Кіраўніка фермерскай гаспадаркі «Райская даліна» можна назваць акумулятарам розных ідэй. Яе планам і праектам няма канца, хоць і стрэсавых сітуацый хапае. Акрамя ўласнай гаспадаркі, яна вядзе шырокую грамадскую дзейнасць і марыць далучыць жанчын да фермерскага руху.
Хто тут пасецца?
Уласную гаспадарку Таццяна Чысцякова, былая спартсменка-водніца, пачала з развядзення жывёлы, у прыватнасці трусоў. Напачатку зямлі было нямнога, толькі-толькі хапала для іх утрымання. Дарэчы, жывёлы свабодна скакалі па ўчастку, толькі сетку давялося зверху ўладкаваць, каб драпежнікі іх не пацягнулі.
Зямлю пад фермерскую гаспадарку раённыя ўлады выдзелілі разам са старой фермай, якую новыя гаспадары паступова рамантавалі і аднаўлялі. Памяшканне прыстасавалі пад вырошчванне шампіньёнаў і вешанак. Побач, на полі, стварылі ўсё для адпачынку — альтанкі, пляцоўкі для гульняў. Дарэчы, зараз Таццяна захапілася ідэяй стварэння агратурыстычнага комплексу і шукае аматараў гэтай справы, якія далучыліся б да праекта.
Між тым участак пад Гроднам не адпавядаў задумкам, бо з'явілася ідэя разводзіць авечак. Такі кірунак Чысцякова выбрала невыпадкова — прыклад бачыла ў сваіх родных у Брэсцкай вобласці. Зямельнае пытанне вырашылася без асаблівых праблем. Участак плошчай 14 га быў выдзелены каля аграгарадка Азёры, дзе сапраўды нямала азёраў і наогул маляўнічая зона. Глеба не вельмі ўрадлівая, але ў самы раз пад пашу. Тут і трусам месца знайшлося. Але стаўку фермер робіць усё ж на развіцце авечкагадоўлі. Ёсць пародзісты вытворца, ад якога атрымалі летась прыплод. Пакуль статак невялікі — каля двух дзясяткаў, але ў планах — павялічыць яго да сотні. Таццяна ўпэўнілася: мясная прадукцыя мае попыт, а вось такія каштоўныя прадукты, як скура і воўна, не запатрабаваныя. Па збыце прадукцыі асноўныя спадзяванні на расійскі рынак.
— Са збытам цяжка, — кажа Чысцякова. — у нас мала хто займаецца перапрацоўкай скуры і воўны, ведаю, што ў Брэсцкай вобласці ёсць вытворчасць па пашыве коўдраў, але ў іх хапае сваіх пастаўшчыкоў, а ў прыватных прадпрыемстваў малыя аб'ёмы.
Таму і спадзяёмся на расійскі рынак. Там створаны і развіваюцца пляцоўкі для тавараў беларускіх вытворцаў.
Дарэчы, экспарт фермерскай прадукцыі пакуль не на вышыні, адзначае генеральны дырэктар абласной асацыяцыі фермераў Уладзімір Ушкевіч. Акрамя гэтага, сярод асноўных праблем, якія негатыўна ўплываюць на эфектыўнасць работы фермерскіх гаспадарак, — дарагія крэдыты і неразвіты фінансавы рынак, а таксама юрыдычная неабароненасць фермераў. Сутыкнулася з гэтым і Чысцякова.
Рукі не апусціла
Не ўсе фермеры могуць справіцца з праблемамі. Некаторыя адыходзяць ад гэтай справы. Напрыклад, у Гродзенскай вобласці ў мінулым годзе спынілі сваю дзейнасць восем фермерскіх гаспадарак. І хоць зарэгістраваны 21 новы фермер, колькасць іх расце марудна. Для таго каб развіццё вёскі ішло хутчэй, мясцовым уладам і асацыяцыі фермераў неабходна працаваць над павелічэннем колькасці фермерскіх гаспадарак, зазначае Уладзімір Ушкевіч.
Не абышлі бокам праблемы і Таццяну Чысцякову. І з'явіліся яны ў выглядзе... сучаснай магутнай тэхнікі. Так здарылася, што набыла яна ў лізінг беларускі пагрузчык праз сэрвісную арганізацыю. У нагрузку, праўда, вымушана была ўзяць яшчэ і прэс-падборшчык (бо і ён у гаспадарцы не лішні). Вось толькі пагрузчык ледзь не з першага дня пачаў падводзіць. Можна сказаць, працаваў мала, больш прастойваў.
Замяніць тэхніку вытворцы не згадзіліся, а фермер адмовілася плаціць за няўдалы пагрузчык. Урэшце сэрвісная арганізацыя праз суд пагрузчык забрала, пры гэтым Чысцякову абавязалі вярнуць сродкі за тэрмін карыстання, а гэта ні многа ні мала — 25 тысяч долараў.
— Да гэтага часу праблем з сэрвісным цэнтрам не было, папярэднія лізінгі «пагашала» датэрмінова, — расказвае Чысцякова. — А вось цяпер вымушана аддаваць за няспраўную тэхніку, на якой нават не паспелі папрацаваць, такія грошы. Вядома, прыйшлося вышукваць фінансы, менш пакідаць на развіццё, прадала і свой аўтамабіль — купіла развалюху 86-га года выпуску...
Але Таццяна рукі не апусціла і ад фермерства не адмовілася, бо многа ўжо ў гэту справу ўкладзена. Тым больш што трэба асвойваць новы ўчастак у Азёрах. Пакуль зямля там не апрацавана, чаму ёсць важная прычына. Гэты ўчастак фермер Чысцякова плануе сертыфікаваць пад арганічнае земляробства. Пад яго ў хуткім часе будзе падведзена і нарматыўная база. Закон аб арганічным земляробстве можа быць прыняты ўжо сёлета.
— Тут доўгі час зямлю не апрацоўвалі, на ўчастку нават сосны выраслі. Ніякіх хімікатаў не ўносілі, гэта натуральная паша, і нашы жывёлы будуць тут пасвіцца, — кажа Таццяна Чысцякова. — Як толькі прымуць закон, адразу вазьмуся за афармленне дакументаў.
Натуральная гаспадарка — гэта тое, што фермер узяла за аснову сваёй дзейнасці. У яе ўсё натуральнае. Нават грыбы — вешанкі і шыітакі — яна высейвае на драўніне на вуліцы. Пакуль ураджай невялікі, бо справа новая, але, на думку Таццяны, перспектыўная. Асабліва калі ўлічваць, што наперадзе яшчэ праект па стварэнні агратурыстычнага комплексу. І ўмовы для гэтага спрыяльныя: побач з фермерскім участкам знаходзіцца ландшафтны заказнік «Азёры» і знакамітае Святое балота. Гэта можа прывабіць турыстаў.
Дарэчы, наяўнасць азёр у гэтай мясцовасці падштурхнула Таццяну да незвычайнага рашэння — завезці сюды шатландскіх кароў пароды хайлэнд. Каровы маюць доўгую поўсць і доўгія рогі. Гэта паўночная парода, якая не баіцца марозу. А яшчэ, па словах Таццяны, вельмі добра шатландскія каровы пасуцца каля прыбярэжных участкаў азёр, ачышчаюць ад раслін вадаёмы і наогул маюць вельмі экзатычны выгляд.
Праблемы — агульныя
Трэба сказаць, што з Таццянай Чысцяковай, кіраўніком фермерскай гаспадаркі «Райская даліна», мы пазнаёміліся падчас стварэння Цэнтра фермерскіх ініцыятыў. Гэта было некалькі гадоў таму. Затым на базе яе гаспадаркі часта збіраліся жанчыны, каб навучыцца правільна весці фермерскую справу, пераняць вопыт самой Таццяны, іншых фермераў. Чысцякова лічыць, што жанчыны могуць не толькі быць памочнікамі сваіх мужоў, але і самі здольны кіраваць гаспадаркай. Ініцыятыўныя бізнесвумен маюць усе падставы, каб удала працаваць на зямлі.
— Наш Цэнтр фермерскіх ініцыятыў — гэта грамадская арганізацыя, накіраваная на жанчын, якія хочуць займацца справай, — расказвае Таццяна Чысцякова. — Трэба дапамагчы ім аб'яднацца. Фермеры, як вядома, народ спецыфічны, яны больш вераць ва ўласныя сілы, чым каму-небудзь. А праблемы ў адзіноце не вырашыш. Цябе проста ніхто не пачуе.
Тое, што фермерства здольна стаць адным з рухавікоў абуджэння вёскі, факт відавочны, лічыць кіраўнік асацыяцыі Уладзімір Ушкевіч. У агульным аб'ёме вытворчасці доля фермерскіх гаспадарак з кожным годам павялічваецца.
Ды і фермерскі корпус у рэгіёне не такі ўжо малы — 367 гаспадарак, за якімі замацавана 24 тыс. га зямлі. Але развіваецца гэты кірунак вельмі нераўнамерна. Напрыклад, у Гродзенскім раёне 55 фермераў, а ў Астравецкім — толькі 5. У Смаргонскім амаль 30, а ў Ваўкавыскім — усяго 7. Што датычыцца выдзялення зямлі, гэты працэс зараз не такі марудны і складаны, як раней, адзначыў спадар Ушкевіч, хоць многае залежыць ад мясцовых чыноўнікаў. На думку кіраўніка асацыяцыі, варта было б штогод папаўняць фонд пераразмеркавання зямель у кожным сельсавеце.
У Гродзенскім раёне, дзе фермераў многа, а зямлі мала, кожная гаспадарка пільна кантралюецца. Не ўсе вытрымліваюць канкурэнцыю. Некаторыя, што называецца, сыходзяць з дыстанцыі.
— Калі чалавек не апрацоўвае зямлю, запусціў, мы яе забіраем. Вось і зараз падрыхтаваны дакументы аб пазбаўленні зямлі аднаго з такіх фермераў, — адзначае намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Генадзь Аксаміт. — Чарга на зямлю існуе. Напрыклад, у гэтым годзе выдзелена фермерам дадаткова 30 гектараў. Хто прыходзіць са сваімі бізнес-ідэямі, планамі, той без праблем можа атрымаць зямлю з калгаснага фонду.
Як аказалася, цікавасць да фермерства ўсё больш праяўляюць жанчыны. І калі ўжо бяруцца за справу, то не кідаюць яе. У фермерскім корпусе маль 30 жанчын, якія ўзначальваюць фермерскія гаспадаркі. А многія з іх умеюць арганізаваць працу не горш за мужчын, а можа, нават і лепш. У мінулым годзе менавіта фермерская гаспадарка пад кіраўніцтвам Наталлі Кулікоўскай з Іўеўскага раёна атрымала званне «Гаспадарка высокай культуры земляробства». А Таццяна Чысцякова лічыць, што наогул ініцыятыўных жанчыны-фермераў варта прыцягваць да грамадскай работы, каб ажывіць фермерскі рух.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Каментарый у тэму:
Старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па аграрнай палiтыцы Яўген АДАМЕНКА:
— У нашай краiне ёсць фермеры, якiя працуюць не адзiн дзясятак гадоў. Некаторыя з iх бралi ўдзел у рэспублiканскiм семiнары-нарадзе аб развiццi вёскi i павышэннi эфектыўнасцi аграрнай галiны Беларусi, якi адбыўся 3 красавiка з удзелам Прэзiдэнта. Кiраўнiк фермерскай гаспадаркi «Новы быт» Шклоўскага раёна Аляксандр Канавалаў выступаў на гэтай нарадзе.
Прыклады паспяховага развiцця фермерства ёсць у кожным рэгiёне. На Гомельшчыне адным з лiдараў па аб'ёмах вырошчвання яблыкаў з'яўляецца фермерская гаспадарка «Яблыневы сад», якая размешчана ў Калiнкавiцкiм раёне. З 2016 года там сталi займацца яшчэ i вытворчасцю морквы, капусты i буракоў. Гаспадарка штогод вырабляе 800—900 тон яблыкаў, мае пладасховiшча, набыла вытворчы камбiнат, у якiм мадэрнiзавала перапрацоўчыя цэхi.
Каля 2 тысяч гектараў сельгасугоддзяў мае знакамiтая сялянская гаспадарка Мiхаiла Шрубы ў Тураве. Там займаюцца i жывёлагадоўляй — вырабляюць штогод больш за 1000 тон свiнiны, маюць статак з 3000 галоў буйной рагатай жывёлы.
У Мiнскай вобласцi ёсць добры прыклад фермерскай гаспадаркi, якая спецыялiзуецца на козагадоўлi — гэта «ДАК» у Дзяржынскiм раёне. Вырабляючы сыры i ёгурт з казiнага малака, яны не толькi забяспечваюць сталiцу, але i пастаўляюць сваю прадукцыю на экспарт.
Дзяржава стварае аднолькавыя ўмовы i для буйных сельгаспрадпрыемстваў, i для фермераў. Аднак у адрозненне ад краiн-суседак мы пасля распаду Савецкага Саюза буйную таварную вытворчасць не развалiлi. Таму асноўную долю ў валавой дабаўленай вартасцi займаюць менавiта буйныя гаспадаркi, сельгаскааператывы, аграхолдынгi. Гэта абумоўлiвае i выкарыстанне шыроказахопнай тэхнiкi на палях, i iншыя аспекты працы i жыцця людзей у вёсцы. Сельскагаспадарчая арганiзацыя дапамагае насельнiцтву апрацоўваць прысядзiбныя ўчасткi, падтрымлівае iнфраструктуру на вёсцы. Так склалася.
Праблемы ёсць. Iх характар залежыць ад вiду прадукцыi, якую вырабляе фермерская гаспадарка, ад яе месцазнаходжання. Ёсць пытаннi па выкарыстаннi маёмасцi, iншыя.
Закон «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» быў прыняты на пачатку 1991 года, апошнiя змены ў яго ўносiлiся амаль 11 гадоў таму. За гэты час шмат чаго змянiлася: сусветныя тэндэнцыi, спецыфiка ў галiне. Жыццё ўвесь час ставiць перад намi новыя пытаннi. Зараз актуальнай становiцца арганiчная вытворчасць. Мы ўжо разгледзелi адпаведны законапраект у першым чытаннi i сёлета павiнны прыняць яго ў другiм чытаннi. Гэты закон створыць перспектыву i для фермераў.
Надышоў час больш дэталёва вывучыць сферу дзейнасцi фермерскiх гаспадарак i, калi ёсць патрэба, унесцi новыя змены ў заканадаўства.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/grodzenskaya-voblasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/fermerskaya-gaspadarka