Настасся Маслоўская — старшы ўчастковы міліцыі РАУС Лёзненскага раёна, адна з нямногіх жанчын у краіне на такой пасадзе. У апошні зімовы дзень, падчас нашай сустрэчы, яна якраз рыхтавалася прымераць капітанскія пагоны — напярэдадні Настассю павысілі ў званні. Яе кіраўнікі канстатавалі, што афіцэр выдатна спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі. Найлепшая сярод калег, якія працуюць у аддзеле на аналагічнай пасадзе.
Намеснік начальніка РАУС Лёзненскага раёна Васіль Кулакоў расказаў, што Настассю ведаюць усе без выключэння жыхары вёсак, дзе яна адказвае за парадак. 728 чалавек у 14 вёсках — гэта яе ўчастак. (Ёсць яшчэ чатыры, дзе, на жаль, больш няма жыхароў.)
А пазнаёміліся мы з Настассяй падчас падрыхтоўкі рэпартажу пра работу мабільных рэйдавых груп. Разам тады наведвалі праблемныя сем'і, тых, каму неабходна асобная ўвага з боку праваахоўных органаў, прадстаўнікоў улады, службы сацыяльнай абароны... Міліцыянер з кім трэба паводзіла сябе сур'ёзна і патрабавальна. А вось падчас нашай паездкі па вёсках у службовым аўто зачаравала шчырай усмешкай і інтэлектам.
На пытанне, чаму выбрала менавіта гэтую, лічы, мужчынскую прафесію, адказала, што прыцягнула стабільнасць.
Бацькі яе, дарэчы, не мелі ніякага дачынення да праваахоўных органаў. Родам Настасся з Магілёўшчыны, а 11-годку скончыла ў Віцебскім раёне, куды сям'я пераехала на пастаяннае месца жыхарства.
Дзяўчына мае дзве вышэйшыя адукацыі: эканамічную і юрыдычную.
Пасля няўдалага паступлення ў акадэмію МУС яна стала студэнткай віцебскай ВНУ, дзе вучылася на эканаміста. Потым служыла ва ўнутраных войсках у віцебскай дзіцячай калоніі і ўжо завочна вучылася ў міліцэйскай акадэміі. Пасля закрыцця калоніі, на базе якой ужо некалькі гадоў функцыянуе жаночы лячэбна-працоўны прафілакторый, перайшла на службу ў Лёзненскі РАУС.
— Адразу была інспектарам па справах непаўналетніх. Потым — старшым оперупаўнаважаным групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. І ўжо некалькі гадоў — старшы ўчастковы інспектар міліцыі... Вельмі ўдзячная Андрэю Дашкову, таксама старшаму ўчастковаму інспектару, які мне шмат у чым дапамагае, — расказвае яна.
Тое, што Настасся дзяўчына, спрашчае яе кантакты з законанепаслухмянымі людзьмі.
— Напэўна, у прысутнасці жанчыны нават яны стараюцца весці сабе дастойна. Канешне, усякае бывае, але нават залежныя ад алкаголю ці раней судзімыя не дазваляюць сабе зневажанняў у мой адрас, — расказвае міліцыянер.
Хоць рознае бывае. Напрыклад, на падворку, дзе жывуць выпівакі, ліхі сабака не дае прайсці, або ў доме святла няма. Ці мала што далей можа здарыцца? Але работа ёсць работа, ды і Настасся за столькі гадоў ужо прызвычаілася да розных нечаканасцяў.
Грамадзяне, асабліва ў паважным узросце, ставяцца да яе з душэўнай цеплынёй, як да дачкі.
Адна з тых, каму дапамагла капітан Маслоўская, — Валянціна Зуева. Яе муж злоўжываў спіртным, дома была напружаная абстаноўка. Міліцыянер зрабіла ўсё неабходнае, каб выправіць сітуацыю.
Цесна супрацоўнічае яна і са старэйшынамі, сваімі першымі памочнікамі, якія ведаюць усё пра ўсіх і адразу паведамляюць, калі чужыя з'яўляюцца ў населеным пункце. Дапамагаюць выяўляць нелегальных пакупнікоў металу, самагоншчыкаў, кантрабандыстаў — побач жа Расія.
У Яскаўшчынскім сельвыканкаме, куды мы завіталі, выказалі шмат прыемных слоў у адрас Настассі. Старшыня Тэрэса Шынкевіч і кіраўнік спраў Аксана Дрылёнак расказалі пра высокі прафесіяналізм старшага ўчастковага, адказнасць, уменне прыняць правільнае рашэнне ў праблемных сітуацыях.
— Працуем у цесным кантакце: перавыхоўваем нядбайных гаспадароў, разам абследуем праблемныя і шматдзетныя сем'і, адзінокіх, адзінока пражываючых, — удакладніла старшыня сельвыканкама.
Яна ўпэўнена, што і ў новым для сябе кірунку дзейнасці — Настассю Маслоўскую ўпершыню выбралі дэпутатам — яна сябе абавязкова праявіць.
А яшчэ Настасся здзівіла тым, што не карыстаецца электроннай поштай, і ў яе няма старонак у сацыяльных сетках. Любіць беларускую літаратуру. Прызналася, што раней нават пісала вершы на роднай мове.
Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка УУС Віцебскага аблвыканкама Вольгі Шкуратавай, на Віцебшчыне разам з Настассяй Маслоўскай працуюць чатыры жанчыны-ўчастковыя.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/vicebskaya-voblasc