Дзіва дзіўнае: надоечы да нас на старую алычу прыляцелі... снегіры! Зноў...
Першы раз мы бачылі іх, як належыць, узімку, 17 студзеня, а другі — 27 сакавіка, можна сказаць, разам са шпакамі. Яны скакалі па галінках, чысцілі дзюбкі, пазіралі, ці няма тут чым пажывіцца. Каб не спудзіць іх, дзверы на лоджыю мы адчыняць пабаяліся: здымалі проста праз акно, на максімальным павелічэнні. А потым яшчэ і любаваліся...
Чытала, дарэчы, што адны снегіры прылятаюць у Беларусь на зімоўку, а другія жывуць тут круглы год. Гняздуюцца ў яловых лясах, дзе іх амаль ніхто не бачыць. А тут — пад уласным акном... Ці ж не дзіва?!
Святлана АДАМОВІЧ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/ptushki