Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Савета па развіцці прадпрымальніцтва, кіраўніком Апарату Савета Міністраў Аляксандрам Турчыным. Асноўнымі тэмамі для абмеркавання сталі дзейнасць Савета, рэформа Падатковага кодэкса і магчымасці стварэння Міністэрства лічбавай эканомікі.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як увогуле ідуць справы ў прадпрымальніцкім асяроддзі. За час, які прайшоў з 10 кастрычніка мінулага года — даты прыняцця Указа Прэзідэнта «Аб Савеце па развіцці прадпрымальніцтва», — Саветам падрыхтаваны заключэнні па праектах больш як 30 указаў, 10 законаў і 46 пастаноў Савета Міністраў. Акрамя таго, у ім разгледзелі больш за 40 зваротаў па розных праблемах: пачынаючы ад просьбаў аб дапамозе ў выдзяленні фінансавай падтрымкі да скаргаў на дзеянні арэндадаўцаў і мясцовых органаў улады.
Наконт Падатковага кодэкса кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта пытанне нумар адзін: «У нас павінна быць падатковая сістэма сапраўды няцяжкай. Але дзяржава павінна функцыянаваць. І другое — што абсалютнаправільна і дакладна, нас крытыкуюць часам за гэта, — нам патрэбны Падатковы кодэкс зручны, просты, каб людзі разумелі яго. Але, рэфармуючы яго, каб мы ні ў той, ні ў іншы бок крэн не зрабілі. Гэта значыць не зрабілі нашу падатковую сістэму празмернай, каб яна не ціснула на прадпрымальніцтва. І, з другога боку, каб мы — што яшчэ небяспечней — не агалілі дзяржаву. Нельга агаліць асноўныя напрамкі дзейнасці дзяржавы».
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва наконт Міністэрства лічбавай эканомікі. Магчыма, гэта будзе новая структура. А можа, варта правесці рэформу і аб'яднаць міністэрствы, якія ў перспектыве будуць працаваць на «лічбу», спытаў Прэзідэнт.
Пасля сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы Аляксандр Турчын падвёў для журналістаў вынікі размовы. Ён адзначыў, што Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю, каб у грамадска-кансультацыйных саветах пры міністэрствах актыўней прыцягваць бізнесменаў да абмеркавання праектаў нарматыўна-прававых актаў, якія распрацоўваюцца. Акрамя таго, гаворка ішла пра стварэнне саветаў па развіцці прадпрымальніцтва ў абласцях і раёнах. Гэта дапаможа вырашаць праблемныя пытанні бізнесу, звязаныя, напрыклад, з арэндай і зямельнымі адносінамі — тым, што знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых улад.
Аляксандр Турчын нагадаў, што ва ўрадзе створана рабочая група пад старшынствам першага віцэ-прэм'ера, якая займаецца рэформай Падатковага кодэкса. Унесці на разгляд новую рэдакцыю плануецца сёлета да 1 верасня. Таксама ён адзначыў, што тэма стварэння Міністэрства лічбавай эканомікі стане асноўнай на найбліжэйшым пасяджэнні ў пашыраным складзе савета па лічбавай эканоміцы, які ўзначальвае прэм'ер-міністр. Мяркуецца, што яно адбудзецца ў красавіку. А само міністэрства можа быць створана да канца гэтага года.
Надзея АНІСОВІЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-turchyn
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-ekanomika