32 краіны прынялі ўдзел у ХХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. 360 экспанентаў прадставілі свае калекцыі кніг, ужо 57-ы раз падвялі вынікі конкурсу «Мастацтва кнігі», другі раз адзначылі [4] найлепшых у конкурсе маладых літаратараў «Першацвет». Пісьменнікі з 21-й краіны сабраліся [5] на ІV Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час». Усяго ж за пяць дзён форуму было праведзена больш за 240 мерапрыемстваў.
Такія вынікі Мінскай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая толькі-толькі скончылася. Аднак галоўнае, як вядома, не колькасць, а якасць, і з ёй на выстаўцы таксама ўсё было ў парадку. Для чытачоў праводзіліся цікавыя мерапрыемствы, дзе яны маглі не толькі пачуць шмат новага і карыснага, але і выйграць прызы. Пісьменнікі ладзілі аўтограф-сесіі і адказвалі на пытанні прыхільнікаў свайго таленту. Але самае галоўнае, прэзентаваліся шматлікія кніжныя навінкі. «А што ты набыў на кніжным кірмашы?» — не мець адказу на такое пытанне таму, хто ўсё-такі завітаў у выставачны павільён, было не зусім ёмка, бо цікавінак на выставе прадставілі дастаткова. Можна было набыць навінкі любімых аўтараў, ці пазнаёміцца з невядомымі раней творцамі — выбраць кнігі, быццам займець новых сяброў.
Яскравай кульмінацый кніжнага кірмашу стала падвядзенне вынікаў конкурсу «Мастацтва кнігі». Гран-пры сёлета атрымала «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», якая пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч на галоўнай сцэне выставачнай пляцоўкі ўручыў памятныя ўзнагароды дырэктару выдавецтва Уладзіміру Андрыевічу, а таксама мастаку-дызайнеру Алене Сітайле і дырэктару паліграфкамбіната імя Якуба Коласа Ігару Маланяку, якія таксама працавалі над выданнем.
У намінацыі «Найлепшы фотамастак» перамаглі аўтары альбома «Нясвіж. Палацава-паркавы ансамбль. Збор зброі і даспехаў» Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў. «Найлепшым дызайнерам кнігі» прызнаны Уладзімір Шоўк, які працаваў над выданнямі «Кніжная спадчына Беларусі», «Францыск Скарына — беларускі гуманіст, асветнік, першадрукар», «Адкуль ёсць пайшоў буквар» серыі «Краіна замкаў», выпушчанай Выдавецкім домам «Звязда». Дыплом пераможцы ў намінацыі «АРТ-кніга» ў выдання «Рыгор Сітніца. Простыя рэчы», якое таксама пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда».
Як адзначыў галоўны рэдактар часопіса «Нёман», намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Аляксей Чарота, вынікам працы сімпозіума літаратараў сталі пагадненні з некаторымі арганізацыямі іншых краін. Так, Выдавецкі дом «Звязда» заключыў дагавор аб супрацоўніцтве з Інстытутам літаратуры і мастацтва імя Аўэзава Міністэрства адукацыі і навукі Казахстана. Беларускія пісьменнікі дамовіліся аб супрацоўніцтве з сербскім выдавецтвам, з часопісам «Простор» з Казахстана, часопісам «Памир» з Таджыкістана. Часопіс «Полымя» правёў перагаворы з Саюзам пісьменнікаў Латвіі аб абмене літаратурнымі публікацыямі і перакладамі. Дарэчы, наладжана яшчэ больш кантактаў не толькі з выданнямі, але і з самімі аўтарамі. Напрыклад, у гэтым годзе на сімпозіуме быў прадстаўлены зборнік твораў 19 беларускіх паэтаў на чачэнскай мове.
Істотна ўмацавалася супрацоўніцтва беларускіх і кітайскіх выдаўцоў. Былі запланаваны пераклад і публікацыя класічных літаратурных твораў да 2020 года.
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» сумесна з выдавецтвам Пекінскага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў пачынаюць рэалізацыю маштабнага друкаванага праекта. Адпаведнае пагадненне было падпісана на кніжным кірмашы. Ужо ў хуткім часе пачнецца праца па выпуску на беларускай мове серыі кніг «Тэрміналогія кітайскай ідэалогіі і культуры». Над яе складаннем працавалі больш за 100 спецыялістаў з Кітая і Еўропы. Выданне ўжо рыхтуецца да выпуску ў 12 краінах, і неўзабаве пабачыць свет і ў беларускамоўным варыянце. Пераклад будзе ладзіцца ў Беларусі, выхад кнігі запланаваны ў КНР.
Такім чынам, на выстаўцы не толькі былі прэзентаваны кніжныя навінкі апошняга часу, падведзены вынікі працы. Тут былі яскрава прамаляваны вектары працы на найбліжэйшую будучыню — яны ў рэалізацыі сумесных праектаў з суседзямі і, безумоўна, у напісанні і выданні якасных кніг.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] http://zviazda.by/be/news/20180302/1519971195-karespandent-zvyazdy-stala-laureatam-konkursa-pershacvet
[5] http://zviazda.by/be/news/20180302/1520006732-samyya-vostryya-pytanni-pismenniki-z-21-y-krainy-abmerkavali-u-minsku
[6] https://zviazda.by/be/tags/xxv-minskaya-mizhnarodnaya-knizhnaya-vystauka-kirmash
[7] https://zviazda.by/be/tags/mastactva-knigi
[8] https://zviazda.by/be/tags/pershacvet
[9] https://zviazda.by/be/tags/pismennik-i-chas