Беларуская маладзёжная газета сёлета святкуе 80-ы дзень нараджэння.
У 1938 годзе чытачы атрымалі першы нумар газеты «Знамя юности». Праходзіў час, змяняліся журналісты і рэдактары, а газета па-ранейшаму рыхтавала матэрыялы для самай дзейснай і патрабавальнай аўдыторыі — моладзі. У часы БССР тыраж выдання дасягаў мільёна асобнікаў.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Жаўняк падчас святочнага мерапрыемства зачытаў прывітане Прэзідэнта, дзе падкрэслівалася важнасць работы маладзёжнай рэдакцыі:
— Сёння газету цэняць за прафесійны падыход, аб'ектыўнасць і ўважлівасць у адносінах да чытачоў. «Знамя юности» стала школай майстэрства для многіх беларускіх журналістаў. Яе таленавітыя аўтары ярка і натхнёна расказваюць пра самае важнае і цікавае людзям нашай краіны. У выніку штодзённай упартай працы ўдалося стварыць паважанае і аўтарытэтнае выданне, якое прасоўвае ідэі дабрыні і патрыятызму, дапамагае выхоўваць духоўна багатую і фізічна здаровую моладзь. Упэўнены, што гэтыя пастулаты захаваюцца ў аснове рэдакцыйнай палітыкі на доўгія гады.
У прывітальным слове нездарма згадвалася школа майстэрства. Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што газета сапраўды ў многім фарміравала будучых студэнтаў факультэта журналістыкі БДУ. Маладыя людзі прыходзілі ў рэдакцыю адразу пасля школы з першымі карэспандэнцыямі і нататкамі, такім чынам знаёмячыся з прафесіяй і набіраючыся вопыту.
Для чалавека 80 гадоў — ужо сталы ўзрост. З друкаванымі выданнямі ўсё інакш. Прачула і з цеплынёй успомніў часы сваёй працы на пасадзе галоўнага рэдактара Леанід Екель, чалавек, які і сёння называе газету ласкава «Знамёначкай».
— Я не скажу, што выданне было дасканалым — у дасканаласці, звычайна, мала чалавечнага. Але гэта быў жывы і дзейсны арганізм рэдакцыі са спрэчкамі і прымірэннямі, удалымі тэмамі і «прапясочваннямі» ад рэдактара. Аднак кожны працаваў з усведамленнем, што так як мы, не зробіць справу ніхто. У «Знамёначкі» існавала асаблівая грамадзянская мужнасць. Карэспандэнт пісаў матэрыял нават усведамляючы, што з-за яго можна атрымаць непрыемнасцяў, бо не мог паступіцца сумленнем. Дарэчы, быў і ў мяне горкі вопыт, з якога я ўсвядоміў, кім павінен быць галоўны рэдактар для свайго калектыву — чалавекам, гатовым бараніць свайго журналіста ад нападкаў, асабліва, калі матэрыял на сапраўды вострую тэму.
Сённяшні галоўны рэдактар «Знамени юности» Мікалай Мачэкін такі ж малады, як і ўвесь калектыў. Па яго словах, цяпер у газеце працуе 12 чалавек, але кожнага супрацоўніка можна назваць таленавітым і зацікаўленым справай.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ragneda-yurgel
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/medyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhurnalistyka
[6] https://zviazda.by/be/tags/gazeta
[7] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-znamya-yunosti
[8] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-infarmacyi