Члены Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў (АУКП) збяруцца ў Нацыянальнай акадэміі навук. Пасяджэнне выканаўчага камітэта асацыяцыі адкрыецца ў Мінску 22 сакавіка.
У мерапрыемстве чакаецца ўдзел 10 членаў выканкама, сярод якіх касманаўты з Расіі, ЗША, Кітая, Германіі і Францыі. На пасяджэнне прыедуць і касманаўты — ураджэнцы Беларусі: прэзідэнт Федэрацыі касманаўтыкі Расіі, двойчы Герой Савецкага Саюза Уладзімір Кавалёнак, двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук, а таксама лётчык-касманаўт, Герой Расіі Алег Навіцкі. На пасяджэнні выканкама плануецца абмеркаваць падрыхтоўку да правядзення ў Мінску ў верасні бягучага года 31-га Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, куды запрошаны каля 350 чалавек, у тым ліку 150 касманаўтаў.
Усяго запланавана шэсць тэхнічных сесій з выступленнямі касманаўтаў, навукоўцаў і вядучых спецыялістаў у гэтай галіне. Госці наведаюць пляцоўкі, якія будуць задзейнічаны падчас будучага міжнароднага кангрэса.
Асацыяцыя ўдзельнікаў касмічных палётаў — міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая аб'ядноўвае касманаўтаў з многіх краін. Была створана ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілатаваных касмічных палётаў. Міжнародны кангрэс АУКП штогод збірае касманаўтаў, а таксама прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў і нацыянальных касмічных агенцтваў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/navuka
[4] https://zviazda.by/be/tags/asacyyacyya-udzelnikau-kasmichnyh-palyotau
[5] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-navuk-belarusi