Жанчына ўмее хутка пераключацца з адной справы на іншую, і пры гэтым амаль ніколі не засяроджваецца поўнасцю толькі на чымсьці адным, трымаючы пад кантролем адначасова некалькі момантаў. Жанчына-кіраўнік — гэта заўжды крыху матуля, якая апякае, дапамагае і няньчыцца з падначаленымі. Жанчына можа ахвяраваць сваёй кар'ерай дзеля мужа, каб дапамагчы яму ісці ўгару. Жанчына даказвае, на што яна здольная, уласным прыкладам — проста ідзе і робіць... Такія меркаванні пра ролю жанчыны-кіраўніка-журналіста гучалі падчас круглага стала «Свет вачыма жанчыны», дзе сабраліся выдатныя прадстаўнікі гэтай прафесіі.
— Жанчыны больш адказна падыходзяць да справы, больш уважлівыя да дробязяў, якія ўпускаюць мужчыны. Таму жанчыны-кіраўнікі часта большых поспехаў дасягаюць у журналісцкім рамястве. Амаль траціна кіраўнікоў рэгіянальных каналаў — жанчыны, а чатыры з пяці каналаў Белтэлерадыёкампаніі ўзначальваюць жанчыны. Пэўна, гэта нездарма, — выказаўся Павел ЛЁГКІ, намеснік міністра інфармацыі.
Прысутныя падкрэслілі, што ў сучасным свеце роля жанчыны як ахоўніцы ачага павінна заставацца, але ўжо не быць дамінантнай, як раней. Цяпер нельга адмовіць сабе ў жаданні быць паспяховымі і раскрываць патэнцыял, закладзены прыродай, чым жанчыны і займаюцца.
— Самы галоўны прарыў для нашых жанчын — магчымасць быць самазанятай. Адпаведны ўказ даў жанчынам магчымасць займацца сям'ёй і дзецьмі, у той жа час рэалізоўвацца для сябе і грамадства. Плаціць адзіны падатак і займацца дызайнам, цырульніцкай справай, быць візажыстам, — заўважыла Ганна СТАРАВОЙТАВА, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. — Гэта дазваляе жанчыне стаць паспяховай і рэалізаваць сябе.
Мінскае аб'яднанне Беларускага саюза жанчын на шляху стварэння клуба, які дазволіць жанчынам, што хочуць пайсці па шляху прадпрымальніцтва і малога бізнесу, раскрыць алгарытм праходжання шляху па пачатку сваёй справы, дадала яна.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhanchyna
[4] https://zviazda.by/be/tags/pavel-lyogki
[5] https://zviazda.by/be/tags/iryna-staravoytava