Каляндарная вясна возьме сваё, і да канца тыдня маразы ў нас аслабеюць, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Атмасферныя франты, якія перамяшчаюцца з паўднёвага захаду Еўропы, прынясуць ападкі і больш цёплае паветра. Маразы аслабеюць, а па паўднёвым захадзе краіны чакаецца адліга. У сераду на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, мокры снег, па паўднёва-заходніх раёнах — з дажджом. Месцамі магчымы туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 3—9 марозу, удзень чакаецца ад нуля да мінус 5 градусаў. У паўднёва-заходніх раёнах у гэты дзень будзе крыху цяплей: уначы — ад нуля да мінус 2 градусаў, удзень — 1—3 цяпла.
На свята 8 Сакавіка чакаецца не самае лепшае надвор'е. Згодна з папярэднімі прагнозамі спецыялістаў, на тэрыторыі краіны захаваецца ўплыў франтальных падзелаў. На большай частцы краіны будзе ісці снег, мокры снег, па паўднёвым захадзе з дажджом. Месцамі магчымы туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 2—8 марозу, па паўднёвым захадзе — каля нуля, удзень прагназуецца ад мінус 4 да плюс 5.
Сяргей КУРКАЧ
У Магілёўскай вобласці толькі за выхадныя, па інфармацыі сіноптыкаў, выпала 1-1,5 дэкаднай нормы снегу.
І гэта не ўлічваючы 1 сакавіка, калі таксама не перастаючы ішоў снег. Сумёты ў гэтыя дні раслі як на дражджах. На раніцу ўчарашняга дня вышыня снегу ў Магілёве дасягала 46 сантыметраў. Прыкладна такой вышыні было снежнае покрыва ў Мсціславе, Касцюковічах, іншых гарадах на ўсходзе вобласці. На барацьбу са стыхіяй у гэтыя дні выходзілі не толькі камунальнікі — спецінвентаром узброіліся розныя службы і нават насельніцтва. У панядзелак работы па прыборцы снегу працягваліся. А на сайце аблвыканкама з'явілася аб'ява, што валанцёры праекта БРСМ «Добрае сэрца» гатовыя аказаць дапамогу ў расчыстцы прыдамавых тэрыторый усім, хто мае ў гэтым патрэбу. Пры абласным камітэце БРСМ працуе гарачая лінія, заяўкі прымаюцца па тэлефонах (80222) 76-67-51, 76-64-49. «Просьба аб дапамозе перадаецца тэрытарыяльным падраздзяленням, якія шукаюць найбліжэйшую брыгаду валанцёраў і накіроўваюць па адрасе заяўніка», — растлумачылі арганізатары добрай справы.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1