усё адбывалася настолькі хутка і нечакана, што ні выйсці насустрач, ні хоць нешта сказаць Маша не змагла.
— Што з табой? — спалохана спытаў муж. — Сэрца? З-за чаго?
— Мне толькі што званілі... Нейкая жанчына, — з цяжкасцю гаварыла Маша.
— ...І што сказала? Нехта памёр? — дапытваўся Слава.
— Ты...
— ?!
— Яна сказала, што ў цябе ёсць іншая... Што яна жыве па адрасе: вуліца Савецкая, дом 45, кватэра...
— І ты ёй паверыла?
Кожнае слова цяпер ужо муж прамаўляў праз паўзу.
— А не трэба было?
Слава моўчкі паглядзеў на яе і пайшоў на балкон.
На пліце ўжо «дайшлі» катлеты. Гадзіннік «крычаў», што ёй пара на прыпынак (спазняцца на працу не выпадала ніяк).
Таму, спехам прычасаўшыся і адзеўшыся, яна рушыла да дзвярэй.
— Я цябе падвязу, — падрадзіўся муж.
«Значыць, размаўляць ён мяркуе па дарозе? — здзівілася Маша. — На хаду? Што ж — гэта лепей, чым чакаць да вечара».
На ватных нагах яна выйшла з кватэры, спусцілася са свайго паверха, села ў машыну — яны паехалі. Моўчкі...
Слава добра кіраваў машынай, Маша давярала яму — прычым настолькі, што раней, уладкаваўшыся побач, нешта вязала альбо, сеўшы ззаду, уголас чытала кніжкі — дзецям і яму...
А вось цяпер яна думала — аб тым, што было і што ж будзе. Думала засяроджана і пакутліва — аж пакуль муж не тармазнуў на чарговым святлафоры, прычым неяк рэзка.
— Куды мы едзем? — схамянуўшыся ды зірнуўшы па баках, спытала Маша.
— Як куды? На вуліцу Савецкую, дом 45... — адказаў Слава.
— Чаго?
— Ну цікава ж...
Маша любіла і магла пасмяяцца. Але, здаецца, ніколі яшчэ не смяялася так, бо вось гэтае мужава «цікава ж» яна ўжо чула: чула, калі Слава, упершыню прыехаўшы да яе бацькоў, пайшоў з матуляй... даіць карову, потым — з бацькам — запрагаць каня і даглядаць пчол. Да таго ж па дарозе ў вёску альбо адтуль ён мог калі-нікалі спыніцца каля нейкай царквы ці старога млына, каля звычайных вясковых могілак ці хаціны з прыгожымі аканіцамі, бо яму і сапраўды было вельмі цікава — нешта ўбачыць самому, нешта паказаць сям'і.
Вось і зараз, як высвятляецца, ён вёз яе, Машу, зусім не на працу (хоць гэта і крыху па дарозе), а туды, дзе жыве...
Значыць, «не жыве»?! Значыць, усё няпраўда?!
Каму і навошта яна спатрэбілася? Хто хацеў пасварыць іх, можа, нават разбурыць сям'ю, аб гэтым Маша збіралася падумаць заўтра, а сёння...
Сёння яна сказала сваё любімае:
— Так... На Савецкую мы не едзем, бо што там рабіць? Мне, ва ўсякім разе... Але ў нас ёсць дзесяць хвілін часу.
— З мяне кава? Ці марозіва? — спытаў муж, кіруючы ў бок гастранома.
...Ён жа недзе праз гадзіну на яе электронную пошту скінуў ліст, у якім, апроч іншых звычных і мілых слоў, была... новая версія стварэння свету. Паводле яе, першы мужчына быў не адзін — іх, Адамаў, Бог стварыў ... дзесяць! І ўсё адно яны сумавалі. Тады Бог прыдумаў для іх занятак: прынёс гліны і цукру, сказаў, каб кожны — з гэтай вось «сыравіны» — зляпіў сабе жонку (а ён іх потым «ажывіць»).
Мужчыны загарэліся, яны вельмі стараліся, бо кожны, дабаўляючы слодыч, ляпіў сваю, для сябе, якую хацеў...
Бог, «прымаючы работу», гэта ацаніў. Але ж не мог не заўважыць (прычым уголас), што цукру было адзінаццаць кавалачкаў, а не дзесяць. Значыць, нейкі з мужчын паклаў у свой «выраб» два? Высвятляць, каторы з іх (і ў каторую з жанчын), не было часу і, як быццам, патрэбы? Але пытанне засталося...
І з той самай пары дзевяць мужоў з дзесяці перабіраюць жанчын — шукаюць тую, самую салодкую.
І толькі адзін з іх гэтага не робіць, бо... з'еўшы той дадатковы драбочак цукру, дакладна ведае: «найсаладзейшая» з жанчын — свая.
Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyccyapis
[4] https://zviazda.by/be/tags/valyancinkay
[5] https://zviazda.by/be/tags/syamya
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhonka
[7] https://zviazda.by/be/tags/zhyccyo
[8] https://zviazda.by/be/tags/kahanka
[9] https://zviazda.by/be/tags/muzh-i-zhonka
[10] https://zviazda.by/be/tags/kahanne