Пры Мінскім гарадскім камітэце БРСМ створаны аператыўны цэнтр па працаўладкаванні моладзі, працуе гарачая лінія.
Штодня з 9 да 18 гадзін па нумарах 8 017 284 85 54; + 375 25 964 09 67 кожны ахвотны можа атрымаць кансультацыю аб магчымасці працаўладкавання, а з 8 да 21 гадзіны звярнуцца ў аператыўны цэнтр (Кісялёва, 24) па гэтых пытаннях асабіста.
А яшчэ днямі Мінскі гарадскі камітэт БРСМ правёў кірмаш вакансій «Праца — Крута!», на які былі запрошаны больш за 200 маладых людзей. Вядучыя прадпрыемствы сталіцы — ААТ «МАЗ», «Амкадор», «Камволь», Белгідрамет, ЗТАА «БелМаркетКомпані», ЗАТ «Атлант», ААТ «Авіякампанія «Белавія», Нацыянальная бібліятэка Беларусі, ААТ «Мінскі вагонарамонтны завод» — прапаноўвалі для моладзі працоўныя месцы. Іх спецыялісты не толькі адказвалі на пытанні, але і былі гатовыя выдаць ліст-накіраванне для працаўладкавання на прадпрыемстве.
На кірмашы вакансій прэзентавалі новую ІT-распрацоўку актывістаў Саюза моладзі з БДУІР — мабільную праграму «Праца — Крута!». Гэта сумесны праект сталічнага БРСМ і Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Галоўная яго мэта — аказанне дапамогі ў працаўладкаванні моладзі. Першапачаткова праграма будзе працаваць на прыладах сістэмы Аndrоіd, а ў будучыні стане даступная для прылад сістэмы іОS.
Плануецца, што база даных мабільнай праграмы «Праца — Крута!» будзе абнаўляцца адначасова са з'яўленнем новых вакансій у камітэце.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[5] https://zviazda.by/be/tags/brsm
[6] https://zviazda.by/be/tags/pracauladkavanne
[7] https://zviazda.by/be/tags/pracauladkavanne-moladzi