Кожны пяты аб'ект бытавога абслугоўвання — гэта цырульня, кожны восьмы — СТА. Шырока распаўсюджаны таксама майстэрні па рамонце і пашыве швейных вырабаў і абутку, рамонце і ўстаноўцы камп'ютараў, офісных і іншых машын і абсталявання, пункты арэнды і пракату. Усяго ў краіне аказваецца 157 відаў бытавых паслуг.
Вёска чакае прадпрымальнікаў
На пачатак года ў гэтай галіне працавалі 33,7 тысячы суб'ектаў гаспадарання больш чым у 27,4 тысячы аб'ектаў. Толькі 13 працэнтаў з зарэгістраваных юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў аказваюць бытавыя паслугі ў сельскіх населеных пунктах. Яшчэ траціна працуе ў райцэнтрах.
— За мінулы год у сферу ўдалося прыцягнуць каля 3,3 тысячы суб'ектаў, якімі было адкрыта 3,7 тысячы новых аб'ектаў. Пры гэтым каля паловы з іх прыйшліся на раённыя цэнтры і сельскую мясцовасць, — гаворыць начальнік упраўлення сацыяльнай сферы і паслуг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Валяр'ян БЯСПАЛЫ.
Летась на рамонт, тэхнічнае перааснашчэнне аб'ектаў з мясцовых бюджэтаў было накіравана тры мільёны рублёў. На наступныя тры гады на фінансаванне мерапрыемстваў дзяржаўных праграм па бытавым абслугоўванні запланавана прыцягнуць больш за 21 мільён рублёў — як за кошт мясцовых бюджэтаў, так і ўласных сродкаў арганізацый.
Драй-бар і пракат сегвэяў
Сталічная сфера бытавога абслугоўвання налічвае 31,7 тысячы працоўных месцаў. Найбольшая колькасць аб'ектаў традыцыйна ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах. 97 працэнтаў суб'ектаў гаспадарання — прыватнікі. Амаль кожны трэці аказвае паслугі з выездам да заказчыка і арганізуе сваю дзейнасць пераважна ў інтэрнэце.
— Мяркуем, што развіццё новых паслуг будзе ў такіх кірунках, як індустрыя прыгажосці, аўтасэрвіс, рамонт і будаўніцтва жылля, клінінг, — дзеліцца першы намеснік начальніка ўпраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама Наталля СУЙКОВА.
А вось якія навінкі ўжо з'явіліся ў сталіцы. Напрыклад, салоны прыгажосці для мужчын, дзе могуць не толькі падстрыгчы, але і зрабіць манікюр, педыкюр, прадаюць мужчынскую касметыку. Адкрыўся драй-бар — там аказваюць экспрэс-паслугі па мыцці галавы і ўкладцы валасоў. Развіваецца пракат у сферы актыўнага адпачынку. Гараджанам прапануюць у арэнду сегвэі (від двухколавага транспарту), электракатамараны. Попытам карыстаецца абсталяванне для правядзення вечарынак.
Наталля Суйкова расказала таксама пра будучыню лазні № 1, што на вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Рамонтныя работы там нарэшце пачнуцца ў сярэдзіне гэтага года. Адкрыць абноўленую лазню плануюць да канца 2019-га. Яе знешні воблік застанецца ранейшы, а ўнутры ўсё будзе цалкам мадэрнізавана. На першым паверсе размесціцца міні-цырульня на два месцы, бар, басейн. На другім — агульныя парыльні (мужчынскае і жаночае аддзяленні на 28 чалавек кожнае) і два нумары люкс. Будзе прадугледжана спецыяльнае абсталяванне для інвалідаў.
Беспрэцэдэнтныя льготы
Летась былі прынятыя тры важныя для сферы дакументы — Указ № 337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб», Указ № 345 «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання» і Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва».
— На наш погляд, былі ўстаноўлены беспрэцэдэнтныя льготы, — лічыць Валяр'ян Бяспалы. — Так, Дэкрэт № 7 мінімізаваў умяшанне службовых асоб у працу суб'ектаў гаспадарання. Апошнія цяпер самі могуць устанаўліваць рэжым работы, вызначаць парадак фарміравання заказаў, маюць права не ўзгадняць выкарыстанне гаража з членамі таварыства.
Пры Мінгарвыканкаме створана працоўная група, якая тлумачыць грамадзянам работу дэкрэта. У яе ўваходзяць галоўны санітарны ўрач сталіцы, прадстаўнікі МНС, камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва, упраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання гарвыканкама.
— На сустрэчах мы анансуем свае працоўныя тэлефоны, — заўважае Наталля Суйкова. — Мы абсалютна адкрыты для тлумачэння палажэнняў Дэкрэта № 7.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/bytavyya-paslugi