Калі ў вас у вазе стаіць букет руж, якія вы б хацелі бачыць на сваім участку, не спяшайцеся выкідваць кветкі адразу пасля таго, як яны пачалі вянуць. Паспрабуйце ўкараніць ружы.
З дапамогай вострага нажа зрэжце ў ружы верхнюю частку такім чынам, каб застаўся чаранок памерам прыкладна 25 см. Пакрыйце воскам яго верхні зрэз. Для таго каб абнавіць чаранок, выдаліце з яго ўсё лісце і крыху абрэжце ніжні зрэз.
Пасля гэтага чаранкі трэба апрацаваць адным з ніжэйапісаных спосабаў. Можна паспрабаваць усе тры. Такім чынам вы зможаце вызначыць, які з іх падыходзіць для вас больш.
Першы спосаб
Прыгатуйце дражджавы раствор (100 мг дрожджаў на 10 літраў вады). Змясціце ў яго чаранкі прыкладна на адну траціну на 24 гадзіны. Па заканчэнні гэтага часу прамыйце іх цёплай вадой і пастаўце ў ёмістасць з вадой такім чынам, каб яна даходзіла да паловы чаранка. Па меры ўкаранення рэгулярна падлівайце ваду, каб яе ўзровень заўсёды захоўваўся на адной вышыні.
Другі спосаб
У літры вады трэба растварыць чайную лыжку мёду. У мядовы раствор змясціце чаранкі на адну траціну і пакіньце іх там на 12 гадзін. Пасля гэтага дастаньце і пастаўце іх у ёмістасць з вадой, каб чаранкі былі ў ёй напалову.
Трэці спосаб
У ваду з чаранкамі дадайце 10 кропель соку алоэ (абавязкова свежага). Алоэ стымулюе з'яўленне карэньчыкаў і ў той жа час імунную сістэму чаранка. Вада павінна даходзіць да сярэдзіны чаранкоў. Рэгулярна падлівайце яе, каб узровень не зніжаўся. Праз 10 дзён можаце дадаць яшчэ 5-7 кропель соку алоэ.
Пасля таго як ружа пусціць досыць буйныя карані, выконваючы ўсе правілы пасадкі расліны, высадзіце чаранкі ў падрыхтаваную для гэтай мэты ёмістасць з кветкавым грунтам.
Вядучая рубрыкі Ірына ТАМКОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-tamkovich
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/sad-i-agarod