Стужка часу пад вокладкай "М"
Красавіцкі нумар часопіса “Маладосць” сёлета выйдзе ў самым што ні ёсць нязвыклым фармаце – ён будзе ў поўны м сэнсе самым незвычайным за ўсе 65 гадоў папярэдняга існавання.
Кожны рэдактар часопіса дзеля падрыхтоўкі гэтага нумара пагрузіўся ў пэўнае дзесяцігоддзе, каб выступіць на “сваіх” старонках у якасці экскурсавода па ім і, як сапраўдны экскурсавод, выцягнуць у сённяшні дзень тое цікавае, што засталося ў мінулым. Што заставалася б у мінулым, калі б не юбілей выдання.
Урыўкі з падарожных нататак Міхася Лынькова “На вуліцах горада Жоўтага Д’ябла” і гутарка з маладымі Тутэйшымі, ліст Уладзіміра Караткевіча да Ніны Молевай і ўспаміны Міколы Аўрамчыка, проза перакладчыка Юркі Гаўрука і размова са Станіславам Лемам, інтэрв’ю з легендарным савецкім гоншчыкам і сустрэча з ім праз сорак гадоў, недасяжныя ўзоры крытыкі і публіцыстыкі – ад напаўзабытага Рыгора Бярозкіна і незабыўнай Веры Палтаран. Стужка часу даўжынёю ў шэсць з паловай дзесяцігоддзяў разгорнецца перад чытачом у сямі найцікавейшых частках. Каб прачытаць іх, варта паспець падпісацца на нумар да 20 сакавіка.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/maladosc-2