Гэтай фотазамалёўкай “Звязда” пачынае серыю, прысвечаную Году малой радзімы.
Для Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна — гэта Ушачы. Кожнае лета паэт тут адпачываў, хадзіў за тры кіламетры на возера Вечалле, складаў фотаальбом “Вяртанне”, збіраў жывы вушацкі фальклор для кнігі “Здубавецце”. Рыгор Іванавіч гасцяваў у бацькоўскім дамку — на вуліцы Школьнай (а гэта у самым цэнтры гарпасёлка). Дагэтуль у гарадку весела ўспамінаюць, як сталічны паэт басанож хадзіў па вушацкіх вуліцах – за хлебам, на кірмаш, у кіёск – за газетамі.
Свой маленькі горад Барадулін вельмі любіў і называў яго так, як называла маці Акуліна Андрэеўна — Вушача. І таму раку, якая перасякае горад, дзядзька Рыгор таксама называў Вушачанка.
У 2002 годзе мне давялося наведаць Народнага паэта на радзіме, здымаць яго ў бацькоўскім доме, за пісьменіцкім сталом. На жаль, ужо чатыры гады няма сярод нас гэтага дасціпнага і вясёлага паэта. Рыгора Іванавіча пахавалі на ўшацкіх могілках, побач з магілай маці. Я ведаю, што 24 лютага, у Дзень нараджэння паэта, каля помніка збяруцца прыхільнікі таленту класіка.
А яшчэ ва Ушацкім раёне нарадзіліся два Народныя пісьменнікі — Пятрусь Броўка і Васіль Быкаў, паэтка Еўдакія Лось. Ушачы — таксама малая радзіма і гэтых знакавых для краіны асоб.
Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/god-maloy-radzimy-u-belarusi
[4] https://zviazda.by/be/tags/treba-doma-byvac-chascey