...Хто пра што, а я пра сваю любімую школу, пра дзяцей.
Такім чынам — урок беларускай мовы. Тэма яго — корань слова. Перш-наперш тлумачу матэрыял, дзеці запісваюць прыклады, потым самастойна, як і патрабуе тэма ўрока, вызначаюць карані...
Некалькі слоў я загадзя напісала на дошцы. Адкрываю іх, кажу:
— Карані знойдзе... Андрэй. Калі ласка!
Хлопчык устае з месца, але кіруе чамусьці не да дошкі, а да дзвярэй:
— Я мігам, — кажа, — бабе Валі дровы прывезлі.
«Пры чым тут, думаю, баба?.. Пры чым тут дровы?»
— Вярніся, — прашу хлопчыка, але тога і след прастыў.
Мы працягваем урок — шукаем карані слоў, як раптам дзверы адчыняюцца і ў іх з'яўляецца... Спачатку — корч — ладны, сапраўдны... А следам за ім — Андрэй.
— Во, — кажа, — корань. Я сам знайшоў!
...І, між іншым, досыць цікавы! Потым мы скарысталі яго для розных дробных вырабаў.
А вось «корань слова» давялося шукаць з Андрэем пасля ўрокаў.
Сафія Атрохава, в. Селішча, Слуцкі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/listy-u-redakcyyu