Калі б гадоў 15 таму бабруйскаму школьніку Максіму сказалі, што ён стане дызайнерам, не паверыў бы, бо акрамя назвы «Dоlсе & Gаbbаnа» пра моду больш нічога не чуў. І вучыцца пайшоў у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, філіял якога якраз знаходзіўся ў родным горадзе. Хацеў працаваць на вытворчасці — пажадана кіраўніком.
Сёння Макс Міронаў — вядомы дызайнер. Яго сумкі носяць не толькі беларускія модніцы: у шафах гімнасткі і тэлевядучай Ляйсан Уцяшавай і салісткі гурта «А-студыя» Кэці Тапурыі таксама ёсць аксесуары ад маладога майстра. Мы завіталі да Макса ў майстэрню і распыталі пра яго працоўны дзень, канкурэнцыю сярод дызайнераў і творчыя эксперыменты.
— Як вас, эканаміста па адукацыі, занесла ў сферу моды?
— Калі вучыўся ва ўніверсітэце, вырашыў, што хачу звязаць сваю дзейнасць з тэкстыльнай прамысловасцю. Але не ведаў, як гэта зрабіць. У той час мы з прыяцелямі спрабавалі самавыявіцца. Сярод майго атачэння было шмат тых, хто захапляўся хэнд-мэйдам. Мы перараблялі рэчы. Памятаю, як знайшоў старое паліто і пафарбаваў яго ў каструлі.
Пра сумкі адразу не задумваўся. Хацелася стварыць якую-небудзь марку адзення. Тады «выстраліў» брэнд «Ехtrа», і я ў многім хацеў быць падобным да іх. Рабіў прынты: гэта цяпер іх на прафесійным абсталяванні друкуюць, а раней наносілі малюнкі акрылавымі фарбамі. Мне было 20 гадоў, і гэта ўсё здавалася вельмі цікавым.
Шыць, дарэчы, не ўмеў абсалютна. Дома стаяла старая швейная машынка, якая дрэнна працавала, з нажным прыводам, на ёй і практыкаваўся. Я не з першага разу правільна нітку ўставіў!
— Чаму ў выніку спыніліся на сумках?
— Так атрымалася, што пасля ўніверсітэта працаваў на складзе скуры ў Мінску, дзе адначасова была арганізавана і ручная вытворчасць. Там я даведаўся пра матэрыялы, абсталяванне, убачыў, як працаваць са скурай, бо дагэтуль не ўмеў.
— З чаго пачыналі?
— Спярша трэба было сумяшчаць хобі і асноўную работу, таму шыў сумкі на кухні ноччу. З суседзямі мне пашанцавала, не скардзіліся на шум. Працуючы на складзе, змог пазнаёміцца з нашымі вядомымі дызайнерамі. Потым знаёмы прапанаваў паўдзельнічаць у конкурсе. Мой эскіз у выніку прынялі, але сказалі, што ён быў выкананы горш за ўсіх (усміхаецца). Пасля ў Мінску пачалі праводзіцца модныя маркеты (выстаўкі-кірмашы дызайнерскіх рэчаў. — Аўт.) — мяне туды запрасілі. А ў 2013 годзе я першы раз паўдзельнічаў у Беларускім тыдні моды.
— Колькі доўжыцца працоўны дзень дызайнера?
— Ён бясконцы! Бывае, паўночы не спіш, думаеш, як удасканаліць мадэль. У майстэрні я звычайна з раніцы і да шасці вечара. Больш не магу затрымлівацца: трэба паспець сына з дзіцячага садка забраць. Ён і так адным з апошніх застаецца.
Ва ўяўленні многіх работа дызайнера — як у фільме: намаляваў эскіз і пайшоў далей шукаць натхненне (смяецца). Але насамрэч ты адначасова і дырэктар па вытворчасці, і маркетолаг, і тэхнолаг, і канструктар, і кантралёр якасці. Хочаш рабіць добра — даводзіцца разбірацца ва ўсім.
— Як вырашаеце, якой будзе наступная сумка?
— У сне ідэі не прыходзяць. Думаеш, якой формы не хапае ў тваёй лінейцы або якая цяпер тэндэнцыя. Вось у моду вярнуліся паясныя сумкі. Таксама іх пачаў выпускаць. Але я не падглядаю тэндэнцыі на тыднях моды — ты прытрымліваешся іх на падсвядомым узроўні. Ідэі лунаюць у паветры, таму часам атрымліваецца, што дызайнеры адначасова выпускаюць падобныя рэчы. А потым бачыш калекцыю Lоuіs Vuіttоn і думаеш: цікава, яны зрабілі гэтак жа, як я.
Мне заўсёды падабаўся мінімалізм. А цяпер, напэўна, вяртаюся да таго перыяду творчасці, калі рабіў абстрактныя аплікацыі і прынты. Таму на сумках з'яўляецца дэкор з гумарам.
— Адкуль ідэя рабіць забаўныя надпісы?
— У майго сына на піжаме былі намаляваны дзве рыбы і надпісы на англійскай мове «вялікая рыба» і «маленькая рыба». І вось гэта ідэя — растлумачыць відавочную рэч — мне спадабалася. Так на сумках з'явіліся словы «ореn hеrе» (адкрываць тут. — Аўт.). Мне цікава прыдумваць каламбуры: «соmе bаg», «bасk расk».
— Чаму дызайнеры выкарыстоўваюць звычайна італьянскую скуру? Для пафасу?
— А чаму беларускі лён лічаць самым якасным? Бо ў краіне ёсць традыцыя яго вытворчасці. Розныя рэгіёны спецыялізуюцца на вырабе пэўных відаў скуры. Знаёмая неяк ездзіла па рабоце ў адзін з італьянскіх гарадоў і расказвала, што там адзін за адным стаяць склады скуры — такі сямейны бізнес.
— Сярод беларускіх дызайнераў вялікая канкурэнцыя?
— Пастаянна з'яўляюцца новыя лакальныя вытворцы сумак. Я, напэўна, усіх ужо нават і не ведаю.
— І як у гэтым асяродку не згубіцца і стаць паспяховым?
— Усё проста: ты выпускаеш добры прадукт — табе робяць выгадную прапанову. У мяне пакуль невялікія вытворчыя магчымасці, але запрашэнняў супрацоўнічаць, у тым ліку ад расійскіх крамаў, дастаткова. Плюс дапамагае атрыманая адукацыя. Думаю, на працэнтаў 30 мой склад думак эканамічны.
— Хто сёння купляе дызайнерскія рэчы?
— Вельмі розныя людзі. Калі казаць пра ўзрост, то гэта ў асноўным дзяўчаты ад 25 гадоў. Верхняя планка не абмежаваная: часта сумкі набываюць для сваіх мам.
— У вашай жонкі, напэўна, вялікая калекцыя...
— Не настолькі, як вы можаце падумаць. Але дзесяць штук дакладна ёсць. Яна вельмі любіць чорныя сумкі. Дарэчы, сваю першую мадэль я пашыў менавіта для будучай жонкі. Напэўна, хацеў ёй спадабацца.
— Самі з якой сумкай ходзіце?
— Са звычайным тэкстыльным рукзаком вулічнага стылю. Не нашу скураныя сумкі. У мяне і мужчынскай лінейкі няма. Калі пачынаў сваю дызайнерскую дзейнасць, рабіў... Попыт бы дакладна быў. І трэба гэтым заняцца, але не хапае часу.
— Парайце, як правільна выбраць жаночую сумку?
— Па форме ва ўсіх розныя перавагі. Адным зручна хадзіць з мініяцюрнымі сумачкамі, іншыя не ўяўляюць сваё жыццё без вялікай торбы, дзе ў іх складзена ўсё. Пры выбары трэба глядзець на тое, як трымаецца форма, ці роўныя строчкі. Звяртайце таксама ўвагу на ўнутранае аздабленне і якасць скуры. Памерайце сумку (ці не цяжкая яна?), пакладзіце што-небудзь унутр. Калі патрэбны адзін аксесуар на ўсе выпадкі, купіце крос-бодзі — сумку цераз
плячо — сярэдняга памеру.
— А мужчынам як быць?
— Цяпер усе носяць рукзакі. Я б яшчэ партфель параіў — мне здаецца, мужчынская сумка павінна выглядаць менавіта так.
— У беларусаў ёсць свой стыль? Мы адрозніваемся ад таго, як адзяваюцца, напрыклад у Еўропе?
— Думаю, не. Цяпер свет настолькі глабалізаваны, што мода ўсюды падобная. Раней казалі, што беларусак лёгка пазнаць, бо яны заўсёды на абцасах, убраныя і ярка нафарбаваныя. Але ў Еўропе такія жанчыны таксама ёсць. А ў нас хапае дзяўчат, якія ходзяць у красоўках і любяць паўсядзённы стыль адзення.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/maks-mironau
[5] https://zviazda.by/be/tags/moda
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskiya-dyzaynery