На электронную пошту рэдакцыі прыйшоў ліст ад жыхара вёскі Дзявяткі Кобрынскага раёна Аляксандра Краўчука. Заяўнік піша, што ён інвалід другой групы, без нагі, а дарогі да яго дома няма. Даехаць, асабліва вясной і восенню, цяжка. Шматлікія звароты ў розныя інстанцыі нічога не далі.
Сітуацыю праясніў старшыня Залескага сельскага Савета Валерый ІВАНЮК. Кіраўнік сельвыканкама расказаў наступнае:
— Грамадзянін Краўчук мае дом у вёсцы Быстрыца. У названым населеным пункце ёсць і дарога, і ўсе неабходныя камунікацыі. Аляксандр Андрэевіч таксама скарыстаў сваё права спадчынніка і аднавіў дом на хутары вёскі Дзявяткі, узвёў там лазню, выкарыстоўвае дом як аграсядзібу, прымае гасцей. Да будынка вядзе палявая дарога, якую ніхто ніколі не планаваў рабіць гравійнай. А грамадзянін Краўчук піша ў розныя інстанцыі, і гэта яго права. Вось толькі на гэтым тыдні ў сельскі Савет зноў паступілі запыты па трох яго лістах, — падсумаваў старшыня сельвыканкама.
Можна зразумець жаданне аўтара допісу. Кожнаму хацелася б, каб да дома, нават калі ён у самай аддаленай вёсачцы альбо на хутары, была пракладзена дарога, лепш, вядома, асфальтаваная. Але на гэта трэба аграмадныя сродкі, якія бюджэт пакуль не ў стане выдаткаваць. Не так даўно мы пісалі [3] пра тры кіламетры дарогі, якія чакаюць 200 жыхароў вёскі Гарадзечна Пружанскага раёна, дзе ёсць ферма, дзіцячы садок, царква, іншыя грамадскія аб'екты. Але і на гэты год, і на наступны кавалак дарогі ім не абяцаюць. Што ўжо казаць пра дарогу, якую чакае адзін чалавек.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/be/news/20171114/1510672158-shto-mozha-pasluzhyc-impulsam-dlya-razviccya-vyoski-garadzechna
[4] https://zviazda.by/be/tags/daroga
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyoska
[6] https://zviazda.by/be/tags/pytanne
[7] https://zviazda.by/be/tags/zvarot-chytachou