У юбілейны 2017 год выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» прапанавала багата новых выданняў. Сярод самых значных — персанальная энцыклапедыя «Францыск Скарына», якая змяшчае каля тысячы артыкулаў, што датычацца жыцця і дзейнасці першадрукара, геаграфіі Скарынавых падарожжаў, даследавання айчыннага кнігавыдання. Пра гэту энцыклапедыю чытачы «ЛіМа» даведаліся ў перадапошнім нумары 2017 года.
Дзейнасці Францыска Скарыны прысвечаны і іншыя выданні «Беларускай Энцыклапедыі». Так, у «Сусветнай спадчыне Францыска Скарыны» апісваецца лёс усіх вядомых сёння кніг беларускага першадрукара. У выданні наглядна прадстаўлена спадчына Францыска Скарыны, якая захоўваецца ў музеях і бібліятэках Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Чэхіі, ЗША і іншых краін. Кніга выйшла ў серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай.
Яшчэ адно трохмоўнае выданне — «Узнікненне кнігадрукавання ў Еўропе і Беларусі» — дазваляе асэнсаваць дзейнасць Скарыны ў шырокім культурным кантэксце. Кніга знаёміць з развіццём кнігадрукавання ў розных краінах свету, прадстаўляе дасягненні еўрапейскага кнігадрукавання, паказвае ўплыў Францыска Скарыны на развіццё кніжнай культуры Беларусі.
— Выданне першага тома персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала» стала яшчэ адной значнай падзеяй не толькі ў культурным жыцці Беларусі, але і ў сусветным літаратуразнаўчым асяроддзі, — падкрэслівае галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Ларыса Языковіч. — Гэтае багата ілюстраванае энцыклапедычнае выданне ўключае каля 1500 артыкулаў. Сярод іх — артыкулы літаратуразнаўчыя, якія датычацца творчасці беларускага песняра, біяграфічныя — пра людзей, якія мелі важнае значэнне ў лёсе паэта, а таксама людзей, на чый лёс моцна паўплывала творчасць Янкі Купалы. Тыраж выдання — 1500 экзэмпляраў.
Будучыя беларускія кнігавыдаўцы, медыкі, юрысты, падарожнікі, перакладчыкі і мастакі, якія пакуль вучацца ў школе, таксама атрымалі ў Год навукі шмат цікавых выданняў ад «Беларускай Энцыклапедыі».
— У 2017 годзе амаль завяршылі работу над серыяй «Асветнікі Беларусі», — распавядае Ларыса Уладзіміраўна. — Кнігі серыі былі прысвечаны выдатным культурным дзеячам: Еўфрасінні Полацкай, Францыску Скарыну, Кірылу Тураўскаму, Казіміру Семяновічу, Яну Баршчэўскаму і іншым. Аўтар — кандыдат філасофскіх навук Эдуард Дубянецкі. У кнігах шмат ілюстрацыйнага матэрыялу, тэксты адаптаваныя для школьнікаў. Такім чынам, атрымаўся карысны дапаможнік для ўсіх, хто вывучае беларускую культуру.
Новыя кнігі з’яўляюцца ў папулярных энцыклапедычных пазнавальных серыях для дзяцей «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя» і «Маленькі прафесар». З 2012 года ў серыі «Маленькі прафесар» выдадзена каля ста кніг! У год навукі пабачылі свет своеасаблівыя міні-энцыклапедыі «Як працуюць вучоныя»: географ, медык, хімік, археолаг…
Сярод навінак «Беларускай дзіцячай энцыклапедыі» — кнігі «На чым іграе музыка» Надзеі Дзямідавай, «Самые необычные музеи Беларуси» Людмілы Мінкевіч, «Летучие призраки» Марыі і Віктара Дзям’янчыкаў, «Роботы и люди» Рыгора Пракаповіча, «Вялікія князі Вялікага Княства Літоўскага» Валерыя Пазнякова, «На лесной тропинке» Леаніда Чумакова, «Да бабулі на вёску» Алеся Сачанкі.
— Аўтары нашых кніг — спецыялісты, якія маюць грунтоўныя веды, — адзначыла Ларыса Языковіч. — Яны абапіраюцца на навуковыя факты, але пішуць для дзяцей цікава і проста. Марыя і Віктар Дзям’янчыкі шмат гадоў вывучаюць кажаноў і прадставілі выдавецтву ўнікальныя фотаздымкі. Як з’явіліся ў нас кажаны? Дзе яны жывуць? Якія незвычайныя здольнасці яны маюць? Не кожны адкажа на гэтыя пытанні, а дзяцей дзіўныя жывёлы дакладна зацікавяць! «Робаты і людзі» — тэма, якая актыўна абмяркоўваецца на працягу многіх гадоў. Рыгор Пракаповіч працуе ў галіне робататэхнікі і ў кнізе дае адказы на мноства «гарачых» пытанняў. Ён распавядае, калі, дзе і як з’явіліся першыя робаты, хто і навошта іх распрацоўваў, як гэта робіцца ў Беларусі. Бацькам, настаўнікам, выхавальнікам, якія хочуць пазнаёміць гарадскіх дзяцей з традыцыйнай культурай, прапануем кнігу «Да бабулі на вёску». Аўтар Алесь Сачанка распавядае пра вясковы лад жыцця. Разам з героямі кнігі Паўлінкай і Міхаськам чытач даведаецца пра традыцыйныя заняткі сялян, побыт, прылады працы, прадметы дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва, нацыянальныя стравы, святы і абрады. Выданне дапоўнена цікавымі пытаннямі і заданнямі, творамі мастацкай літаратуры, каляровымі ілюстрацыямі. Ёсць у кнізе і невялікі тлумачальны слоўнік.
У 2017 годзе бяруць пачатак некалькі новых серый. Самая карысная — «Таямніцы беларускай мовы». У гэтай серыі вышлі кнігі «Падобнае — непадобнае. Сінонімы, антонімы, амонімы, паронімы», «Залацінкі народнай мудрасці. Фразеалагізмы», «Адным словам не сказаць. Безэквівалентная лексіка». Аўтары папулярных кніг — беларускія мовазнаўцы, якія распавядаюць школьнікам пра сакрэты роднай мовы. Наступная серыя — «Самыя-самыя», якая ўжо налічвае каля дзесяці кніг.
Кнігі накшталт «Самыя вялікія азёры» ці «Самыя вялікія дрэвы» сёння вельмі папулярныя ў свеце. Супрацоўнікі выдавецтва вырашылі адшукаць самае-самае ў Беларусі. Так з’явіліся кнігі «Старажылы, волаты, монстры», «Чыстыя, глыбокія, прыгожыя... Азёры Беларусі», «Преданные, умные, красивые. Собаки», «Буры гаспадар лясоў», «Вялікія, магутныя, хуткія» і інш.
Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» прапануе кнігі і для сямейнага чытання. І гэта не толькі знакамітыя выданні Алеся Сушы з серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя» — «Францыск Скарына — чалавек-энцыклапедыя», «Францыск Скарына — чалавек свету», «Францыск Скарына — чалавек-легенда»… Летась была заснавана серыя «Энцыклапедыя народнага майстра», прысвечаная эксклюзіўным беларускім рамёствам. Кніга Гульнары Качан «Куклы: обереги, обрядовые, игровые. Иллюстрированный мастер-класс» распавядае, як рабіць лялькі згодна з народнымі традыцыямі. У кнізе ёсць падрабязныя схемы з малюнкамі, пакрокавым апісаннем, асобная ўвага звернута на значэнне розных відаў цацак. У кнізе «Пасланні ад продкаў. Пра што расказвае беларускі арнамент» аўтар Алесь Коршак на падставе друкаваных крыніц паказвае, што азначаюць найбольш пашыраныя сімвалы і іх варыянты. Алена Гурэцкая ў кнізе «Лозоплетение» тлумачыць, як рабіць цудоўныя рэчы з лазы. Цяпер выдавецтва рыхтуе кнігі пра беларускую вышыўку і пісанкі.
Ларыса Языковіч прапануе звярнуць увагу і на кнігу «50 уникальных заповедных территорий Беларуси» (тэкст на рускай і англійскай мовах):
— Слушна было б спытаць: «Чаму менавіта пяцьдзясят, калі запаведных тэрыторый у нашай краіне больш за тысячу?» Гэтае пытанне мы абмяркоўвалі з Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах. Летась выдавецтва святкавала юбілей — 50 гадоў. На тым і вырашылі: вызначылі самыя цікавыя рэгіёны Беларусі, выбралі фотаздымкі, карты. Кніга мае цудоўнае мастацкае аздабленне і прэзентуе ўнікальныя фотаздымкі, зробленыя квадракоптарам, якія раней нідзе не друкаваліся.
Кнігі «Беларускай Энцыклапедыі» хутка знаходзяць чытачоў, добра разыходзяцца па бібліятэках.
— Некалькі гадоў таму мы абмяркоўвалі перспектывы развіцця выдавецтва, думалі, як знайсці сваю нішу. Доўга спрачаліся, прапаноўвалі ідэі і прыйшлі да высновы: наша мэта — адлюстраваць у энцыклапедычным фармаце ўсё цікавае і значнае, што ёсць у Беларусі. Гэта не толькі гісторыя і культура, але і многія іншыя рэчы, якія заслугоўваюць ўвагі, — падагульняе Ларыса Языковіч.
Марыя ШЧЫПАНАВА,
Алеся ЛАПІЦКАЯ
Фота Кастуся ДРОБАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[2] https://zviazda.by/be/tags/knigi