На 74-м годзе пайшоў з жыцця вядомы дзяржаўны дзеяч, выбітны дыпламат, кандыдат эканамічных навук Валянцін Вялічка, паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
"Ураджэнец Мінскай вобласці Валянцін Уладзіміравіч значную частку сваёй прафесійнай дзейнасці правёў на Гомельшчыне. З 1968 па 1993 год працаваў на розных пасадах у Гомельскім абкаме камсамола, Гомельскім абласным савеце прафсаюзаў, Савецкім райкаме КПБ г.Гомеля, Гомельскім аблвыканкаме, Савеце аб'яднання прафсаюзаў Гомельскай вобласці" , - распавялі ў МЗС.
Амаль чвэрць стагоддзя яго жыццёвы шлях быў звязаны з міжнароднай дзейнасцю. Валянцін Уладзіміравіч зрабіў значны ўклад у станаўленне дыпламатычнай службы незалежнай беларускай дзяржавы. Быў у ліку першых паслоў суверэннай Беларусі. У 1993-1997 гадах узначальваў пасольства Беларусі ў Латвіі, быў акрэдытаваны ў Фінляндыі па сумяшчальніцтве. У 1997-1998 гадах займаў пасаду міністра па справах Садружнасці Незалежных Дзяржаў Рэспублікі Беларусь. З 1998 па 2016 год працаваў на кіруючых пасадах у сістэме МЗС Беларусі: пасол па асаблівых даручэннях, першы намеснік міністра замежных спраў. З 2001 па 2016 год быў Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ва Украіне.
Быў узнагароджаны дзяржаўнымі ўзнагародамі: медалём "За працоўную адзнаку", ордэнам Пашаны, ордэнам Айчыны III ступені, а таксама Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, двойчы - Ганаровай граматай Савета Міністраў Беларусі.
"Шчыры, спагадны і прынцыповы чалавек, Валянцін Уладзіміравіч карыстаўся аўтарытэтам і заслужанай павагай на ўсіх вехі свайго працоўнага шляху. Памяць пра Валянціна Уладзіміравіча Вялічку застанецца ў сэрцах яго калег і сяброў", - падкрэслілі ў знешнепалітычным ведамстве.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/valyancin-vyalichka
[3] https://zviazda.by/be/tags/mzs