На традыцыйным Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне, што ладзіцца ўжо не першы год, у сёлетнім чэрвені пройдзе круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў «Дыялог літаратур — дыялог культур».
Арганізатарамі выступаюць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі аблвыканкам, Гродзенскі гарвыканкам, а яшчэ — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы і Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Да ўдзелу ў рабоце круглага стала, на які збяруцца пісьменнікі і перакладчыкі беларускай літаратуры найперш з розных рэгіёнаў Расіі, прычыняцца і Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура», айчынныя літаратурна-мастацкія выданні.
— У час работы круглага стала, — дзеліцца планамі намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» перакладчык Аляксей Чарота, — абмяркуем сённяшні стан міжнародных літаратурных адносін, ролю мастацкага перакладу нацыянальных літаратур у іх развіцці і пашырэнні. Асобна спынімся на пытаннях працы з перакладчыкамі і перакладамі ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы.
Чакаецца, што ў госці ў Гродна прыедуць паэты, празаікі, публіцысты, перакладчыкі з Расійскай Федэрацыі — з Татарстана, Чувашыі, Масквы, Чачэнскай Рэспублікі, з Літвы, Польшчы, Украіны.
Мікола Берлеж
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/pismennik
[5] https://zviazda.by/be/tags/respublikanski-festyval-nacyyanalnyh-kultur