У вёсцы Лісна, якая знаходзіцца на беразе аднайменнага возера, жыве майстар-лодачнік Валерый Яфрэмаў. Калі запытаеш у вяскоўца, дзе такі жыве, наўрад ці хто адразу адкажа. А калі вымавіш яго мясцовае прозвішча Будулай, тут жа накіруюць да падворка майстра. Каб марна не шукаць дарогу, сябры Валерыя заказалі і ўмацавалі дарожны імянны знак.
Дваццаць пяць гадоў таму былы жыхар сталіцы, выпускнік біяфака БДУ, Яфрэмаў канчаткова атабарыўся на самым паўночным возеры Беларусі. Местачкоўцы спачатку палічылі яго дзіваком, а за неардынарную знешнасць — густую бараду і кучаравыя смаляністыя валасы — празвалі Будулаем. З цягам часу адносіны памяняліся, а мянушка засталася — цяпер ужо пажыццёва.
Будулай доўга працаваў прафесіянальным рыбаком на лясных азёрах, асвоіў майстэрства класці печы і грубкі, набыў вопыт цесляра і сталяра. Але лодачная справа, пра якую не адзін год марыў, пацягнула за сабою. У старым хляве, пераабсталяваным пад майстэрню, Валерый збірае невялікія лодкі, якія рыбакі называюць «тузікамі». Удасканаліўшы класічную канструкцыю судна, з пачаткам новай навігацыі ліснянскі лодачнік плануе спусціць першую партыю сваіх «будулаек».
На гэтых фота самабытны, працавіты і надзіва пазітыўны жыхар Лісна.
Анатоль КЛЯШЧУК
Верхнядзвінскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/lodka
[4] https://zviazda.by/be/tags/lisna
[5] https://zviazda.by/be/tags/valeryy-yafremau
[6] https://zviazda.by/be/tags/budulay
[7] https://zviazda.by/be/tags/praca