Салоны, якія некалі арганізоўвалі велікасвецкія дамы, адышлі ў мінулае, лічыце вы? Магчыма, што так. Але ў Гомелі такую традыцыю паспрабавалі адрадзіць. Здаецца, паспяхова. Дарэчы, на гэты раз умовай збору прадстаўніц прыгожага полу, якія ўваходзяць у абласную арганізацыю Беларускага саюза жанчын, былі наяўнасць доўгай сукенкі і высокіх абцасаў.
Падставай стала адкрыццё выстаўкі ў карціннай галерэі імя Гаўрыіла Вашчанкі. Экспазіцыя, між тым, адпавядае духу мерапрыемства. Старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіна Пашэд гаворыць, што магчымасць «выгуляць» прыгожыя строі — не галоўнае для самадастатковых і ўпэўненых у сабе жанчын, за спінай у якіх вялікія калектывы і адпаведная адказнасць:
— У такіх нефармальных абставінах хутчэй завязваюцца кантакты і нараджаюцца новыя крэатыўныя ідэі. У нас атрымаўся не проста прыём актыўнай жаночай грамадскасці, а паўнавартасны імправізаваны баль.
Дрэс-код імкнуліся выканаць практычна ўсе госці. Яны вырваліся ў свет мастацтва з нарад і калегій, узялі тайм-аўт у дзяцей і мужоў. З цікавасцю і захапленнем пагрузіліся ў зусім іншую эпоху, прымералі вобразы дам мінулых стагоддзяў. Выстава «Ах, ужо гэтыя жаночыя штучкі...» прадставіла рарытэтны антыкварыят, які некалі знаходзіўся ў будуарах.
Парцалянавыя падсвечнікі, мудрагелістыя гадзіннікі, фігуркі вытанчаных танцорак і кранальныя чайныя цырымоніі ў мініяцюры, пастаральныя сцэны на карцінах і габеленах, размаляваныя талеркі, бронзавая скульптура... І побач — традыцыйныя жаночыя аксесуары: пальчаткі, флаконы для духоў, сумачкі для балю, наборы для шыцця і шмат чаго яшчэ. Прыватны калекцыянер Сяргей Пуцілін наўмысна сабраў «жаночую» экспазіцыю, якая нагадвае пра часіны, добра вядомыя па кніжках ці гістарычных фільмах:
— На працягу трох гадоў я набываў гэтыя рэчы, якімі карысталіся некалі жанчыны розных краін у ХVІІІ—ХХ стагоддзях. Тут прадстаўлены, напрыклад, кабінет у стылі Дрэздэнскага барока і жаночы сакрэтнік эпохі Напалеона ІІІ. Ва ўсе часы жанчыны акалялі сябе кветкамі і марылі пра каханне.
Між тым арыгінальныя рамантычныя аксесуары займалі не толькі дам мінулых стагоддзяў. Сумачкі, прыгожыя галаўныя ўборы, вееры, статуэткі, выявы купідонаў абавязкова натхняць жанчын, якія здольныя сваімі рукамі ствараць цуд у ХХІ стагоддзі, лічыць бізнес-лэдзі Лілія Калюжная, якая ўтрымлівае краму, дзе майстрыхі з усёй Гомельшчыны размяшчаюць свае арыгінальныя хэнд-мэйд творы:
— Кожная жанчына — нечая муза, яна ўпрыгожвае дом, гадуе дзяцей... Сёння дамы паглядзяць, а потым перашыюць, прыдумаюць і створаць цікавыя сучасныя рэчы, якія можна будзе апрануць на наступнае мерапрыемства.
У іншай зале гомельскай галерэі імя Вашчанкі — паказ адзення ад сучасных мадэльераў горада над Сожам. На імправізаваным подыуме — дэманстрацыя новай вясенне-летняй калекцыі жаночага і дзіцячага адзення. Не абышлося таксама без розыгрышаў прызоў і музыкальных віншаванняў. Маляўнічыя фотазоны з россыпам кветак, гучанне саксафона і гітары і ўвогуле пяшчотны настрой пераконваюць, што мілыя і моцныя жанчыны сабраліся разам не дарма. Прыгожыя дамы — самі ўвасабленне вясны, якая прыйшла, хоць пакуль відавочна і не вельмі заўважная.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/salony