Мікола Шабовіч добра ведомы як выдатны гумарыст. Аўтар кнігі «Хор болей не спявае» (2008 г.), уганараванай Рэспубліканскай літаратурнай прэміяй «Залаты Купідон», зборніка літаратурных пародый «Прыколы ад Міколы» (2015 г.). А вось у якасці таленавітага лірыка паэт і перакладчык раскрыўся ў зборніку «Маладыя мроі маладога лета», які пабачыў свет напрыканцы 2017 года ў прыватным выдавецтве «МінКоПрынт». Пра гэтае выданне станоўча адгукнуліся не толькі філолагі, ветэраны педагагічнай працы, але і маладыя настаўнікі.
Цэнтральнае месца ў новай кнізе Шабовіча займае тэма кахання. Паэт жыве ўспамінамі пра маладыя гады, калі сэрца не ведае спакою, і верыць, што не ўсё яшчэ страчана. Мікола Шабовіч піша з вялікім пачуццём.
Будзь заўсёды зямной такой,
Ад якой нават боль сціхае.
Растрывож мой начны спакой
Дзіўнаспеўным сваім «кахаю».
Вершы характарызуюцца глыбокім лірызмам і вобразнай напоўненасцю, што яскрава паказвае эмоцыі і перажыванні закаханых. З асаблівай пяшчотай адлюстроўваюцца інтымныя пачуцці.
У раскрыцці тэмы кахання выкарыстоўваюцца такія мастацкія формы, як трыпціх і дыпціх. Мы знаходзім іх у раздзеле «Дзень Святога Валянціна». Лірычны герой успамінае шчаслівыя дні маладосці і шкадуе, што шляхі закаханых разышліся:
Сягоння Дзень Святога Валянціна.
Дзень закаханых. Што ж тады, скажы,
Разбегліся дзве лёсу пуцявіны,
Пачуцці ўраз распяўшы на крыжы.
Заслугоўвае ўвагі цыкл вершаў «Твая прафесія — настаўнік». Сам Мікалай Віктаравіч пяць гадоў працаваў на ніве адукацыі ў Вілейскім раёне. Паэт піша:
Ад сівой даўніны мудрых думак сувой
Не згубіўся ў вяках і сягоння дарэчы:
«…Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,
А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы».
Мікола Шабовіч адчувае віну перад сваімі настаўнікамі, якія ўжо пакінулі гэты свет, за тое, што «…не сказаў расчуленага слова, / Калі яго маглі вы шчэ пачуць». І выказвае гонар за прафесію настаўніка:
І веру я, што час настане
І скажа хтось, пражыўшы век:
«Мая прафесія — настаўнік!
І я — шчаслівы чалавек!»
Тэма малой радзімы для Міколы Шабовіча — адна з найважнейшых. У раздзеле «З бадзенеўскага сшытка» змешчаны вершы, у якіх паэт перадае пачуцці ад краявідаў роднага краю, захапленне яго прыгажосцю. Пейзаж у вершах Шабовіча спадарожнічае настрою лірычнага героя, яго перажыванням.
Зборнік Міколы Шабовіча «Маладыя мроі маладога лета» — прыкметная з’ява ў сучаснай беларускай літаратуры. Ён яскрава выяўляе самабытны талент паэта, якому «так хочацца быць патрэбным не толькі сябрам — Радзіме».
Аляксандр ЖУКОЎСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka