У Гродне сталі традыцыйнымі фестывалі, якія ладзяцца Гродзенскім філіялам «Белпошты» і друкаванымі выданнямі. Чарговая сустрэча з падпісчыкамі адбылася ў самай «населенай» школе горада, дзе вучацца больш за тры тысячы школьнікаў. Многія з іх зацікавіліся выданнямі «Звязды». Для сустрэчы з гродзенцамі Выдавецкі дом «Звязда» падрыхтаваў не толькі экзэмпляры сваіх выданняў, але і нямала добрых бонусаў.
Да «звяздоўскага» стэнда падчас перапынку раз-пораз падбягалі школьнікі, і ніхто не адыходзіў з пустымі рукамі. Для кожнага знаходзіўся прыгожы насценны каляндар, флажок ці часопіс у падарунак. Для падпісчыкаў — больш сур'ёзныя прызы. Кубкі, бейсболкі, майкі, штодзённікі і нататнікі з лагатыпам выдання. Выбар падпіскі вялікі, бо, як вядома, Выдавецкі дом аб'ядноўвае каля дзесяці выданняў. У іх ліку газеты — «Звязда», «ЛіМ», часопісы — «Маладосць», «Алеся», «Вожык», «Родная прырода» і іншыя. Усе яны былі выстаўлены на стэндах. Юных падпісчыкаў зацікавіў часопіс для дзяцей «Бярозка». Пяцікласнік Яўген прыйшоў са сваімі сябрамі, каб пазнаёміцца са зместам выдання. Вядома ж, атрымаў падарунак. Настаўнікі і бацькі, якія прыйшлі па дзяцей у школу, гарталі газету «Звязда». Тут жа можна было і аформіць падпіску.
— Для рэдакцый гэта добры шанц пазнаёміць са сваім выданнем, а для падпісчыкаў яшчэ і атрымаць падарунак, — зазначыла начальнік аб'яднанага цэха паштовай сувязі Гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Святлана Грыб. — Гродзенцы пачынаюць прывыкаць да такіх мерапрыемстваў, хоць гэта і новая форма: мы пачалі практыкаваць яе ў мінулым годзе. Папярэднія фестывалі праходзілі на адкрытых пляцоўках ў цэнтры горада. Зараз мы з-за нестабільнага надвор'я размясціліся ў школе, якая знаходзіцца ў новым мікрараёне. Паступова будзем даходзіць і да іншых куткоў горада. Наш філіял знаёміць наведвальнікаў з новымі паслугамі аддзяленняў сувязі, мы прапануем падпісаць віншавальную паштоўку прызёрам Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане, аформіціць дабрачынную падпіску для дзяцей-сірот, набыць сувенірную прадукцыю, а таксама сертыфікат на любое выданне.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/belposhta
[5] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-gryb
[6] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda