Чэмпіянат краіны па шахматах сёлета прайшоў у новым фармаце, турнір адбыўся ў сценах Нацыянальнага гістарычнага музея. Яго трыумфатарам стала Анастасія Зязюлькіна: яна без асаблівых цяжкасцяў заваявала званне чэмпіёнкі Беларусі і пацвердзіла свой статус самай тытулаванай шахматысткі ў краіне. Пра тое, як удаецца захоўваць канцэнтрацыю на працягу партыі ў тры-чатыры гадзіны, што забаронена спартсменам у гэты час і як усё пачыналася для Анастасіі ў спорце, яна расказала ў сваім інтэрв'ю «Чырвонцы. Чырвонай змене».
— Анастасія, ці сапраўды шмат чаго змянілася ў фармаце правядзення чэмпіянату?
— Так, па-першае, у дзяўчат павялічылася колькасць тураў, раней іх было менш, чым у хлопцаў. Па-другое, арганізатары зрабілі агульнае для ўсіх адкрыццё і закрыццё, з-за гэтага змянілася атмасфера турніру, яна стала больш дзелавая. Ну і месца правядзення чэмпіянату, вядома, паўплывала. Раней памяшканні былі такія, што часам гулялі ў куртках (таму што было холадна), а зараз ўстанавілі дрэс-код, гульцы павінны былі прытрымлівацца дзелавога стылю.
— На іншых турнірах арганізатары таксама прад'яўляюць пэўныя патрабаванні да формы адзення?
— Так, яны дзесьці прапісаны, але па факце за гэтым ніхто не сочыць. Прычапіцца могуць толькі да галаўнога ўбору, гэта абумоўлена тым, што некаторыя гульцы спрабуюць схітраваць і выкарыстоўваць забароненыя электронныя прылады, напрыклад навушнікі, для падказак. Зараз з гэтым вядзецца сур'ёзная барацьба, таму што тэхналогіі ідуць наперад і ўсачыць становіцца ўсё больш складана.
— Штрафныя санкцыі гульцам прад'яўляюць?
— Так, звычайна за спазненні. Калі яно складае менш за 10 хвілін, то можна проста аплаціць штраф і гуляць, а вось калі больш, то шахматысту залічваюць тэхнічнае паражэнне.
— Мяркуючы па студзеньскім чэмпіянаце краіны, канкурэнцыя ў шахматах у Беларусі сёння высокая?
— Можна сказаць дакладна, што гэты від спорту ў нас развіваецца, у федэрацыю прыйшлі людзі, якія шмат робяць для папулярызацыі шахмат. Што датычыцца чэмпіянату, думала, што канкурэнцыя будзе вышэйшая, але атрымалася так, што я загадзя забяспечыла сабе першае месца. Здаецца, не ўсе паказалі максімум сваіх магчымасцяў. Усё ж такі, галоўны старт — Сусветная шахматная алімпіяда — будзе толькі ўвосень, а перад чэмпіянатам краіны кожны рыхтаваўся па сваёй праграме. У спартсменаў было не так шмат практыкі, апошні збор адбыўся пару месяцаў таму, гэта паўплывала на ўзровень гульні.
— Вы сталі самым маладым гросмайстрам сярод дзяўчат у гісторыі айчынных шахмат...
— Гэта было ўжо даўно, я нават не памятаю калі. Жаночага майстра я магла атрымаць у гадоў 8-9, тады была трэцяй на чэмпіянаце свету для ўдзельнікаў да 10 гадоў, гэтага выніку было дастаткова. Але мы не паспелі падаць дакументы, і я яго не атрымала. З аднаго боку, дрэнна, а з другога — добра, бо быў стымул працаваць далей. Памятаю, неяк мне не хапіла ўсяго толькі паловы ачка для жаночага міжнароднага майстра, але затое праз турнір — другі я перавыканала гросмайстарскую норму.
Цяпер не дасягнула толькі звання мужчынскага міжнароднага гросмайстра, пакуль у мяне няма патрэбнай колькасці балаў і рэйтынга. Каб яго набраць, трэба гуляць у моцных турнірах, дзе выступаюць удзельнікі са званнямі, а ў нас іх не так шмат.
— У Беларусі ёсць дзяўчаты, якія маюць такія высокія званні?
— Не, пакуль няма.
— Наколькі складана гуляць супраць мужчын?
— Напэўна, ім супраць нас гуляць складаней. Бо дзяўчына разумее, што ў прынцыпе яна не мацнейшая, і калі прайграе, то не дужа знервуецца, а калі выйграе, то гэта вялікае дасягненне. А вось мужчынам прайграваць дзяўчатам звычайна заўсёды сорамна.
У плане гульні ў мужчын больш канцэнтрацыі, уседлівасці, вопыту, таму што канкурэнцыя, як правіла, у іх вышэйшая. Ёсць усяго некалькі жанчын, якія здольныя на роўных змагацца з мужчынамі.
— Многія лічаць, што ў шахматах не патрэбна фізічная падрыхтоўка...
— І памыляюцца. Непадрыхтаваны чалавек не зможа згуляць партыю, якая ў сярэднім доўжыцца чатыры гадзіны, плюс пару гадзін ідзе на падрыхтоўку. І так на працягу не дня-двух, а дзесяці, напрыклад. Гэта велізарная нагрузка. Што датычыцца мяне, то недапрацоўваю ў плане фізічнай падрыхтоўкі. Часам бегаю, люблю велапрагулкі і гуляць у настольны тэніс. Сілавых заняткаў у нас няма, але фізічную форму падтрымліваць трэба, каб захоўваць канцэнтрацыю і працаваць часам «праз не магу».
— Як у вас звычайна праходзіць падрыхтоўка да гульні?
— Трэба паглядзець і вывучыць партыю саперніка, першыя хады мы можам прадбачыць загадзя, таму можна прадумаць, чым здзівіць гульца насупраць. Таксама рыхтуемся з дапамогай камп'ютара і аналітычных модуляў. У цэлым перад гульнёй трэба прайсціся, адпачыць, нічым сябе не загружаць. Нават калі была маленькая, прапускала школу ў дні турніраў. Гэта, дарэчы, велізарная памылка многіх бацькоў, калі яны лічаць, што дзіця павінна вытрымаць і школу, і спаборніцтвы. Немагчыма аддаваць усе сілы двум заняткам.
— Што дазволена рабіць падчас шахматнай партыі?
— Гульня можа працягвацца вельмі доўга, можна перакусіць, выпіць чаю, кавы. Я ў гэты час аддаю перавагу салодкаму, трэба ж неяк папаўняць энергію. А наогул, шахматысту трэба знаходзіцца ў пэўнай гульнявой зоне, часам можна выйсці ў зону для курэння (я не куру) і прыбіральню. Нельга ні з кім размаўляць, толькі з сапернікам, і тое фразамі накшталт «папраўляю», калі трэба паправіць фігуру, якая дрэнна стаіць, або прапанаваць нічыю.
— Калі вярнуцца ў дзяцінства, як пачынаўся шлях у спорце?
— Мае бацькі ў свой час пазнаёміліся менавіта на шахматах, таму атрымліваецца, што ў нас шахматная сям'я. Бабулі, дзядулі, прадзед таксама гулялі, дзядзька міжнародны гросмайстар. Бацькі не хацелі вучыць мяне шахматам, гэта зрабіў дзядуля. Як, усе гуляюць, а я не? Тата паглядзеў на гэта і вырашыў, што трэба адвесці мяне ў шахматную школу, каб я згуляла з кім-небудзь з дзяцей і можна было б паглядзець на мой узровень. Я прыйшла і адразу абыграла хлопчыка, які займаўся ўжо два гады. На той момант мне было каля шасці. Аддалі трэнеру, але, калі тата зазірнуў на трэніроўку і ўбачыў, што там столькі людзей, што ўдзяліць увагу кожнаму немагчыма, вырашыў займацца са мной сам. Дзеля гэтага кінуў бізнес. За месяц у мяне набягала 90 гадзін заняткаў, атрымліваецца тры гадзіны ў дзень. Ёсць нават фатаграфіі, дзе я сяджу за дошкай і плачу.
— У школе таксама былі паспяховай вучаніцай?
— У шахматы я гуляла добра за кошт вялікай працы і логікі, якую ўва мне развіваў трэнер. Прынцып у тым, што ты выдаткоўваеш не вельмі шмат часу, але — якасна. Плюс у мяне ёсць свая методыка выбару ходу: адразу адсейваюцца тыя, якія нелагічныя, і выбіраюцца найбольш аптымальныя. Гэта дапамагала ў школе: тое, што не патрэбна, я не запамінала, прапускала, а вось у сутнасць пытання спрабавала ўглыбіцца, каб на адным прыкладзе зразумець прынцып многага. Гэта працавала, школу я скончыла з залатым медалём.
— Потым паступілі ў БДУФК...
— Так, цяпер ужо на апошнім курсе, асвойваю спецыяльнасць «Менеджар у спорце», наогул, хацела выбраць спартыўную псіхалогію, мне было гэта цікава і для сябе, і для таго, каб працаваць трэнерам. Але на гэтым аддзяленні можна было вучыцца толькі на дзённым, а ў мяне няма часу. З бацькамі адкрылі Акадэмію шахмат, мне хацелася трэніраваць. Гадуем маленькіх вундэркіндаў, шмат у каго ўжо ёсць поспехі, дзеці становяцца чэмпіёнамі свету і Еўропы ў сваіх узроставых групах.
— А якая вы за межамі трэнерскай дзейнасці?
— Эмацыянальная. У шахматах гэта не праяўляецца, бо не прынята, каб спартсмен выказваў эмоцыі, а ў жыцці я даю ім волю. Калі мне штосьці падабаецца, то гэта рэальна падабаецца, калі за штосьці перажываю, то гэта таксама відаць. Сумна глядзець на людзей, у якіх непранікальны твар або якія плывуць па цячэнні. Я адкрыты, сумленны чалавек, мне хлусіць вельмі складана, часцяком магу сказаць тое, што рэальна думаю, хоць камусьці гэта можа быць не вельмі прыемна.
— Чым захапляецеся па-за працоўным часам?
— Хобі шмат, адно з апошніх — фатаграфія. Выступаю як у ролі мадэлі, так і ўласна фатографа. Адзіная праблема — не вельмі хочацца апрацоўваць здымкі, гэта патрабуе часу і ўплывае на зрок, а шахматыстам ён патрэбны.
— Што ў вашых планах?
— Усё імкліва мяняецца, галоўны мой план і прынцып — не стаяць на месцы, а ўвесь час рухацца наперад. Ёсць такая фраза: калі табе дрэнна — змяніся, каб стала добра, а калі табе добра, змяніся, каб не стала дрэнна ці стала яшчэ лепш. Я хачу ўвесь час удасканальвацца, працаваць над сабой у розных напрамках. Класны фільм «Заўсёды кажы «Так», сёе-тое з яго можна ўзяць. Напрыклад, тое, што заўсёды трэба адкрывацца новаму, і тады побач з'явяцца новыя людзі, кнігі, магчымасці.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/shahmaty
[4] https://zviazda.by/be/tags/anastasiya-zyazyulkina
[5] https://zviazda.by/be/tags/shahmatystka
[6] https://zviazda.by/be/tags/sport