Пасяўная кампанія можа пачацца ў Брэсцкай вобласці ўжо праз тыдзень. Аб гэтым падчас пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў заявіў прэм'ер-міністр Андрэй КАБЯКОЎ. Паводле яго слоў, сёлета перад аграрыямі стаіць задача павялічыць узровень вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі на 4,8 % у параўнанні з вынікамі 2017 года.
«У тым ліку гэта датычыцца прадукцыі раслінаводства — на 5 %, жывёлагадоўлі — на 4,6 %. Асноўная задача, якая зараз стаіць перад Мінсельгасхарчам, аблвыканкамамі, райвыканкамамі, — правядзенне веснавой пасяўной на высокім арганізацыйным і тэхналагічным узроўнях», — растлумачыў Андрэй Кабякоў. Пры гэтым кіраўнік урада адзначыў, што рэгіёнам краіны да 25 сакавіка неабходна забяспечыць гатоўнасць тэхнікі на ўзроўні не ніжэй за 95 %.
На правядзенне веснавых палявых работ прадугледжаны льготныя крэдыты банкаў на суму 320 млн рублёў. Пры гэтым Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што дадзеныя крэдыты будуць выдзяляцца толькі ў тым выпадку, калі будуць вернутыя рэсурсы, выдадзеныя ў 2017 годзе і папярэдніх гадах на адпаведныя мэты. У мясцовых бюджэтах на 2018 год прадугледжаны сродкі, у тым ліку субсідыі, уключаючы выплату надбавак за рэалізаваную прадукцыю, у суме 191 млн рублёў.
Таксама ён адзначыў, што калі аблвыканкамы, Мінсельгасхарч, канцэрны «Белдзяржхарчпрам» і «Беллегпрам» аператыўна спрацуюць па падборы плацежаздольных арганізацый-нарыхтоўшчыкаў на выкуп дзяржзаказу, то будзе выдзелены аванс на палявыя работы ў памеры 180 млн рублёў. Адпаведны праект указа будзе накіраваны на разгляд кіраўніка дзяржавы. Таксама ўрад ужо накіраваў на разгляд Прэзідэнта праект распараджэння па падтрымцы ў выглядзе перадачы з дзяржрэзерву паліва ў аб'ёме 50 тысяч тон, якое вярталі сельгасарганізацыі.
Вырашаць пытанне па пастаўках малака
Беларусь плануе ўрэгуляваць пытанне з пастаўкамі малака праз прыняцце дарожнай карты. Пра гэта журналістам у Савеце Міністраў заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід ЗАЯЦ. Плануецца, што новая дарожная карта будзе лепш улічваць інтарэсы дзвюх краін.
Ён таксама адзначыў, што ў найбліжэйшы час у Маскве адбудзецца сустрэча на ўзроўні намеснікаў прэм'ер-міністраў для абмеркавання гэтага пытання. «Упэўнены, што разгляд і прыняцце гэтай дарожнай карты здымуць забарону паставак нашых прадпрыемстваў на расійскі рынак», — адзначыў Леанід Заяц. Таксама, па яго словах, сыравіна, якая паступае з беларускіх гаспадарак на малочныя прадпрыемствы, праходзіць праз неабходны кантроль. Той жа самы кантроль ёсць і ў працэсе перапрацоўкі. Пры адгрузцы гатовай прадукцыі кожная партыя даследуецца ў лабараторыях.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/pasyaunaya-kampaniya
[5] https://zviazda.by/be/tags/andrey-kabyakou