Кераміст з Вілейкі Уладзімір Матораў не ўяўляе сваё жыццё без любімай працы. Ва ўтульнай майстэрні Zolak рамеснік стварае з гліны экалагічны посуд і сувеніры. У іх вырабе і апрацоўцы ён выкарыстоўвае толькі натуральныя прадукты: пчаліны воск і малако.
З глінай усё зразумела. Гліна ёсць гліна, ляпі з яе што хочаш. На ганчарным крузе Уладзімір спачатку робіць традыцыйны посуд. Але навошта воск і малако? У тым і справа — майстар вырабляе свой посуд у старажытнай народнай тэхніцы малачэння — рэдкай, малавядомай, складанай.
— Гліна — вельмі порысты матэрыял і нават пасля абпалу можа прапускаць ваду, — кажа майстар Матораў. — Таму, стварыўшы збанок альбо кубак, абпаліўшы іх у печцы, патрэбна яшчэ раз іх апрацаваць. Посуд акунаюць у малако і яшчэ раз кладуць у печку. Пасля завяршэння працэсу пакрываюць вадкім воскам. Вынік такой апрацоўкі — гладкія, зручныя і надзіва прыгожыя керамічныя рэчы.
Пасля працоўнага дня мы з майстрам з асалодай пілі малако з новенькіх кубкаў, на якіх адбіліся дубовыя лісткі — своеасаблівы сімвал гаспадара майстэрні. Пах адтопленага малака і водар пчалінага воску ствараў непаўторную аўру.
Ганна Занкавіч, фота аўтара
г. Вілейка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/fota-na-trynaccatuyu-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/gancharstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/glina
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-ramesniki
[7] https://zviazda.by/be/tags/posud
[8] https://zviazda.by/be/tags/suveniry
[9] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-matorau