Барыс Зінчук, можна сказаць, аксакал у галіне айчыннай птушкагадоўлі. На Салігорскай птушкафабрыцы Барыс Іванавіч ужо сорак гадоў, у тым ліку трыццаць на пасадзе дырэктара. Менавіта пад яго кіраўніцтвам прадпрыемства атрымала далейшае развіццё і прызнанне адным з флагманаў краіны па вытворчасці яек. Нядаўна за шматгадовую добрасумленную працу, за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці кіраўнік удастоены найвышэйшай дзяржаўнай узнагароды — медаля «За працоўныя заслугі». Карэспандэнт «Звязды» пабывала на адной з найлепшых птушкафабрык краіны і пацікавілася, як удалося вывесці яе на такі ўзровень.
Сёлета на фабрыцы ўвялі ў дзеянне птушнік для ўтрымання перапёлак на 400 пасадачных месцаў — дадаткова да тых 240, што былі створаны раней. Планка, якую намеціў калектыў па вытворчасці перапяліных яек, будзе залежаць ад попыту: колькі змогуць прадаць, столькі і будуць выпускаць. Наогул жа магчымасці птушкафабрыкі — 100 млн яек у год.
— Але столькі перапялінай прадукцыі на ўнутраным рынку прадаць не зможам, — кажа Барыс Зінчук. — Таму працуем з Расіяй. Аб'ёмы для паставак нарошчваем паступова. Мінулы год атрымалі каля 40 млн яек, сёлета плануем павялічыць іх вытворчасць як мінімум у паўтара раза.
Салігорскія птушкаводы першымі ў краіне пачалі прывіваць культуру ўжывання перапяліных яек. З цягам часу заўважылі цікавасць спажыўцоў да гэтага прадукту і па меры таго, як павялічваўся збыт, адпаведна павялічвалі і аб'ёмы вытворчасці. Расіянам усё больш даспадобы гэтая прадукцыя. Прычым не толькі сырое перапялінае і курынае яйкі, але і марынаванае, вэнджанае. Калі ў Беларусі за мінулы год рэалізавалі 3 млн яек, то ў Расіі ў дзесяць разоў больш. Яйкі марынаваныя як найлепш падыходзяць для пунктаў хуткага харчавання. Яны паскараюць працэс прыгатавання страў. Але айчынныя кухары, кандытары не знаходзяць гэтаму прадукту шырокага прымянення, не ствараюць пад яго новыя рэцэпты страў. Нашы суседзі ў гэтым плане ідуць наперадзе.
На прадпрыемстве самы нізкі расход кармоў на адзінку прадукцыі сярод аналагічных птушкафабрык. Барыс Іванавіч лічыць, што ў гэтым заслуга новага заатэхніка, які прафесійна падыходзіць да кармлення птушкі. А гэта дазволіла зменшыць сабекошт прадукцыі, што ў сваю чаргу паўплывала на яе канкурэнтаздольнасць. «Сёння ідзе барацьба за рынкі збыту. Яна можа весціся рознымі спосабамі: зніжэнне сабекошту, адпускной цаны, павышэнне якасці прадукцыі. Гэтыя складнікі павінны быць увязаны паміж сабой. Прычым змяншаць адпускныя цэны бязмежна недапушчальна: фабрыка проста не выжыве. Барацьбу за рынак трэба весці цывілізавана, не адміністрацыйнымі і сілавымі метадамі, а менавіта за кошт якасці», — лічыць мой суразмоўнік.
— Барыс Іванавіч, зыходзячы з вашага меркавання, сцверджанне, што кадры вырашаюць усё, не састарэла.
— У айчыннай птушкагадоўлі кадравы голад. Калісьці ў аб'яднанні «Птушкапрам» была наладжана добрая сістэма падрыхтоўкі кадраў для галіны. Іх не проста вучылі, але і строга экзаменавалі. Цяпер тых спецыялістаў няма. Замест іх прыходзяць новыя, так бы мовіць «сырыя». У нас выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў непасрэдна на вытворчасці «вядзе» «старая гвардыя», якую мы захавалі. Гэта спецыялісты з вопытам, моцным багажом ведаў, які яны атрымалі ў свой час ад настаўнікаў. Калісьці ў Горацкай сельгасакадэміі была спецыялізацыя «Птушкагадоўля», затым яе закрылі. Сёння аднавілі, але ўзнікае пытанне: хто выкладчыкі? Гэта не практыкі, а тэарэтыкі, якія папаўняюць прафесійныя веды на аснове састарэлых кніг, таму што новыя пакуль не напісаны. А тым часам тэхналогіі рушылі наперад. Выкладчыкі павінны ўяўляць, што адбываецца на вытворчасці: няхай яны прыязджаюць, глядзяць, вучацца, знаёмяцца з тэхналогіямі, якія мы пастаянна ўдасканальваем. Пра гэта ў падручніках не пішацца. Цяпер многія пракладваюць шлях, які аказваецца не заўсёды, мякка кажучы, апраўданым: высокі сабекошт прадукцыі, нерацыянальныя расходы. У выніку з бюджэту даводзіцца выдаткоўваць значныя сродкі асобным птушкафабрыкам, таму што яны не ў стане сябе ўтрымліваць. Мы ні ў кога не бяром грошай: развіваемся, будуемся, набываем новае сучаснае абсталяванне, вядзём пашыранае ўзнаўленне вытворчасці і рухаемся наперад.
На думку Барыса Зінчука, павінна быць цесная сувязь навукі з вытворчасцю: «Мы можам прапанаваць сваё прадпрыемства як базавае: для гэтага ў нас ёсць усе ўмовы. І не трэба нам бюджэтных грошай на розныя эксперыменты. Мы любім эксперыментаваць. Напрыклад, для птушак распрацоўваецца розны рацыён. Затым параўноўваем эфектыўнасць, колькасць сабраных яек. У нас высокатэхналагічная сістэма ўліку вынікаў эксперыментаў».
Калі Барыс Зінчук узначаліў прадпрыемства, тут выпускалі 34 млн яек у год, сёння такую колькасць атрымліваюць за паўтара месяца. Удалося гэтага дасягнуць дзякуючы новым тэхналогіям. На адных і тых жа плошчах значна павялічылі колькасць птушкі. Купілі новыя больш прадукцыйныя кросы птушкі. Калі раней ад курыцы-нясушкі атрымлівалі ў год 268 яек і лічылі, што гэта рэкорд, то сёння збіраюць па 325 штук ад кожнай.
Сёння ў Беларусі выпускаецца 32 % яек звыш неабходнага аб'ёму, які могуць спажыць беларусы. Гэтыя лішкі экспартуюцца. Не таму, што вытворцы змагаліся за знешні рынак. Проста не змаглі прадаць прадукт унутры краіны. На жаль, экспарт сёння стратны, за межамі краіны яйкі рэалізуюцца па астаткавым прынцыпе.
— У такім разе ўзнікае пытанне: ці патрэбны стратныя птушкафабрыкі і ці варта павялічваць выпуск прадукцыі, калі гэта немэтазгодна?
— Гэта так. Калі такое будзе працягвацца, што цалкам магчыма, бо кожны стараецца павялічваць аб'ёмы вытворчасці — патрабаванне часу і, мабыць, законаў эканомікі, то адпаведна будзе ўзрастаць і экспарт. У выніку ў цэлым у птушкагадоўчай галіне не будзе страт. Але такую сітуацыю можна параўнаць з сярэдняй тэмпературай па шпіталі.
У айчыннай птушкагадоўлі кадравы голад. Калісьці ў аб'яднанні «Птушкапрам» была наладжана добрая сістэма падрыхтоўкі кадраў для галіны. Іх не проста вучылі, але і строга экзаменавалі. Цяпер тых спецыялістаў няма. Замест іх прыходзяць новыя, так бы мовіць «сырыя».
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/ptushkagadoulya