Беларусь і Чэхія ўчора падпісалі дагавор аб пенсійным забеспячэнні паміж дзвюма краінамі.
Дагавор распаўсюджваецца на ўсіх, хто жыве і працуе ці працаваў на тэрыторыі Беларусі і Чэхіі. Яго мэтай з'яўляецца забеспячэнне фарміравання пенсійных правоў за перыяды працы на тэрыторыі названых дзяржаў і рэалізацыі гэтых правоў.
Як адзначаюць у Мінпрацы і сацабароны, з падпісаннем гэтага дакумента Беларусь і Чэхія дамаўляюцца рэгуляваць выплату ўнёскаў на абавязковае дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне (пенсійнае забеспячэнне, дапамогу па часовай непрацаздольнасці, дапамогу па цяжарнасці і родах і інш.). Таксама будуць рэгулявацца прызначэнне і выплата пенсій (па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, з нагоды страты карміцеля).
Паводле дагавора, плацельшчыкі страхавых унёскаў павінны выконваць правілы, што дзейнічаюць у дзяржаве, у якой яны працуюць. Пенсіі будуць прызначацца кожнай дзяржавай у адпаведнасці са сваім заканадаўствам за стаж, набыты на яе тэрыторыі, і выплачвацца на тэрыторыі дзяржавы пражывання грамадзяніна.
У Мінпрацы і сацабароны адзначаюць, што ў цяперашні час вядзецца работа над праектамі такіх дагавораў таксама з Польшчай і Эстоніяй.
Святлана Бусько
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/chehiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/pensiya