Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі ўчора Міністэрства інфармацыі і Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа.
Як адзначыў намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі, гэта грамадская арганізацыя нясе высакародную місію і падпісаны дакумент накіраваны на тое, каб данесці да ўсіх навіны пра яе добрыя справы. Генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Мычко ўпэўнена, што пагадненне аб супрацоўніцтве будзе рэалізавана ў сумесных карысных і цікавых праектах.
Першы з іх ужо можна назваць: грамадская арганізацыя аб'яўляе творчы конкурс на самую лепшую публікацыю аб яе дзейнасці. Найлепшыя матэрыялы, у тым ліку і сацыяльную рэкламу, вызначаць у сямі намінацыях. Конкурс стартуе ў маі — месячніку Чырвонага Крыжа, а скончыцца ў верасні.
Пагадненні аб супрацоўніцтве грамадская арганізацыя раней падпісала з Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам унутраных спраў і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.
Сёння ў Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа, які, дарэчы, праз два гады адзначыць сваё 100-годдзе, каля 400 супрацоўнікаў і больш за 16 тысяч валанцёраў. Яны аказваюць дапамогу інвалідам, пажылым і састарэлым, хворым на ВІЧ, туберкулёз і іншыя цяжкія захворванні. Летась каля 26 тысяч беларусаў і грамадзян іншых краін атрымалі дапамогу ад Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Прыходзяць на выручку супрацоўнікі арганізацыі і падчас надзвычайных сітуацый. Сёння, напрыклад, яны працуюць на поўдні Беларусі, дзе аказваюць дапамогу мясцовым жыхарам, якія пацярпелі ад веснавой паводкі.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/chyrvony-kryzh
[4] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-infarmacyi