На пачатку гэтага года ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце — адным з самых значных асяродкаў вывучэння замежных моў у нашай краіне — быў створаны факультэт раманскіх моў. З гэтае нагоды ў экспазіцыйным цэнтры факультэта раманскіх моў у сакавіку была ўрачыста адкрыта экспазіцыя італьянскіх мастакоў, якія перадалі свае творы ў Мінск у гонар павагі і падтрымкі пачатку дзейнасці новага факультэта. Вялікую падтрымку новай творчай ініцыятыве аказалі рэктар МДЛУ Наталля Баранава, дэкан факультэта раманскіх моў Валянцін Паўлоўскі, загадчык кафедры іспанскай мовы Наталля Грышчанка.
У экспазіцыі дэманструюцца творы двух сучасных італьянскіх жывапісцаў з правінцыі Бары, што знаходзіцца на паўднёвым узбярэжжы Адрыятычнага мора. У невялічкім мястэчку Альбэрабэла жыве мастак Міма дэ Фелічэ, які адным з першых на пачатку 2000-х гг. пачаў ладзіць свае выстаўкі ў Мінску. Неўзабаве гэты асяродак мастацкага жыцця пад эгідай ЮНЕСКА стаў сустракаць беларускіх мастакоў, што прыязжаюць для ўдзелу ў міжнародных выстаўках і жывапісных пленэрах.
Невыпадкова, што спадар Міма прапанаваў свае новыя творы для ўрачыстай мінскай прэзентацыі. Яго адмысловы аўтарскі стыль беларускія і італьянскія мастацкія крытыкі звязваюць з сучасным рэалістычным рэгіяналізмам. Сярод яго твораў — паўднёвыя краявіды са своеасаблівымі канічнага тыпу пабудовамі з каменных блокаў (так званыя трулі), вядомыя толькі ў Альбэрабэла, вобразы простых і шчырых людзей яго малой радзімы з іх турботамі, працоўнымі заняткамі, хвілінамі святочнага адпачынку і г.д. У гэтым творчым рэчышчы мастак выглядае нястомным адкрывальнікам новых матываў, сюжэтаў, вобразаў.
Яго найбліжэйшы калега і другі ўдзельнік мінскай выстаўкі — Віта Ротала. Ён жыве і працуе ў мястэчку Манаполі. Там займае ў гарадской мэрыі пасаду кіраўніка аддзела па справах архітэктуры. Віта — жывапісец іншага творчага дыяпазону, так званага абстрактнага эклектызму, як гэта акрэсліў вядучы італьянскі мастацкі крытык Віторыа Згарбі. Ён быў арганізатарам італьянскага павільёна на Венецыянскай біенале — 2015, дзе сярод абраных ім мастакоў быў і В. Ротала.
Яго жывапісныя кампазіцыі складаюцца з разнастайных шматколерных геаметрычных элементаў, якія ў неардынарных мазаічна-мігатлівага характару спалучэннях перадаюць самыя экспрэсіўныя і жывыя ўражанні, адценні мажорных настрояў і пачуццяў. Для беларускіх гледачоў, якія ўжо добра абазнаныя ў творчай спадчыне віцебскага авангарда 1920-х гг., такі стыль сучаснага італьянскага мастака зразумелы і блізкі.
Віта Ротала ў Мінску выстаўляецца ўпершыню. У яго планах — далейшыя аўтарскія экспазіцыі ў беларускай сталіцы, а таксама ў Віцебску, іншых мастацкіх асяродках нашай краіны, дзе ёсць цікавасць да нефігуратыўных форм сучаснага жывапісу.
Творы Міма дэ Фелічэ і Віта Ратолы будуць экспанавацца ў сакавіку — пачатку красавіка, і гэтая мастацкая прэзентацыя, сапраўды, можа стаць каталізатарам новай творчай традыцыі міжнародных мастацкіх сувязей.
Тамара ФАМЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mastactva