На «Месяцы фатаграфіі» — міжнародным фестывалі, што прайшоў у Мінску ў верасні мінулага года, — сярод іншых мы заўважылі дзіўную калекцыю архіўных здымкаў праекта «Веха». На старых фатаграфіях — статычныя выявы людзей, па адным альбо ў кампаніі, што сядзяць на фоне сцяны, дзе спецыяльна для фота павешаны дыванок. Звычайныя сямейныя здымкі праз канцэпт калекцыі трапілі ў катэгорыю мастацтва. Зрэшты, такога кшталту трансфармацыі калі-нікалі адбываюцца ў сучаснай культуры, а мы, да таго ж, выявілі, што праект «Веха» — куды шырэйшы за збор «Найлепшы бок» і займаецца ў тым ліку структураваннем і аднаўленнем сямейных фотаархіваў, якія рызыкуюць знікнуць, хоць бясспрэчна застаюцца часткай культуры. Мы сустрэліся з каардынатарам праекта «Веха» мастачкай і фатографам Лесяй Пчолкай, якая ў першую чаргу патлумачыла, з якой фатаграфіяй яны маюць справу.
— Гэта архіўныя і вернакулярныя, то-бок аматарскія, здымкі з сямейных альбомаў. Фатаграфія з'явілася менш за дзвесце гадоў таму, але, вядома ж, не адразу стала даступнай на тэрыторыі сённяшняй Беларусі, таму, груба кажучы,
мы працуем з прыкладна 150 гадамі візуальнай гісторыі Беларусі.
— Вам прыносяць фотаздымкі 150-гадовай даўніны?
— Тут ёсць некаторыя праблемы, бо ў параўнанні з еўрапейскімі краінамі старых фатаграфій у нас захавалася значна менш. На што паўплывалі пастаянная міграцыя, войны і рэпрэсіі, калі людзі самастойна знішчалі архівы, у якіх можна было знайсці выявы сваякоў-арыстакратаў, бо захоўваць іх было небяспечна для жыцця. Мы больш за ўсё працуем з фатаграфіямі сярэдзіны ХХ стагоддзя, шмат у каго мінулае пачынаецца толькі з пасляваеннага часу. Да таго ж фатаграфія ствараецца дзякуючы хімічным працэсам і з часам непазбежна разбураецца, выява жаўцее, не кажучы пра механічныя пашкоджанні. Тэрмін захоўвання фотаздымкаў, аддрукаваных на барыце ў часы нашых бабуль, — пяцьдзясят гадоў. Калі карыстацца друкам, які прапануюць зараз Kоdаk ці Fujі, — гэта дзесяць—дваццаць гадоў. Значыць, нават копія не выратуе. Мы бяром гэтыя праблемы за аснову і імкнёмся як мага больш актуалізаваць у грамадстве інтарэс да ўласных архіваў, таму што фатаграфія — гэта дакумент, а на аснове нават аматарскіх здымкаў можна выбудаваць палітычныя падзеі, этнаграфічныя асаблівасці і ў цэлым культуру.
— Што ваш праект прапануе замест тых дваццаці ці пяцідзесяці гадоў?
— Бескіслотны FіnеАrt друк музейнай якасці, які дазваляе захоўваць фатаграфію 250—400 гадоў. У першую чаргу мы скануем, мінімальна апрацоўваем альбо сур'ёзна рэтушуем выяву, таму што часта яна выцвітае настолькі, што складана яе разгледзець, і перадрукоўваем. Здавалася б, усё проста: здымкі будуць стагоддзямі ляжаць у вашым архіве, але гэта не так, асабліва калі не трымацца правілаў захоўвання. Фатаграфіі шкодзіць сонечнае святло (таму на сцяну лепш павесіць копію), перапады тэмператур, і подпісы лепш рабіць алоўкам, бо шарыкавая ручка праяўляецца пры сканаванні.
— А вы сустракалі якія-небудзь цікавыя подпісы апроч даты і імёнаў?
— Часта бываюць віншаванні альбо подпіс «на доўгую памяць», з якім людзі абменьваліся картачкамі. Гэта цікавы філасофскі момант: здавалася б, фатаграфія створана, каб захаваць у памяці пэўны момант, але зварот «помні мяне» кажа «запомні мяне менавіта такім», як бы падмяняючы памяць выявай. Я бачу, што грамадства пачынае рэагаваць на сямейную вернакулярную фатаграфію, усё часцей яе выкарыстоўваюць мастакі, шмат музеяў набываюць не толькі мастацкія фотаработы, але і здымкі з сямейных архіваў.
— Думаю, не кожны зможа сабе дазволіць вашу паслугу па стварэнні сямейнага альбома.
— Гэта каштуе ад сямісот долараў — тры чалавекі на працягу месяца робяць даследаванне гісторыі, тым больш што праца над кожнай кнігай — індывідуальная. Мы разумеем, што для многіх гэты кошт непад'ёмны, таму напісалі максімальна даступны курс для тых, хто хоча самастойна сабраць гісторыю сваёй сям'і і надрукаваць альбом. На працягу месяца два разы на тыдзень мы будзем працаваць з тэмамі падрыхтоўкі і захоўвання фатаграфіі, карыстання анлайн-базамі, выбудоўвання храналогіі. Для вёрсткі і друку ўласнай кнігі ў нас ёсць адаптаваныя шаблоны, каб чалавек нават з мінімальнымі навыкамі ў фаташопе мог імі карыстацца. Безумоўна, мы таксама будзем дапамагаць і весці ад першых крокаў работы з фатаграфіяй да друку кнігі. Першы курс пачнецца 17 сакавіка і, магчыма, стане рэгулярным.
— Да тэмы пра тое, што фатаграфія фіксуе не толькі момант, але і вобраз, у якім чалавек хоча паўстаць. Ці можна параўнаць, як чалавек рэпрэзентуе сябе праз фатаграфію сёння і як гэта адбывалася раней?
— Сёння фатаграфія стала такім папулярным медыя, што даўно патрабуе пераасэнсоўвання яе ў кантэксце медыякультуры. Яна вельмі розная і развіваецца ў розных напрамках, але ніколі не адновіць ранейшага да сябе стаўлення. Як было ў студыі — ты сядзіш перад вялізнай камерай са спецыяльнай падтрымкай для шыі, здымак робіцца паўгадзіны, фатограф падобны да алхіміка. Паступова падтрымкі прыбіраюцца, работа займае ўсё менш часу і фатаграфія выходзіць на вуліцу, але звонку мы бачым той жа студыйны фон, людзі таксама карцінна сядзяць і трымаюць прыгожыя прадметы. Гэта закладзена ў культуры фатаграфіі. У канцы ХІХ стагоддзя з'явілася практыка змяшчаць у альбомы, якія спачатку былі каралеўскай прывілеяй, а сёння ёсць абсалютна ў кожнага, не толькі сямейныя здымкі, але і фота публічных персон. Студыі плацілі зоркам за тое, каб зрабіць іх здымак і растыражаваць яго. І ўвесь гэты час захоўвалася важнасць моманту фатаграфавання. Здымкі з нашай калекцыі «Найлепшы бок» зроблены, калі фатограф прыязджаў у вёску, на сцяну дома вешаўся тканы дыванок (а ткацтва было адным з асноўных традыцыйных рамёстваў), людзі апраналі найлепшае адзенне, прымалі правільныя позы і фатаграфаваліся. Гэты момант надзяляўся асаблівай значнасцю, да яго рыхтаваліся. Часта на вопратцы відаць складкі, таму што яе толькі што спецыяльна дасталі з куфра. Да таго ж людзі не проста лічаць гэты дыванок прыгожым, але і робяць своеасаблівую заяву, бо ў кожны арнамент жанчыны закладвалі пэўнае значэнне, напрыклад, павернутыя адна да адной птушкі — сустрэча, каханне, сям'я, былі арнаменты на добры ўраджай ці выздараўленне. Ткацтва было паўмістычным працэсам.
— Якія яшчэ культурныя коды мы можам счытаць у архіўнай фатаграфіі?
— Ёсць традыцыя фатаграфаваць пахаванне. У нашай калекцыі «Найлепшы бок» ёсць здымак з пахавання, дзе на фоне таксама вісіць тканы дыванок. Зараз мы ацэньваем такія здымкі як нешта нетыповае, шмат хто прыбірае іх з альбомаў, а ў маёй бабулі ён вісеў на сцяне. Магчыма, для некаторых здымак з пахавання быў адзіным за ўсё жыццё, прынамсі, гэта падзея магла быць адзінай магчымасцю зрабіць сямейны партрэт. Паводле пэўнага даследавання, традыцыя пахавальнай фатаграфіі адносіцца да Беларусі, у прыватнасці да Заходняй Беларусі, а, напрыклад, у Расіі сустракаецца вельмі рэдка, і то дзякуючы эмігрантам. Можна ўспомніць практыку, распаўсюджаную, напрыклад, у Францыі, калі памерлага чалавека рабілі быццам жывым: садзілі паміж сваякамі дзеля пастановачнага здымка. Пры студыях працавалі візажысты, якія на закрытых павеках малявалі вочы.
— Чаму людзі на фота з дыванкамі ніколі не ўсміхаюцца?
— У арыстакратыі пэўнае правіла этыкету рэкамендавала не ўсміхацца на фатаграфіі, вядома, гэтая тэндэнцыя распаўсюджвалася і далей. Ёсць і відавочная прычына: для здымка быў патрэбен час, а доўга ўсміхацца складана. Да таго ж быў момант недаверу да працэсу, калі фатаграфія яшчэ толькі распаўсюджвалася.
— Мая бабуля расказала пра павер'е, што, калі дзяўчына сфатаграфуецца з маладым чалавекам, яны ніколі не будуць разам. У фатаграфіі такім чынам намешваецца ўсё — філасофія, рытуалы, культурныя коды, нарэшце, міфалогія.
— Адна з задач нашага праекта — якраз расказаць пра культурныя коды, закладзеныя ў звычайных здымках. Зараз мы даследуем вясельныя абрады, а вясельная фатаграфія дайшла да нас амаль без змен — агульны партрэт, дзе вакол пары збіраюцца сваякі.
— Вы сказалі, што праз архіўную фатаграфію можна прасачыць і палітычную гісторыю...
— Калі мы ствараем сямейныя альбомы, распытваем, хто адлюстраваны на здымках, пры якіх абставінах і дзе фатаграфіі былі зроблены. Абапіраючыся на выяву, чалавек успамінае куды больш, прычым не сухія даныя з архіваў, — ён перадае стаўленне да пэўных гістарычных падзей, якіх у ХХ стагоддзі было вельмі шмат, якія закранулі абсалютна кожную сям'ю. Цікава, што ў залежнасці ад расказчыка інтэрпрэтаваць падзеі можна па-рознаму: нехта ад іх пацярпеў, а нехта выйграў.
— Што вы даведаліся пра сваю сям'ю дзякуючы сямейным здымкам?
— Я разабрала архіў, стварыла адгалінаванні па кожным з кроўных сваякоў, дадала фатаграфіі, паступова пачала распытваць пра людзей, якіх не ведала. Такім чынам я раздзяліла гісторыю сваёй сям'і на некалькі пакаленняў, апісала фатаграфіі і зразумела, што з гэтага можна зрабіць кнігу. У нашым грамадстве няма традыцыі перадаваць успаміны, зноў спашлюся на палітычную сітуацыю, у якой гаварыць праўду было небяспечна, а ў пазнейшыя савецкія часы ўжо ідэалогія адрывала ад мінулага і перадавала новыя ўяўленні пра рэальнасць. Наша задача сёння — звязаць два-тры пакаленні і паглядзець на іх у кантэксце культуры ў цэлым, бо калі падзеі датычацца сям'і, ты іх лепш разумееш. У адным такім інтэрв'ю мне расказалі пра бацьку, які падчас Вялікай Айчыннай пераплыў Керчанскі праліў сярод кавалкаў мяса, а потым усё жыццё нават не заходзіў у прадуктовую краму. Так фатаграфія праз асабістыя ўспаміны апавядае пра гісторыю народа. Уласна я даведалася пра тое, чаго б мне, можа, і не хацелася ведаць. Мы ўсе хочам знайсці сярод продкаў шляхту, дваран, уклад у развіццё краіны, але можам трапіць і на хваробы, самазабойствы і нават забойствы. Хаця мне падаецца, гэта ўсё трэба ацэньваць непрадузята, бо ваша радаслоўная так ці інакш прывяла да вас такога, які вы сёння.
— Зараз «Веха» займаецца таксама праектам «Этнаграфія ў фатаграфіі».
— Так, мы ствараем кнігі з асабістымі архівамі, збіраем калекцыі, праводзім выстаўкі і ўжо больш за паўгода працуем над адкрыццём музея архіўнай фатаграфіі. Гэта патрабуе вялікіх укладанняў, таму мы шукаем партнёраў і спонсараў. Мы хочам стварыць платформу, якая змяшчала б у сабе дзяржаўныя і прыватныя фотакалекцыі, і карыстальнік мог бы паглядзець усе здымкі, зробленыя ў пэўным месцы ў пэўны час. Магчыма, такім чынам ён знойдзе выявы сваіх сваякоў і звяжацца з тымі, хто іх апублікаваў, а ў выніку адновіць частку сваёй радаслоўнай. Мне гэта падаецца асабліва важным, магчыма, можна будзе знайсці нешта ў калекцыянераў. Часта чую, як людзі ў купленай кватэры знаходзяць нікому не патрэбныя фота і проста выкідваюць іх, хаця гэта рэальная гісторыя рэальнай Беларусі.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/fotazdymki
[5] https://zviazda.by/be/tags/naylepshy-bok
[6] https://zviazda.by/be/tags/veha
[7] https://zviazda.by/be/tags/fatagrafiya
[8] https://zviazda.by/be/tags/lesya-pcholka
[9] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya