Бязвізавыя адносіны паміж Беларуссю і Кітаем, нацыянальны інтэрнэт-партал для замежных турыстаў, стварэнне брэнда краіны, падрыхтоўка гідаў-перакладчыкаў і 12 мільёнаў еўра ад эксперымента на Аўгустоўскім канале. Пра гэтыя і іншыя падзеі, якія адбываюцца і мяркуюцца ў турыстычнай галіне краіны, расказаў намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл ПАРТНОЙ.
Пяць дзён на спорт і лячэнне — мала Беларусь працягне развіваць бязвізавую турыстычную палітыку і спадзяецца павялічыць тэрмін знаходжання замежнікаў у краіне да 10 дзён да канца года, спадзяецца намеснік міністра, падкрэсліваючы, што бязвізавы ўезд сябе апраўдвае:
— Узрасла колькасць турыстаў з Польшчы і Прыбалтыкі, дзяржаў з моцнай руска- і беларускамоўнай дыяспарамі, амаль на 30 % павялічылася загрузка нацыянальнага аэрапорта.
Станоўчыя вынікі паказаў і эксперымент на Аўгустоўскім канале, дзе бязвіз для замежных турыстаў павялічылі з пяці сутак да дзесяці і да якога замест пяці сельсаветаў далучыўся ўвесь Гродзенскі раён. 10-дзённы бязвіз закрануў таксама Белавежскую пушчу ў складзе чатырох раёнаў Брэсцкай вобласці і Свіслацкага раёна Гродзенскай.
Ён заўважыў, што ў краіне створана добрая спартыўная інфраструктура, ёсць што прапанаваць па паляўнічым і аграэкатурызме. А санаторна-курортны комплекс запатрабаваны не толькі ў краінах СНД, а і ў Еўропе. Аднак пяці дзён для бязвізавага наведвання не хапае:
— Для бізнесу, магчыма, гэтага і дастаткова, аднак для спартыўных спаборніцтваў гэтага часу не хапае. Чалавеку трэба адаптавацца, паказаць свой вынік, для паўнацэнных збораў мала пяці сутак. Для аздараўленчых працэдур таксама трэба ад 8 да 12 сутак.
«Ветліва» для замежнікаў і брэнд Беларусі
Міхаіл Партной лічыць, што дзяржава стварыла добрыя ўмовы для развіцця малога бізнесу на Беларусі.
— Колькасць аграэкасядзіб і ўзровень іх абслугоўвання пастаянна павышаецца. Сюды ўжо не толькі расіяне, але і кітайцы, ізраільцяне, прадстаўнікі заходніх краін едуць.
Мінск таксама ўваходзіць у рэйтынг гарадоў, прывабных для адпачынку і спорту. Ён знаходзіцца ў дваццатцы самых спартыўных гарадоў свету, уваходзіць у топ-30 самых прывабных для адпачынку на ўікэнд гарадоў і займае лідарскія пазіцыі па агратурызме.
Дасягненнем у турыстычнай галіне намеснік міністра лічыць стварэнне нацыянальнага інтэрнэт-партала «Ветліва», створанага на базе «ЦэнтрКурорт». Мяркуецца, што да канца года ў краіне з'явіцца турыстычны брэнд Беларусі, які будзе выбраны кампетэнтным журы пасля грамадскага абмеркавання варыянтаў.
Кітайскі бязвіз
Для прасоўвання айчыннага турпрадукту за мяжу сіламі дэпартамента па турызме і Нацыянальнага агенцтва па турызме арганізавана 13 міжнародных выставак і праведзена 10 прэзентацый. Іх аўдыторыя — гэта Расія, Украіна, Кітай, Азербайджан, Ізраіль, Вялікабрытанія, Германія, Эстонія, Літва, Латвія, Казахстан, Польшча.
— Сёлета наш турыстычны прадукт рэкламавалі на выстаўцы ў Нью-Ёрку і атрымалі сур'ёзны водгук, — заўважыў Міхаіл Партной. — Летам будзе інфатур для ЗША і Канады. І амерыканцы ўжо ўваходзяць у топавую пяцёрку краін, жыхары якіх прыязджаюць да нас па «бязвізе». Значыць, выбраны намі шлях правільны. Наш турыстычны патэнцыял сёлета ўжо прадстаўлены і ў Берліне, пакажам яго ў Пекіне і Шанхаі.
У Беларусі таксама актуалізаваны новы цэнтралізаваны рэсурс турыстычных магчымасцяў краіны, які мае два складнікі: для прафесіяналаў і аматараў. Створаны ролікі на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах. Адкрыта афіцыйнае прадстаўніцтва ў Пекіне.
Айчынны турызм сёлета будзе засяроджаны на кітайскім напрамку, тым больш што гэты год у Кітаі аб'яўлены Годам турызму Беларусі ў КНР.
— Кітайцы — адна з нацый, якія найбольш падарожнічаюць. Летась выехала за межы краіны каля 120 мільёнаў кітайцаў. З іх каля 1,2 млн абіраюць напрамак Піцер — Масква. Калі мы дасягнём з Расіяй узаемнага прызнання візавага і бязвізавага рэжымаў, каля 10 % ад гэтага патоку мы зможам залучыць да сябе, што дасць шмат для айчыннай эканомікі, — падкрэсліў намеснік міністра.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-turyzm