Неўзабаве ва ўсіх беларускіх школах з'явіцца інтэрактыўны ўрок «Спецыяльны атрад маленькіх экаменаў». На падставе відэароліка, дзе ў гульнявой форме даюцца заданні і расказваецца пра неабходнасць асобнага збору смецця, настаўнікі змогуць правесці з вучнямі малодшых класаў пазнавальную інфармацыйную гадзіну.
У сталічнай сярэдняй школе № 215 такі ўрок правялі супрацоўнікі ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». Вядучы расказваў вучням 3-4 класаў цікавыя факты аб перапрацоўцы смецця і даваў заданні. Дзеці малявалі, гулялі, спявалі. А яшчэ... пасябравалі з Экаменам, які ўзяў з іх клятву, што цяпер яны будуць збіраць смецце толькі асобна і сачыць, каб тое ж рабілі іншыя.
— Падобны ўрок мы правялі ў школах Гродна і Гомеля. Зразумела, што трапіць у кожную з амаль трох тысяч устаноў адукацыі краіны мы не можам, таму на падставе праведзеных трох урокаў падрыхтавалі інтэрактыўны відэаўрок, — расказала Ніна КУЛЬБЕДА, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Яго мы ў сакавіку разам з усімі матэрыяламі да роліка разашлём па школах.
Каб стымуляваць школы праводзіць такія заняткі, аператар аб'яўляе конкурс «Героям спяваць лёгка». Трэба правесці ў сябе ўрок па відэароліку, зрабіць некалькі здымкаў і вывучыць песню маленькіх экаменаў. Пасля зняць пад яе кліп, дзе паказаць, навошта ратаваць планету ад смецця і збіраць адходы асобна, і даслаць на сайт аператара tаrgе+99bу, дзе падрабязна апісаны ўмовы конкурсу.
— Дзецям падабаецца навучанне ў такой простай гульнявой форме. Яны лепш засвойваюць матэрыял. Прыйшоўшы дадому, у добрым сэнсе «вынесуць мозг» бацькам, расказваючы, чаму так важна і патрэбна збіраць смецце асобна. Ды і самі пачнуць сартаваць адходы, — упэўнена Наталля ГРЫНЦЭВІЧ, дырэктар ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў».
Спыняць працу з дзецьмі арганізацыя на гэтым не збіраецца. Для вучняў сярэдняга ўзросту і старшакласнікаў з часам таксама будуць арганізаваны пазнавальныя ўрокі больш сур'ёзнага кірунку. У планах нават стварэнне праграмнай гульні па асобным зборы адходаў. А ўжо цяпер цікаўныя могуць спампаваць з сайта аператара бясплатныя стыкеры ў месенджары «Тэлеграм». Гэта вясёлыя сюжэты з янотамі-сарціроўшчыкамі і трапнымі надпісамі.
Усе ўдзельнікі незвычайнага ўрока сталі юнымі экаменамі і атрымалі падарункі і маску гераічнага экамена, у якой многія так і пайшлі дадому, а можа, і ратаваць свет ад смецця, хто ведае...
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/shkola
[4] https://zviazda.by/be/tags/pryroda
[5] https://zviazda.by/be/tags/specyyalny-atrad-malenkih-ekamenau
[6] https://zviazda.by/be/tags/smecce