У дзяцiнстве ён марыў стаць ветэрынарам, потым — медыкам. А яшчэ мог стаць штурманам альбо iнжынерам на заводзе. Але сямейная традыцыя ў сукупнасцi з выпадкам распарадзiлiся iнакш, i сёння Дзмiтрый РАБАЎ — бадай, самы вядомы беларускi сiноптык i ўжо амаль паўгода вядучы рубрыкi пра надвор'е на тэлеканале АНТ.
Пра тое, якiмi вятрамi слесара мiнскага завода «Гарызонт» занесла на Паўночны фронт, а адтуль зноў у Мiнск, дзяжурны сiноптык АНТ расказаў «Звяздзе».
Хто такiя сiноптыкi?
— Я ў дзяцiнстве кiм толькi не хацеў быць — ветэрынарам, батанiкам, урачом... Адно што не касманаўтам, — смяецца Дзмiтрый. — Пасля 8 класа падаў дакументы ў медвучылiшча, здаў экзамены i... перадумаў, вярнуўся ў школу. Потым разам з сябрам адпрацаваў гады два на «Гарызонце» слесарам — рамантавалi канвееры. А далей сябра забралi ў армiю, неўзабаве была мая чарга, задумаўся: куды iсцi далей?
— I якiм чынам трапiлi на флот?
— Рэч у тым, што мой бацька — ваенна-марскi афiцэр, некалi скончыў Бакiнскае вучылiшча, i ў дзяцiнстве я шмат часу праводзiў то ў Мiнску, дзе вучылася мама, то на Далёкiм Усходзе, ва Уладзiвастоку, дзе на ваенна-марской базе служыў бацька. Не скажу, каб я з маленства захапiўся морам, аднак пасля школы вырашыў iсцi вучыцца таксама ў мараходку. У ваенкамаце далi спiс вучылiшчаў, i я лiтаральна трапiў пальцам у неба — тыцнуў у Санкт-Пецярбург, у Вышэйшае ваенна-марское вучылiшча iмя Фрунзэ. Дарэчы, найстарэйшае з усiх iснуючых у СССР, яно некалi было створана яшчэ Пятром I як Школа матэматычных i навiгацкiх навук, i менавiта адтуль выйшлi славутыя гардэмарыны i больш за сотню выдатных гiстарычных асоб: Белiнгсгаўзен (першаадкрывальнiк Антарктыды. — Аўт.), знакамiты этнограф, пiсьменнiк i ваенурач Даль, вядомыя генералы i адмiралы Калчак, Карнiлаў, Нахiмаў i мноства iншых...
На штурманскiм факультэце, куды я хацеў трапiць, не аказалася вольных месцаў; тое ж здарылася з iнжынерным. Спыталi: «Хочаш быць метэаролагам?» — «Вядома, хачу», — а хто такiя сiноптыкi i што яны робяць, нават прыблiзна не ўяўляў, максiмум — у школе вёў вучнёўскi «дзённiк назiранняў за надвор'ем» ды, як усе, глядзеў прагноз надвор'я ў праграме «Час». Але нечакана ўжо з першага курса гэта справа мне спадабалася, хоць i давялося падцягнуць нелюбiмыя раней фiзiку i матэматыку.
У Мiнск праз Мурманск
З 18 студэнтаў-метэаролагаў штурманска-гiдраграфiчнага факультэта да выпуску дайшлi толькi пяцёра. I толькi Рабаў атрымаў размеркаванне на «плывучы аэрадром» — авiяносец «Адмiрал Кузняцоў».
— Калi я прыехаў у Мурманск, нiбы трапiў у iншы сусвет: клiмат, горад — усё iнакш. Першая зiма ў Запаляр'i, асаблiва палярная ноч, стала сапраўдным выпрабаваннем. Пражыць паўгода без сонца было надзвычай цяжка, i да гэтага я так i не змог прызвычаiцца. Асаблiва ўразiў карабель: уявiце сабе крэйсер памерам з 20-павярховы дом, такi аўтаномны горад у горадзе, дзе ёсць усё для жыцця. (На палубе гэтага гiганта даўжынёй больш як 300 метраў адначасова можа знаходзiцца да 50 самалётаў i верталётаў, у залежнасцi ад мадыфiкацыi, а экiпаж складае да 2000 чалавек. — Аўт.).
Амаль увесь час, за выключэннем зiмы, калi Баранцава мора замярзала, мы праводзiлi ў плаваннi. Я праслужыў на «Адмiрале Кузняцове» пяць гадоў: спачатку быў iнжынерам, потым стаў кiраўнiком метэаслужбы. У мяне ў падпарадкаваннi было 12 матросаў, 3 мiчманы i 2 афiцэры, а ў абавязкi ўваходзіла перш за ўсё забеспячэнне нармальнай работы i бяспекi карабля. Шторанiцы, незалежна ад таго, буднi гэта цi выхадныя, а 6-й гадзiне я самым першым прыбываў з дакладам да адмiрала — камандзiра карабля. А ён, зыходзячы з атрыманых звестак, прымаў рашэнне, як дзейнiчаць далей: цi варта кiдаць правы або левы якар, цi станавiцца на бочку, праводзiць работы ўнутры карабля ў сувязi з моцнымi маразамi цi ладзiць мерапрыемствы на палубе, калi надвор'е адносна добрае. Насамрэч правiльна ацанiць умовы надвор'я, асаблiва ў моры, — надзвычайная адказнасць: за экiпаж, за карабель, за верталёты i знiшчальнiкi, якiя мусяць садзiцца на палубу... За памылкi ў гэтай справе, якiя прывялi да аварыi, прадугледжана нават крымiнальнае пакаранне — здаецца, ад 3 да 8 гадоў. Дзякаваць богу, падчас маёй службы такiх сiтуацый не здаралася.
— Для большасцi з нас мора — гэта рамантыка. Цi была яна падчас вучобы i службы альбо толькi фiзiка з матэматыкай?
— Вядома, была, куды без яе. У доўгiм плаваннi, акрамя напружанай працы, ведаеце, якая ў нас была самадзейнасць! Ад кожнай баявой часцi хто спяваў, хто танцаваў, хто iграў на музычных iнструментах, конкурсы ладзiлi, спаборнiцтвы, святы самыя разнастайныя — гэта першы сродак ад маркоты. Я спяваць не ўмею, бо па адным вуху мядзведзь пахадзiў, па другiм слон, але з задавальненнем слухаў iншых, а пад гiтару ды гармонiк у агульным хоры мог i падцягнуць. А вось празмерная летуценнасць з галавы хутка выветрылася — усё ж работа была дастаткова руцiнная i практычна бесперапынная. Наогул, школа жыцця, якую праходзiш на караблi, — шыкоўная. У такой замкнёнай сiстэме адразу вiдаць, хто чаго варты, хто прыйдзе на дапамогу ў складанай сiтуацыi, а на каго нельга разлiчваць. Некаторых «сваiх» матросiкаў, учарашнiх школьнiкаў, мне давялося вучыць правiлам асабiстай гiгiены, паказваць, прабачце, як мыць бялiзну i прышываць гузiкi. А пад канец службы нават пэўны гонар браў, якiмi моцнымi, гатовымi да жыццёвых складанасцяў мужчынамi яны сталi, многiя потым нават лiсты пiсалi з падзякамi.
...Праз пяць гадоў, калi скончыўся кантракт, мне ўжо не было куды расцi як карабельнаму сiноптыку. У званнi капiтан-лейтэнанта звольнiўся з авiяносца. Прапанавалi ехаць яшчэ далей у Запаляр'е, у горад Палярны. Дзеля цiкавасцi з'ездзiў, паглядзеў: дзве гадзiны ў халодным аўтобусе, на канцавой — россып двух- i трохпавярховых дамоў, шмат дзе вокны пазабiваныя... На метэастанцыю нават не пайшоў, зразумеў: лепш пачаць усё з нуля ў родным Мiнску, чым правесцi тут усю маладосць. Ну i «адтрубiў» у Белгiдраметцэнтры 15 гадоў — ад звычайнага сiноптыка да кiраўнiка службы метэаралагiчных прагнозаў.
Цяпло звонку i знутры
Вiтаючыся, Дзмiтрый жадае не проста добрага, а найдабрэйшага дня. I найдабрэйшага надвор'я. А тыя прагнозы, якiя ён змяшчае на ўласнай старонцы ў сацыяльных сетках, — суцэльная лiрыка ды паэзiя...
— Вершы я не пiшу, — апярэджвае пытанне сiноптык, — проста хочацца данесцi да людзей не сухi прагноз накшталт «надвор'е хмарнае», а зрабiць яго яркiм i адметным. Я стараюся, каб незалежна ад градусаў за акном у чалавека, якi прачытае прагноз, заставаўся пазiтыўны настрой. Атрымлiваецца?
— I вельмi няблага. Дык што, акаўнт у сацсетках — гэта выключна рабочы iнструмент?
— Зусiм не. Я з дапамогай сацсетак падтрымлiваю стасункi з былымi саслужыўцамi i аднакашнiкамi, развiваю ўласны кругагляд з дапамогай розных тэматычных старонак, атрымлiваю карысныя парады i крытычныя заўвагi, прычым да апошнiх стаўлюся спакойна, многiя ўлiчваю i ўдасканальваюся. Праўда, актыўнiчаю я толькi ў «Фэйсбуку», iншыя платформы неяк не спадабалiся, дый часу на ўсе не хапае.
— Я ведаю, на што вы заўжды знаходзiце час: дамашнiя жывёлы.
— Так, гэта ў мяне з дзяцiнства — былi хамячкi, рыбкi, але перш за ўсё я «кашатнiк». Колькi сябе памятаю, заўжды прыцягваў дадому коцiкаў. Памятаеце, як у мультфiльме пра Прастаквашына: «Што гэта ў нас кашачым духам пахне?». Розныя пароды былi, але адназначна магу сказаць, што звычайныя дваровыя каты — самыя кемлiвыя, здольныя да навучання i прыстасаваныя да жыцця.
Гадоў 6-7 у Дзмiтрыя жылi знойдзены каля будынка Белгiдрамета кокер-спанiэль i выкiнутая кiмсьцi кошка. Пасля таго як улюбёнцы сям'i адзiн за адным пайшлi з жыцця, цяжка было вырашыцца ўзяць iншую жывёлiну, але ў пэўны момант усе дамашнiя ўсвядомiлi, што iм катэгарычна не хапае чатырохногага сябра. Цяпер гэта ёркшырскi тэр'ер, але неўзабаве плануецца папаўненне — вядома ж, кот.
— Сыну перадалася ваша любоў да жывёл?
— Безумоўна. А яшчэ, напэўна, перадалася дабрыня i спагадлiвасць наогул. Пра выбар прафесii гаварыць зарана — яму толькi 10 гадоў. Але ўжо вiдаць, што падабаецца тэхнiка. Для мяне машына — выключна сродак перасоўвання, звычайна езджу на метро, а для сына — сапраўднае захапленне, палова кватэры занятая машынкамi, канструктарамi, на планшэце стаяць праграмы пра машыны i самалёты. Час пакажа, цi прывядзе гэта цiкавасць у прафесiю альбо застанецца як хобi.
Атмасферны цiск эфiру
— Яшчэ ў Белгiдрамеце вы былi папулярнай медыяперсонай, а з верасня мiнулага года сталi вядучым уласнай рубрыкi на АНТ. Як асвоiлiся ў эфiры, цi давялося вучыцца чамусьцi новаму?
— Усяму, практычна з нуля. I дагэтуль вучуся. Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць кiраўнiцтву канала за тое, што даверылi мне, убачылi нейкi патэнцыял, падтрымалi ў няпросты перыяд. У эфiры з'явiлася больш магчымасцяў для творчасцi, я знаходжу цiкавыя факты, якiя аздабляюць рубрыку «Да гадалкi не хадзi...», робяць яе цiкавейшай для гледачоў. Цяпер яшчэ пiшу падводкi да прагнозу надвор'я ў «Нашых навiнах». А паралельна вучуся правiльнаму вымаўленню, падачы матэрыялу; дзякуй кiраўнiку ранiшняга вяшчання Таццяне Рудакоўскай i вядучай Кацярыне Цiшкевiч, якiя штодзённа займалiся са мной артыкуляцыйнымi практыкаваннямi, скорагаворкамi, далi шмат парад i падказак. I ўсё ж я бачу, што да добрага вядучага мне яшчэ працаваць i працаваць.
— Вы заўжды спакойна, з усмешкай расказваеце i пра незвычайна халоднае лета, i пра анамальна цёплую зiму. Цi ёсць у вас любiмая пара года?
— Усе сезоны па-свойму добрыя, i ў кожным можна знайсцi свае плюсы. Але, прызнаюся, цярпець не магу маразы. Проста ў жыццi давялося пабываць там, дзе было +50 (падчас далёкага марскога паходу па Мiжземнамор'i) i -50 (калi ў Мурманску стаялi такiя анамальныя маразы, што замёрз Кольскi залiў, што здаралася разоў мо пяць за больш як сто гадоў), i я зразумеў, што мароз — абсалютна не маё. Хаця клiмат Беларусi ў цэлым мне даспадобы — дастаткова спакойны, мяккi, без рэзкiх ваганняў.
— Сёння прагнозы надвор'я даступныя па ТБ, радыё, на iнтэрнэт-сайтах, нават у мабiльных тэлефонах. Каму даваць веры i як правiльна ацанiць лiчбы, каб не змерзнуць i не перагрэцца?
— Перш за ўсё раю карыстацца прагнозамi, якiя складзены прафесiяналамi. У iх ёсць самае важнае: аператыўная iнфармацыя, штармавыя папярэджаннi i г. д. Калi вы збiраецеся на адпачынак i не ведаеце, якога надвор'я чакаць, — знайдзiце ў iнтэрнэце афiцыйны сайт метэаслужбы гэтай краiны, дзе не проста сабраныя машынамi лiчбы, а скарэктаваныя спецыялiстам-сiноптыкам з улiкам атмасферных франтоў, вiльготнасцi i iншых паказчыкаў. А калi проста разважаеце, як лепш апрануцца, каб было камфортна, — абавязкова паглядзiце не толькi на тэмпературу паветра, але i на хуткасць i кiрунак ветру, на вiльготнасць. Так, пры паўночным ветры i высокай вiльготнасцi нават у «плюс» вельмi лёгка замерзнуць, а пры зацiшку — падаецца цяплей, чым паказвае тэрмометр. Словам, ацэньвайце iнфармацыю ў комплексе, i тады любое надвор'е для вас будзе калi не любiмым, то дакладна добрым.
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Фота прэс-службы АНТ i з архiва героя
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-rabau-0